Беларуская Служба

«У яго не было ні каханкі, ні дзяцей, таму сфабрыкавалі справу і абвінавацілі ў шпіянажы»

10.04.2025 14:45
Ксёндз Генрых Акалатовіч паведаміў з турмы, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана».
K
Kсёндз Генрых Акалатовіч katolik.life

Выданне Rzeczpospolita чарговы раз вяртаецца да справы пераследаванага ў Беларусі ксяндза Генрыха Акалатовіча, якога ў снежні рэжым у Мінску прысудзіў да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Як паведамлялі беларускія дзяржаўныя СМІ, пробашча з Валожына абвінавацілі ў «дзяржаўнай здрадзе».

Беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў святара палітвязнем.

Каталіцкі касцёл у Беларусі пакуль не каментуе справы

«Яны хочуць прымусіць нас замаўчаць», - піша святар з турмы

Надоечы святару ўдалося перадаць вернікам пасланне з-за кратаў напярэдадні свайго 65-годдзя, якое ён адзначыў 8 красавіка. З яго вынікае, што ксяндза абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана». Зняволены называе гэта «жорсткай правакацыяй» і падкрэслівае, што ніколі не быў нічыім шпіёнам і што судзілі не яго, а «ўвесь Каталіцкі касцёл у Беларусі».

Ён таксама раскрывае падрабязнасці ўзбуджанай супраць яго справы, у тым ліку сцвярджае, што спецслужбы прыцягнулі дзясяткі сведак, у тым ліку чыноўнікаў і вайскоўцаў, але ніводзін з іх не даў паказанняў супраць яго.

«Калі доказаў няма, а чалавека ўсё роўна судзяць пад надуманай падставай, то такі суд палітычны», – цытуе ксяндза Акалатовіча беларускі партал katolik.life.

Паводле ксяндза, у матэрыялах справы ёсць, напрыклад, ліст, напісаны ім на польскай мове, які быў «дрэнна перакладзены». Ён таксама паведамляе, што службы заахвочвалі яго да «правакацый супраць некаторых каталіцкіх іерархаў», але ён не хацеў у іх удзельнічаць. Святар заявіў таксама, што «пакутуе за Касцёл, веру і Бога».

У яго не было ні каханкі, ні дзяцей, таму абвінавацілі ў шпіянажы

Паводле суразмоўцы выдання Rzeczpospolita, уладам у Мінску не спадабалася, што Акалатовіч быў непахісным і гаварыў праўду.

«У яго не было ні каханкі, ні дзяцей з хатняй памочніцай, якімі маглі б яго шантажаваць, таму вырашылі сфабрыкаваць справу і абвінаваціць яго ў шпіянажы», - канстатуе суразмоўца.

Ксёндз Генрых Акалатовіч паходзіць з польскай сям’і і заўсёды падтрымліваў палякаў, якія жывуць у Беларусі. Ён быў першым каталіцкім святаром, які ў камуністычныя часы паехаў у Катынь і служыў там Імшу. За гэта ён быў затрыманы савецкай міліцыяй.

Не толькі ксяндза Акалатовіча пасадзілі ў турму

Невядомы лёс яшчэ аднаго арыштаванага лукашэнкаўскімі службамі каталіцкага святара ў Беларусі. Гаворка ідзе пра пробашча парафіі ў Шуміліне ксяндза Анджэя Юхневіча, які быў затрыманы 8 траўня 2024 года.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі справы таксама не каментуе.

аз

Ксёндз Акалатовіч перадаў вернікам важную вестку з-за кратаў

08.04.2025 15:34
Паводле асуджанага асуджаны на 11 гадоў зняволення святара, у ягонай справе «няма ні слова праўды».