Важнае паведамленне перадаў вернікам з-за кратаў ксёндз Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў зняволення па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве». Гэта адбылося напярэдадні яго 65-годдзя, якое святар адзначае 8 красавіка ў СІЗА Мінска, паведамляе katolik.life.
З таго, што святару ўдалося перадаць, у агульных рысах становіцца зразумела, у чым менавіта яго абвінавацілі. Нагадаем, суд праходзіў у закрытым рэжыме, і ніякіх звестак пра справу пробашча з Валожына няма.
Ксёндз Генрых сказаў, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана», што з'яўляецца «грубай правакацыяй». Святар падкрэсліў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а «ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі».
Паводле асуджанага святара, у ягонай справе «няма ні слова праўды, ні аднаго факту, які выкрывае яго ў шпіянажы, а ўсё абвінавачванне будуецца на хлусні, пагрозах і шантажы».
Ксёндз падкрэсліў, што з дзясяткаў сведак, сярод якіх ёсць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто не даў супраць яго «выкрывальных паказанняў».
Калі фактаў няма, а ўсё роўна судзяць пад надуманай падставай — гэта палітычны працэс, лічыць святар.
У яго паведамленні таксама ідзе гаворка аб няправільным перакладзе яго тэксту ў матэрыялах справы - верагодна, нейкага ліста на польскай мове. Таксама згадваюцца эксперты з Міністэрства абароны, з чаго можна зрабіць выснову, што святару маглі інкрымінаваць нібыта перадачу нейкіх звестак на ваенную тэматыку.
Святар па-ранейшаму не мае магчымасці адпраўляць святую Імшу і яму нават не дазваляюць трапіць у малітоўную залу СІЗА, паколькі яна «не для яго» і ўвесь час зачынена.
Нагадваем, у ксяндза Акалатовіча інваліднасць, хворае сэрца, гіпертанія, дыябет і іншыя сур'ёзныя праблемы са здароўем, але яму не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. Хутка яго, паводле прысуду, павінны накіраваць у калонію ўзмоцненага рэжыму.
аз