— Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг прыязджае ў Беларусь, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Мяркуецца, што гэта можа дапамагчы запусціць працэс мірных перамоў па спыненні вайны Расіі супраць Украіны. Чаму Лукашэнка? Што ён увогуле вырашае ў гэтай сферы?
— Пакуль што ўсё, што Келаг рабіў — заявы, паездкі, сустрэчы — не дасягнула ніякіх вынікаў. Больш за тое, уся гэтая рыторыка Келага потым адыгрывалася супрацьлегла адміністрацыяй. Я б сказаў так: Келаг сапраўды актыўна працуе, але ў яго на дадзены момант няма вынікаў. І яго праблема заключаецца ў тым, што расійскі бок яго не разумее. Яны даволі адкрыта паказваюць, што ён поўны аўтсайдар. Напрыклад, расійскія прапагандысты сістэматычна яго высмейваюць. Так што на расійскі напрамак ён можа паўплываць ніяк. А што датычыцца сустрэчы з Лукашэнкам, напэўна, такая спроба наблізіцца да Расіі. І пачуе ён ад Лукашэнкі расійскія наратывы.
Але для Лукашэнкі любая міжнародная сустрэча — гэта перамога. Як гэта адлюструецца ў прапагандзе? Ну, яны будуць тры месяцы, як мінімум, расказваць пра гэтую сустрэчу: наколькі яна важная, што гэта шанец для Лукашэнкі, спроба выйсці з міжнароднай ізаляцыі.
Мяркую, практычных вынікаў не будзе. У мяне ёсць толькі надзея, што амерыканцы атрымаюць нешта наўзамен. Ёсць традыцыя амерыканскіх візітаў — апошнім часам яны заканчваюцца вызваленнем палітвязняў. Я магу на гэта спадзявацца.
І я не бачу самастойнай згоды Лукашэнкі на сустрэчу. Хутчэй за ўсё, ён тут нават запытаўся ў расіян, ці можна яму з Келагам працаваць.
Агулам, наколькі я разумею, у Келага ёсць план, які на думку амерыканцаў лагічны: спыніць баявыя дзеянні, замарозіць вайну і пачаць перамовы па тых тэмах, па якіх можна аб нечым дамовіцца. Але ж гэты план абсалютна не задавальняе расійскі бок, Расіі такія планы не патрэбны.
Што тычыцца паставак зброі Украіне, ЗША, хутчэй за ўсё, будуць працягваць прадаваць – альбо Украіне наўпрост, альбо праз еўрапейцаў. Але развіваюцца падзеі на Блізкім Усходзе. Як будзе сябе паводзіць Расія? Яна акурат не жадае злаваць Трампа. Калі яны там (на Блізкім Усходзе. – рэд.) кінуць пальчатку Трампу, гэта можа змяніць пазіцыю Трампа і на іншых кірунках у адносінах з Расіяй.
Увогуле Трамп адкрыта паказаў, што Украіна – гэта не тое, што яго цікавіць у гэты момант, гэта для яго другаснае пытанне.
— Ёсць заява, што ЗША вырашаць, ці атакаваць ім Іран. Ці пацягне ЗША некалькі чужых войнаў, тым больш Трамп абяцаў сваім выбарцам, што ён будзе вырашаць менавіта іх праблемы.
— Так, для Трампа гэта цяжкае рашэнне. Ён ізаляцыяніст, ён хоча спыніць вайну. Ён бы хацеў займацца дамовамі, здзелкамі, сам так кажа. Таму гэтае рашэнне прымаецца досыць цяжка. Трамп вагаецца. З аднаго боку, ён бачыць, што ёсць магчымасць, ёсць шанец на сур'ёзныя знешнепалітычныя перамогі. У Трампа пераможная рыторыка. А калі б паглядзець па сутнасці, па фактах, нічога няма. А поспех патрэбны.
Ізраіль — адзін з галоўных партнёраў. Проста так кідаць Ізраіль, яму не дапамагаць – гэта і ўнутрыпалітычна, і знешнепалітычна немагчыма для Трампа. Працэсы запушчаны, спыніцца немагчыма.
— Гэта ўвогуле нармальна выкарыстоўваць такія захады супраць іншай дзяржавы, з улікам што гінуць і мірныя жыхары. Размова пра атаку Ізраіля на Іран.
— Гэта парушэнне міжнароднага права. Дарэчы, Іран таксама парушае, бо бʼе па грамадзянскай інфраструктуры Ізраіля. Ізраільскія ўдары пераважна па ваеннай інфраструктуры. Але і тут ёсць пытанні, калі мы паглядзім, напрыклад, на удар па Універсітэце Корпуса Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі. Ну так, гэта частка інфраструктуры гэтай арганізацыі, але зноў жа, гэта — універсітэт. А што мы будзем казаць пра навукоўцаў, якія загінулі? З пункту гледжання міжнароднага права, вельмі праблематычна тое, што там адбываецца.
Але Ізраіль сыходзіць з логікі таго, што Іран — гэта рэжым, які падкрэслівае ўжо на працягу 10 гадоў, што асноўнай мэтай знешняй палітыкі зʼяўляецца знішчэнне дзяржавы Ізраіль. Гэта рэжым, які падтрымлівае тых, хто вядзе вайну з Ізраілем – Хамас, Хуці. Калі паглядзець на ізраільскія войны, там хапае прэвентыўных атак. У Ізраілі няма праблем з тым, як пачынаць прэвентыўную вайну. Дарэчы, прэвентыўныя войны ў ізраільскай гісторыі самыя паспяховыя. Шасцідзённая вайна 1967 года таксама была прэвентыўнай вайной.
— Паступае інфармацыя, што ў Беларусь пачалі завозіць узбраенне з Расіі, мяркуецца, ідзе падрыхтоўка да вучэнняў «Захад 2025». Як мяркуеце, вучэнні пройдуць як вучэнні ці варта чакаць нечага большага?
— Я нават магу яшчэ павысіць градус у разважаннях. Вернемся да Келага. У амерыканскім бачанні сітуацыіі з Расіяй і Украінай беларускага фактару не было. Вось не было і ўсё! Як бы Лукашэнка пра сябе не нагадваў, яго не было ў полі зроку. І раптам Келаг вырашае паехаць да Лукашэнкі. Можа быць, Келагу трэба прадэманстраваць актыўнасць, Лукашэнку трэба прадэманстраваць актыўнасць, усе бакі будуць задаволеныя. А можа быць, у амерыканцаў ёсць нейкая інфармацыя, дадзеныя разведкі, спецыялістаў у галіне бяспекі, якія шматкроць агучвалі розныя сцэнарыі наконт краін Балтыі ў кантэксце гэтых вучэнняў.
І калі скласці ўсё гэта разам, то можна сабе ўявіць, што Келаг вырашыў заехаць у Беларусь, каб Лукашэнка атрымаў апошняе папярэджанне: не трэба гэтага рабіць, каб не перарасло ў яшчэ большую вайну. Так што цалкам магчыма, што і такі кантэкст ёсць. Але ў сённяшніх умовах усё вельмі дынамічна, мы не ведаем, у якой будзем сітуацыі праз некаторы час.
вх