Беларуская Служба

Бяляцкі: Я дзіўна сябе адчуваю ў ролі тавару, які абмянялі як мяшок з бульбай

19.12.2025 10:15
Ад сталінскіх часоў у Беларусі ніколі не было настолькі дрэнна як цяпер. Тады беларусаў расстрэльвалі, а цяпер саджаюць людзей за краты - кажа праваабаронца.
Алесь БяляцкіPAP/Valdemar Doveiko

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, вызвалены 13 снежня ў выніку перамоваў амерыканскай дэлегацыі з Лукашэнкам, расказаў ў інтэрв'ю для газеты Rzeczpospolita, што ён дзіўна сябе адчувае ў ролі тавару, які абмянялі як мяшок з бульбай.

«Загрузілі нас на машыны, адвезлі на мяжу і скінулі. Мы аказаліся на волі і даведаліся пра адмену санкцый на беларускую прамысловасць па вытворчасці калія. Мы ж не ведалі, што нас абмянялі на калійныя ўгнаенні. Асабіста я не падтрымліваю такога гандлю, аднак, я рады, што так адбылося. У мяне забралі 4,5 гадоў жыцця. Шмат змянілася, пры чым не ў лепшы бок. Улады наклалі арышт на маю нерухомасць, у тым ліку на кватэры. Частку ужо прадалі. Разбурылі маё жыццё. Мае родныя мусілі з'ехаць за мяжу, каб не аказацца за кратамі. Рэжыму падабаецца браць закладнікі, так як зрабілі з сынамі Віктара Бабарыкі ці Анатоля Лябедзькі», - распавёў Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца лічыць, што скарачэнне на пяць гадоў, засуджанага яму лукашэнкаўскім судом тэрміну, было магчымае, дзякуючы моцным эканамічным санкцыям, бо толькі яны спрацоўваюць у дачыненні да беларускага рэжыму.

Бяляцкі падкрэсліў, што начальнікаў беларускіх турмаў не цікавіць, што яны ўнесеныя ў заходнія чорныя спісы.

«Гэтыя людзі не падарожнічаюць па краінах ЕС, а санкцыі моцна б'юць па рэжыму і ён імкнецца да адмены ўсіх эканамічных абмежаванняў і выхаду з палітычнай ізаляцыі. Таму вырашылі гандляваць палітвязнямі. Важна вызваляць чарговых палітвязняў, але таксама патрабаваць спыніць рэпрэсіі. Беларусы маюць права нармальна працаваць у сваёй краіне, не баяцца выказваць свае думкі і мець доступ да незлаежнай інфармацыі», - адзначыў у інтэрв'ю для газеты Rzeczpospolita Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца выказаў меркаванне, што, нягледзячы на цяперашнія шматбаковае падпарадкаванне Расіі, Беларусь чакае еўрапейская будучыня.

яс