Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка нядаўна зрабіў некалькі крокаў, якія могуць сведчыць пра жаданне падладзіць свае інтарэсы і пад Расію і пад Захад, канстатуе старонка interia.pl.
Рэжым у Мінску наладзіў кантакт з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, у выніку чаго амерыканцы знялі частку санкцый, раней уведзеных супраць Беларусі. Дыктатар таксама вырашыў далучыцца да Рады міру Дональда Трампа.
Варта тады задацца пытаннем, ці спрабуе Лукашэнка нешта выйграць на вайне ва Украіне і ці хоча зноў «балансаваць» паміж Масквой і Захадам, задумоўваецца выданне.
Лукашэнка падтрымлівае ілюзію незалежнасці
«Рашэнне не ўдзельнічаць непасрэдна ва ўварванні ва Украіну ў лютым 2022 года было вынікам як агульнага стану арміі, так і аналізу настрояў сярод беларускіх салдат», – кажа ў размове з выданнем гісторык і былы віцэ-консул Польшчы ў Мінску (2013-2018) доктар Адам Качыньскі.
Паводле яго, Лукашэнка проста «падтрымлівае ілюзію незалежнасці», але на самой справе ён ужо палітычна, ваенна і эканамічна залежыць ад Расіі. Дадаткова, Беларусь лаяльна падтрымлівае сілы Крамля рознымі спосабамі.
«Беларуская прамысловасць працуе на поўную моц, каб падтрымаць расійскую ваенную машыну – я маю на ўвазе як вытворчасць зброі, так і пастаўкі паліва. У цяперашні час найбольш актуальнай праблемай для Украіны з'яўляецца прадастаўленне Беларуссю рэтранслатараў (...), якія выкарыстоўваюцца для непасрэднага кіравання расійскімі баявымі беспілотнікамі», – кажа доктар Качыньскі.
Паводле былога дыпламата, «пацяпленне адносін» з адміністрацыяй Трампа не мае большага значэння, бо Мінск не можа самастойна «гуляць» з Вашынгтонам. «Хоць падобныя дзеянні мелі б шанец хаця б на частковы поспех да 2020 года, у цяперашніх абставінах падпарадкаванне волі Масквы – адзінае рашэнне», – паясняе гісторык.
Ці атрымае Лукашэнка выгаду ад украінскага канфлікту?
«Улічваючы поўную інфільтрацыю ў структуры ўлады Беларусі людзьмі, лаяльнымі да Масквы, любыя спробы (акрамя тэатральных жэстаў) падкрэсліць яго «незалежнасць» асуджаныя на правал. У цяперашняй сітуацыі Лукашэнка больш нічога не можа атрымаць. Ён можа толькі прайграць», – дадаў эксперт.
Якая будучыня чакае рэжым у Мінску?
«Лукашэнка гуляе ў гульню з Расіяй, і з часам ён становіцца ўсё больш залежным ад свайго ўсходняга «партнёра» – як эканамічна, так структурна, і асабіста. Галоўная праблема Лукашэнкі – гэта зліццё фармальна асобных сілавых структур Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі – як арміі, так і спецслужбаў – з адпаведнымі расійскімі структурамі (…) На жаль, гэта ўяўляе для нас вельмі сурʼёзную пагрозу, бо жаданне ўтрымацца пры ўладзе любой цаной можа падштурхнуць беларускага кіраўніка да адчайных і катастрафічных дзеянняў», – дадаў былы дыпламат.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што рэжым у Мінску мае свае сакрэты і ў апошнія гады моцна сканцэнтраваўся на добрых адносінах з іншай магутнай дзяржавай – Кітаем. «Мы не ведаем усіх патэнцыйных «тузоў у рукаве» Лукашэнкі, але агульная сітуацыя выразна сведчыць аб тым, што Беларусь у цяперашні час знаходзіцца пад поўным кантролем Масквы. Адзінай надзеяй рэжыму застаецца пошук абароны ў Кітая, з якім ён падтрымлівае вельмі цесныя адносіны на працягу многіх гадоў», – лічыць доктар Адам Качыньскі.
аз