Беларуская Служба

Аглядальнік: Трамп перакульвае геапалітычны стол і глядзіць, што з гэтага атрымаецца

06.03.2026 09:22
Як палітыка  Дональда Трампа змяняе бяспеку Еўропы і баланс сіл у свеце?
Аўдыё
  • Аглядальнік: Трамп перакульвае геапалітычны стол і глядзіць, што з гэтага атрымаецца
Дональд Трамп PAP/EPA/YURI GRIPAS / POOL

Развіццё канфлікту на Блізкім Усходзе, актыўная роля ЗША і жорсткая рыторыка Вашынгтона не толькі ў дачыненні да шэрагу аўтарытарных рэжымаў, але і да хаўруснікаў выклікаюць пытанні пра будучыню міжнароднага парадку і бяспеку Еўропы. Ці сапраўды свет уступіў у перыяд небывалай геапалітычнай нестабільнасці? Як палітыка Дональда Трампа ўплывае на адносіны паміж Захадам, Расіяй і Кітаем? І што гэта азначае для трансатлантычнага партнёрства, у тым ліку для Польшчы і Украіны? Пра гэта — у размове з галоўным рэдактарам інтэрнэт-выдання Centrum Europy Міхалам Кацэвічам.

Ці вайна на Блізкім Усходзе, услед за вайной ва Украіне — гэта адназначны канец міжнароднага парадку, які трываў дзесяцігоддзямі?

— Насамрэч я думаю, што гэты міжнародны парадак, пабудаваны пасля Другой сусветнай вайны, замацаваны ў часы Халоднай вайны і яшчэ некаторы час пасля яе заканчэння падтрыманы інерцыяй, ужо даўно пачаў разбурацца. Вядома, Дональд Трамп паскарае гэты працэс — паскарае дэмантаж і эвалюцыю міжнароднага парадку ў іншым кірунку, — але фактычна гэтая эрозія пачалася значна раней.

Яна пачалася таму, што на глабальнай сцэне з’явіліся новыя гульцы. Гэта яшчэ не звышдзяржавы, але вельмі моцныя рэгіянальныя дзяржавы або краіны, якія імкнуцца стаць звышдзяржавамі. Да такіх, безумоўна, належыць Кітай. Ёсць і моцныя рэгіянальныя цэнтры сілы: Еўропа, у пэўнай ступені Расія, краіны арабскага свету — напрыклад дзяржавы Персідскага заліва, Індыя, у нейкім сэнсе Інданезія. Ёсць і менш буйныя гульцы, напрыклад Бразілія, якія таксама адыгрываюць значную ролю ў сваіх рэгіёнах. Усё гэта і прыводзіць да паступовай эрозіі даўняга міжнароднага парадку.

Пры гэтым звышдзяржава — Злучаныя Штаты — ужо некаторы час паступова адыходзіць ад сваёй ранейшай ролі. Менавіта Джо Байдэн фактычна вывеў амерыканскія войскі з Афганістана. Цяпер Трамп шмат гаворыць пра ізаляцыянізм, але на практыцы мы бачым, што ён, наадварот, усё больш уцягваецца ў распальванне новых канфліктаў, перш за ўсё вакол Ірана.

Гэта сапраўды пераварочвае міжнародны парадак, заснаваны на міжнародным праве. Фактычна гучыць пасыл: калі я магу — значыць, права не павінна мяне абмяжоўваць. І Трамп дзейнічае менавіта ў гэтай логіцы. Вядома, у яго таксама ёсць абмежаванні. Найбольшае з іх — гэта  выбары ў Кангрэс увосень, так званыя midterm elections. Яны значна звязваюць яму рукі, бо ўнутраная палітыка можа стаць для яго сур’ёзным фактарам ціску.

Яго абмежаваннем могуць стаць і сілы ўнутры ЗША, якія ўбачаць пагрозу ў такой палітыцы і пачнуць на яго ціснуць, патрабуючы прытармазіць. Гэта будзе відаць ужо падчас падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі ў Кангрэс, калі, напрыклад, спонсары Рэспубліканскай партыі пачнуць падтрымліваць кандыдатаў, якія не абавязкова адназначна падтрымліваюць Трампа. Калі гэта сапраўды пачне адбывацца, а пасля рэспубліканцы прайграюць выбары, гэта стане відавочным абмежаваннем для Трампа, бо, па сутнасці, нічога іншага яго цяпер асабліва не стрымлівае.

Пэўным абмежаваннем можа быць і Вярхоўны суд, які выносіць рашэнні, напрыклад, па пытаннях тарыфаў. Але ў міжнароднай палітыцы Трампа могуць стрымаць толькі тыя, хто здольны адкрыта яму супрацьстаяць.

Трамп таксама відавочна гуляе на тым, каб умацаваць пазіцыю ЗША ў адносінах да Кітая. Кітай пакуль паводзіць сябе даволі стрымана — афіцыйных рэакцый амаль не чуваць, але, безумоўна, яны ёсць. Кітай спрабуе выступаць пасярэднікам у іранскім канфлікце і імкнецца яго спыніць. Падобную ролю патэнцыйна можа адыграць і Расія — як нейкі арбітр, які паспрабуе выратаваць рэжым у Тэгеране. Аднак цяжка сказаць, як усё гэта будзе развівацца, бо відаць, што амерыканскі лідар робіць стаўку на зусім іншы тып дзеянняў.

Па-першае, ён вельмі шмат гаворыць. Па-другое, ён дзейнічае хутка і рашуча. Часам здаецца, што гэтыя дзеянні не да канца прадуманыя. Калі казаць вобразна, ён проста пераварочвае стол і глядзіць, што адбудзецца пасля. Усё падае, і толькі потым стане зразумела, у якую канфігурацыю гэта ўсё складзецца.

Ці такая агрэсіўная палітыка ў дачыненні да Каракаса, Тэгерана і ў пэўнай ступені Гаваны сведчыць пра магчымыя змены ў падыходзе Вашынгтона і да Масквы, бо гэта ўсё саюзнікі?

— Я не думаю, што Трамп будзе рабіць стаўку на нейкія кардынальныя змены ў Расіі — напрыклад, на звяржэнне расійскай улады або на аперацыю, падобную да той, што адбываецца ў Іране. Гэта наўрад ці. Пакуль што мы бачым, што ён, хутчэй, імкнецца дамовіцца з Пуціным.

Зразумела, ён не хоча панесці іміджавую паразу ў перамовах па Украіне — каб не выглядала, што ён проста ўсё аддаў Расіі бясплатна. Але, у цэлым, ён хацеў бы нейкай здзелкі з Расіяй.

Пуцін і яго асяроддзе, здаецца, даволі эфектыўна ўплываюць на ўяўленне Трампа і яго каманды, прапаноўваючы перспектыву розных бізнес-здзелак з Расіяй. Я думаю, што ў атачэнні Трампа ёсць людзі, якія ўмеюць лічыць і разумеюць, што для Злучаных Штатаў у цэлым гэта не будзе нейкая вялікая здзелка. Але гэта можа быць вельмі выгадная гісторыя для іх уласнага кола — для некалькіх амерыканскіх мільярдэраў, якія могуць хутка зайсці на расійскі рынак, зарабіць вялікія грошы і так жа хутка выйсці.

Пры гэтым яны, вядома, не давяраюць расіянам. Я думаю, што яны добра ведаюць гісторыі, калі Расія неаднаразова падманвала заходніх інвестараў і нічога з гэтага не атрымлівалася. Але яны разлічваюць выкарыстаць кароткае акно магчымасцяў: зайсці, хутка зарабіць, вывесці грошы і праз некалькі гадоў выйсці з прыбыткам.

Мне здаецца, што гэта менавіта такая логіка. І яна цалкам іншая, чым у выпадку Ірана. Гэта азначае, што Трамп, хутчэй за ўсё, не будзе рабіць стаўку на моцны ціск на Пуціна, а будзе спрабаваць дамовіцца.

Цягам першых двух месяцаў 2026 года Дональд Трамп зняў двух лідараў дзяржаў: Мадура быў выкрадзены, Хаменеі — ліквідаваны. Атачэнне Трампа адкрыта пагражае Кубе. Як вам здаецца, псіхалагічны стан дыктатараў у розных кутках свету апошнім часам моцна пагоршыўся?

— На пэўным узроўні гэта, безумоўна, шок для расійскай эліты, а таксама для беларускай і для некаторых іншых у свеце. Таму што раней, нават калі браць прыклад з Мадурам, ніхто не спрабаваў проста выкрадаць кіраўніка дзяржавы або, як у выпадку з аятолам Хаменеі, не паставіць яго перад судом, а проста забіць.

Тут варта звярнуць увагу і на іншы аспект: не ўзнікла нават магчымасці, каб ён, як Асад, проста з’ехаў у Маскву і жыў сабе дзесьці на Рублёўцы. Яго проста ліквідавалі. І гэта, безумоўна, шакуе.

Але з іншага боку, сама атака і гібель Аяталы Хаменеі — гэта хутчэй аператыўна-тактычны ход. Ізраільцяне, бо, хутчэй за ўсё, гэта іх справа, імкнуцца, кажучы груба, абезгаловіць усё кіраўніцтва Ірана. Яны разлічваюць, што наступнікі — людзі сярэдняга або сярэдне-высокага ўзроўню, якія прыйдуць на гэтыя пасады, — будуць іншымі: больш гатовымі да кампрамісаў, да перамоў, або проста слабейшымі.

Таму тут, хутчэй, менавіта такі разлік. Але ён не звязаны з нейкай высокай ідэяй пра тое, што трэба зрабіць свет лепшым, пазбавіць яго ад дыктатараў і г.д. Не. Гэта проста тактычны крок у вайне, разлічаны на аслабленне праціўніка.

І ў гэтым сэнсе атакі на іншых іранскіх лідараў або прадстаўнікоў кіраўніцтва Ірана, хутчэй за ўсё, будуць працягвацца. Гэта метад, які Ізраіль ужо даўно выкарыстоўвае супраць тэрарыстычных арганізацый — такіх як ХАМАС або «Хезбала». І не толькі Ізраіль: амерыканцы таксама даўно выкарыстоўваюць падобную практыку на Блізкім Усходзе.

Таму гэта, хутчэй, чыста тактычны падыход, а не стратэгія, заснаваная на дэмакратычных каштоўнасцях.

Ці вайна ЗША на Блізкім Усходзе паглыбляе крызіс у трансатлантычных адносінах, ці, на вашу думку, наадварот, пагроза — гуртуе саюзнікаў?

— Для Еўропы відавочна, што абодва працэсы — і вайна ва Украіне, і канфлікт вакол Ірана — азначаюць аслабленне той ролі і той абароны, якую Злучаныя Штаты давалі Еўропе ў межах трансатлантычных адносін.

Вайна ва Украіне — таму што Трамп уключыўся ў гэты працэс так, як уключыўся: ён абмежаваў падтрымку Украіны і спрабуе выступаць у ролі пасярэдніка. Пры гэтым у ягонай логіцы Расія і Украіна выглядаюць як бы раўназначнымі ўдзельнікамі вайны. Ён увесь час гаворыць пра «хлопцаў, якія там дзесьці б’юцца», нібыта ў кожнага з бакоў ёсць свае аргументы. Трамп не бачыць, што Расія — агрэсар. З пункту гледжання міжнароднага права — пра існаванне якога Трамп, здаецца, увогуле не вельмі ведае — Расія і Украіна для яго проста два бакі канфлікту, якіх трэба развесці.

Для Еўропы гэта азначае аслабленне амерыканскай ролі на кантыненце і неабходнасць больш самастойна клапаціцца пра ўласную бяспеку.

Вайна ў Іране вядзе да таго ж самага. Нават у прамым, практычным сэнсе: ЗША не змаглі б весці такую аперацыю без еўрапейскіх баз — у Італіі, у Германіі, без падтрымкі баз у Грэцыі, без грэцкіх, італьянскіх і кіпрскіх партоў, без падтрымкі Вялікабрытаніі з яе базы на Кіпры.

Але мы не ведаем, хто будзе наступным прэзідэнтам ЗША. Незалежна ад гэтага відаць, што працэс ужо ідзе, і Еўропа павінна эмансіпіравацца. Яна больш не можа разлічваць выключна на амерыканскі ядзерны парасон.

Адсюль і ўзмацненне ролі Францыі, якая спрабуе — разам з Вялікабрытаніяй і іншымі еўрапейскімі краінамі — стварыць уласную сістэму ядзернага стрымлівання для Еўропы. Зразумела, гэта таксама ўмацуе пазіцыі Францыі як еўрапейскай дзяржавы-лідара.

Пакуль што мы не ведаем падрабязнасцяў гэтага французскага ядзернага праекта. Вядома толькі, што Францыя плануе павялічыць колькасць сваіх ядзерных боегаловак, але на колькі менавіта — не паведамляецца. Не зусім зразумела і тое, як будзе выглядаць сама праграма падтрымкі Еўропы.

Мяркую, што яна стане хутчэй дапаўненнем, а не канкурэнцыяй для існуючай сістэмы НАТА Nuclear Sharing — праграмы, у межах якой у некаторых краінах, такіх як Нідэрланды, Германія, Турцыя ці Італія, размешчаныя амерыканскія тактычныя ядзерныя бомбы.

Французская сістэма можа быць больш развітай, бо Францыя валодае больш сучаснымі сродкамі дастаўкі, не толькі тактычнымі. Магчыма, яна будзе больш тэхналагічна сучаснай. Але, хутчэй за ўсё, яна будзе менавіта дапаўненнем да ўжо існуючай сістэмы.

Разам з тым пакуль незразумела, якая будучыня чакае амерыканскія тактычныя ядзерныя бомбы, якія цяпер знаходзяцца ў Еўропе. На дадзены момант здаецца, што іх прысутнасці нічога не пагражае, але як сітуацыя будзе развівацца далей — пабачым.

Слухайце аўдыё!

эж

 

 

 

Чаго спадзяюцца іранцы, якія з радасцю ўспрынялі атакі на Тэгеран

05.03.2026 11:10
Іранка, якая жыве ў Польшчы ўжо 10 гадоў, распавядае пра надзеі іранцаў.