Беларуская Служба

Расіяне, якія ваююць супраць Украіны, становяцца невычэрпным рэзервам для паралімпійскіх каманд Расіі

09.03.2026 17:00
У спорт зацягваюць тых, хто атрымаў інваліднасць на перадавой. На гэта прызначаюць мільярды рублей.
Аўдыё
  • Расіяне, якія ваююць супраць Украіны, становяцца невычэрпным рэзервуарам для паралімпійскіх каманд Расіі
Расійскія параспарстмены падчас адкрыцця Паралімпіяды ў ІталііPAP/EPA/Jed Jacobsohn for OIS/IOC HANDOUT

У складзе нацыянальных каманд па розных дысцыплінах параспартыўнага спорту ўжо не менш за 70 удзельнікаў вайны ва Украіне, а ў рэгіянальных камандах — не менш за 700 чалавек. Паводле звестак партала «Вот Так», на інтэграцыю былых салдат у паралімпійскі рух краіны трацяцца мільярды рублёў.

Следства, праведзенае журналісткай партала, паказвае велізарны маштаб з'явы. Тэма асабліва актуальная цяпер, калі ідуць Паралімпійскія гульні, на якія сёлета пад нацыянальнымі сцягамі і выкананнем гімну ў выпадку перамогі дапушчаныя расійскія спартсмены.

Колькасць ветэранаў «спецыяльных ваенных аперацый», якія перакваліфікаваліся ў параспартсменаў, расце з кожным годам. У 2024 годзе ў рэгіянальных камандах па розных дысцыплінах было 300 параспартсменаў, у 2025 годзе – 500, а на пачатак гэтага года гэтая лічба вырасла да 700. Гэтыя лічбы прыводзіць 69-гадовы Павал Ражкоў – прэзідэнт Расійскага паралімпійскага камітэту з 2022 года, чэмпіён па грэка-рымскай барацьбе і вядомы расійскі трэнер.

Аўтарка расследавання Ірына Новік звяртае ўвагу, што сярод расійскіх паралімпійцаў няма ўдзельнікаў вайны ва Украіне:

— Вядомы імёны тых, хто выступае на Паралімпіядзе. Шэсць расіян, якіх адобрыў Міжнародны паралімпійскі камітэт. Сярод іх няма СВАшнікаў, мы правяралі іх біяграфіb. Гэта ўсё прафесійныя параспартсмены. Але гэта не значыць, што на будучых Параалімпіядах, напрыклад, на бліжэйшая летняй у Лос-Анджэлесе ў 2028 годзе, мы не ўбачым ужо кагосьці з удзельнікаў вайны ва Украіне.

Павал Ражкоў неаднаразова называў працу з удзельнікамі вайны «адной з найважнейшых і прыярытэтных задач» камітэта і запэўніваў, што лепшыя з іх выступяць на найбуйнейшых усерасійскіх і міжнародных спаборніцтвах у складзе рэгіянальных і нацыянальных каманд. Ірына Новік расказвае, што спратсменаў вярбуюць непасрэдна ў шпіталях ці рэабілітацыйных цэнтрах.

— Гэта адбываецца наўпрост, калі прадстаўнікі Паралімпійскага камітэта, асабіста яго дырэктар Ражкоў, трэнеры, іншыя ўжо заслужаныя, можна сказаць, грамадзянскія вайскоўцы прыязджаюць у медыцынскія ўстановы, праводзяць там розныя матывацыйныя мерапрыемствы, майстар-класы, трэніроўкі, нейкія невялікія спаборніцтвы. Там адбіраюць байцоў, але трэба разумець, што адбіраюць гэта не значыць, што яны глядзяць на нейкія іх выбітныя фізічныя якасці ці спартовыя дасягненні, а адбор ідзе з тых, хто сам жадае ўступіць у зборную.

Аўтарка паразмаўляла з двума ўдзельнікамі вайны ва Украіне, якія сталі параспартсменамі. Адзін з іх — Руслан Усцюжын.

— Ён быў адным з вядомых дэсантнікаў, якія атакавалі аэрапорт у Гастомелі ва Украіне ў пачатку вайны. Потым ён дыслакаваўся ў Ізюм, трагічна вядомае месца таксама ва Украіне, дзе было мноства забітых расійскімі вайскоўцамі цывільных украінцаў. Потым ён атрымаў раненне, застаўся без нагі, як ён мне сказаў, нагу адарвала імгненна падчас атакі СВУ. Ён вярнуўся дадому, яму патэлефанавалі з фонду «Абаронцы Айчыны» і прапанавалі прыехаць у санаторый, дзе праходзіць мэтанакіраваная падрыхтоўка ўдзельнікаў вайны ў параспартсменаў. І там ён абраў валейбол седзячы. Цяпер ён грае, выступае за маскоўскую зборную, марыць трапіць якраз на летнюю Паралімпіяду ў Лос-Анджэлесе. На маё пытанне, ці забіваў ён на вайне — адказаў, што ён выконваў загад і ўвогуле «забіваць» — гэта нейкае крымінальнае слова.

Пакуль што Руслан трэніруецца да поўдня, а потым ідзе на працу ў штаб вайсковага прызыву. Нагрузка, прызнаецца параспартсмен, невялікая: толькі каб падтрымліваць форму і ўдзельнічаць у мясцовых спаборніцтвах. Пакуль вайскоўцам не дазваляюць удзельнічаць у прэстыжных турнірах, ім няма да чаго імкнуцца, скардзіцца Усцюжын журналістцы.

Адначасова ананімны спартсмен-паралімпіец у размове з Ірынай Новік даў зразумець, што да былых удзельнікаў вайны ва Украіне адмысловае стаўленне:

— У мяне ў тэксце ёсць меркаванне ананімнага параспартсмена-сноўбардыста, мяне цікавіла, як наогул параспартсмены, якія не былі ваеннымі, ставяцца да таго, што СВАшнікі ў прынцыпе ўдзельнічаюць у параспаборніцтвах, што дзяржава ў іх актыўна ўкладвае сродкі. І ён адказаў, што было б выдатна, калі б увогуле дзяржава ўкладвалася ў цэлым у параспорт і не вылучала СВАшнікаў у асобную касту.

Уключэннем ветэранаў вайны ў адаптыўныя віды спорту займаецца не толькі непасрэдна Паралімпійскі камітэт Расіі. Дадатковае фінансаванне для гэтых мэтаў таксама паступае з дзяржаўных і сацыяльных фондаў, рэгіянальных бюджэтаў і нават абавязковых узносаў ад букмекерскіх кантор. На інтэграцыю былых вайскоўцаў у паралімпійскі рух у краіне трацяцца мільярды рублёў, высветліла «Вот Так».

Пакуль некаторыя расіяне, пакалечаныя на фронце, скардзяцца на нізкія пенсіі, няякасныя пратэзы і цяжкасці з атрыманнем статусу інваліда, іншыя становяцца параатлетычнай элітай краіны. Пакуль працягваецца вайна, у Паралімпійскага камітэта Расіі не будзе недахопу ў патэнцыйных спартсменах. Паводле прагнозаў урада, штогод у Расіі будзе зʼяўляцца прыкладна 60000–70 000 новых людзей з ампутаванымі канечнасцямі.

Аўтарка расследавання бачыць дзве галоўныя прычыны такіх высілкаў Масквы:

— Я думаю, што дзве асноўныя прычыны, чаму Крэмль так моцна траціцца і фінансава, і інфармацыйна, і ўсяляк на СВАшнікаў-паралімпійцаў. Першы чыннік — гэта, вядома, прапаганда, каб паказаць расіянам: вось паглядзіце, у нас вяртаюцца героі, мы іх не кідаем, вось гэтае класічнае — сваіх не кідаем.

Другі чыннік, я думаю, што гэта яшчэ такі спосаб знізіць сацыяльную трывогу, таму што ёсць вялізная колькасць навін, якія немагчыма не заўважаць. Навін аб тым, як СВАшнікі вяртаюцца і забіваюць сваіх уласных жонак, дзяцей, маці, гвалцяць знаёмых, незнаёмых і здзяйсняюць усялякія іншыя жахі і крымінальныя злачынствы. Расійскія ўлады паказваюць іншую карцінку, што ў цэлым як быццам і нядрэнна, лепш, вядома, рэабілітаваць вайскоўцаў, чым потым яны пойдуць на вуліцу забіваць. Але рэабілітацыя не роўна гераізацыі, а ўцягванне іх у параспорт і абяцанне ім нейкіх міжнародных карʼер — гэта, канешне, гераізацыя, таму што параспорт першапачаткова гэта пра інклюзію і пра абʼяднанне. А зараз расійскія ўлады ператвараюць яго ў сферу вось такой маніпуляцыі, мілітарызацыі і спортвошынгу.

У 2026 годзе ўдзельнікі ўварвання ва Украіну не змаглі кваліфікавацца на Паралімпійскія гульні. Аднак штогод Паралімпійскі камітэт Расіі пашырае праграмы, уключыўшы ў іх ветэранаў у параспорце, і павялічвае фінансаванне іх падрыхтоўкі. Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, былыя ўдзельнікі ўварвання ва Украіну могуць стаць асноўнай групай кандыдатаў, якія прадстаўляюць Расію на наступных Паралімпійскіх гульнях, канстатуе аўтарка.

ав

слухайце аўдыё