16 сакавіка 2026 года стала вядома, што Расія нанесла ўдар па Днястроўскай гідраэлектрастанцыі каля горада Наваднястроўск ва Украіне. У выніку атакі адбыўся выцек нафты ў раку Днестр, што стварыла сур’ёзную экалагічную пагрозу для суседняй Малдовы і яе сістэмы водазабеспячэння, чытаем на польскім партале biznesalert.pl.
Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што краіна абвясціла 15-дзённы стан экалагічнай трывогі. Паводле яе, улады прымаюць неадкладныя меры для абароны насельніцтва, а адказнасць за інцыдэнт цалкам ляжыць на Расіі. Аналіз вады паказаў, што ўзровень нафтапрадуктаў і араматычных вуглевадародаў у Днястры значна перавышае дапушчальныя нормы бяспекі.
Каб прадухіліць распаўсюджанне забруджвання, малдаўскія ўлады плануюць усталяваць дадатковыя ахоўныя бар’еры ў вадасховішчы Дубасары. Таксама праводзіцца праверка і інвентарызацыя студняў, якія могуць стаць альтэрнатыўнымі крыніцамі пітной вады для жыхароў.
Эксперты папярэджваюць, што на забруджаных тэрыторыях магчымы абмежаванні ў доступе да вады. Сітуацыя застаецца напружанай, бо Днестр з’яўляецца важнай крыніцай вады для многіх рэгіёнаў Малдовы. Улады краіны працягваюць маніторынг стану ракі і рыхтуюцца да далейшых мер у выпадку пагаршэння экалагічнай сітуацыі.
эж