Пракрамлёўскія блогеры загаварылі пра патрэбу перамірʼя. З іншага боку працягваюць гучаць пагрозы выкарыстання ядзернай зброі. У Расіі паглыбляецца грамадскі раскол у выніку вайны, кажа эксперт.
«Прайграць Украіне не ганебна», з такой заявай выступіў праваслаўны алігарх Малафееў. Разам з тым ВВС высветліла, што крайнеправая радыкальная арганізацыя «Руская абшчына», якая адказвае за напады на мігрантаў у Расіі фінансуецца блізкімі да Крамля палітолагамі і бізнесменамі. На думку нашага аглядальніка палітолага Паўла Усава, у Расіі настала няўпэўненасць і паглыбляецца раскол паміж Z-патрыётамі па лініі радыкалізму ў дачыненні да працягу агрэсіі супраць Украіны.
— У Расіі даўно спее радыкалізм, які стаў апорай крамлёўскай ідэалогіі насаджвання «рускага міру». Цяпер мы назіраем несупадзенне наратываў. Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што Крэмль пачаў ствараць інфармацыйную глебу для перамоўнага працэсу. Z-блогеры загаварылі пра неабходнасць падрыхтаваць структуру для мірных перамоваў, бо Расія не перамагае ў вайне. Апошнія ўдары па Маскве — гэта сведчанне правалу абароны. Асноўная задача цяпер — захаваць тое, што Расія ўжо захапіла. Аднак, Пуцін не бачыць механізмаў выхаду з вайны, каб не выглядаць слабым. З гэтай прычыны загучалі заклікі да больш радыкальных крокаў — ядзерных удараў па Украіне. Гэта робіцца, каб не паказаць слабасць, якая можа прывесці да некантраляванай рэвалюцыі ў Расіі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле