Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Анатоль Лябедзька: Мы будзем святкаваць, але мы не ўбачым роспач тых, хто чакаў, а родныя не выйшлі

16.09.2026 13:55
Па выніках перамоваў Джон Коўл паведаміў, што гэта не канец, што бакі працягнуць працу па вырашэнні пытанняў, якія застаюцца. 
Аўдыё
  • Анатоль Лябедзька: Мы будзем святкаваць, але мы не ўбачым роспач тых, хто чакаў, а родныя не выйшлі
 16  2026
Вызваленыя 16 верасня 2026 года палітвязніфота: сацсеткаі Дж.Коўла

Вызваленыя і вывезеныя ў Літву 25 чалавек — гэта і многа, і мала. Многа, бо жыццё кожнага не мае цаны. Мала, бо з перамовамі апошніх дзён звязваліся вялікія чаканні. Некаторыя беларускія палітычныя дзеячы пісалі ў сваіх сацсетках нават пра некалькі сотняў чалавек.

Джон Коўл паведаміў, што гэта не канец, што бакі працягнуць працу па вырашэнні пытанняў, якія застаюцца. Калі яны будуць вырашаныя і абодвума бакамі ўзгодненыя, будуць дадатковыя вызваленні асоб і зняцце санкцый з беларускіх кампаній.

І колькасць вызваленых у параўнанні з чаканнямі, і адмена санкцый не самых істотных для беларускай эканомікі сведчаць аб тым, што перамовы цяжкія.

Дырэктар Цэнтра «Еўрапейскі Дыялог», дарадчык Святланы Ціханоўскай, палітык Анатоль Лябедзька лічыць, што гэта перамовы «як мінімум на траіх». Ёсць амерыканскі і беларускі бакі, а таксама фактар часу.

— Час падціскае і Вашынгтон, і беларускі рэжым. Восенню ў Амерыцы выбары, і яны непрадказальныя. Яны могуць пагоршыць сітуацыю Трампа, таму яму і яго адміністрацыі патрэбныя перамогі. Беларускі рэжым павінен разумець, што магчымая страта Трампам нават частковага ўплыву на Кангрэс, пагаршае перспектыву рэжыму.

Перамовы ідуць цяжка. Выглядае на тое, што беларускі рэжым падняў планку як мага высока.

— Гэта пытанне эканамічных прэферэнцый, пытанні фінансавай складаючай, пытанні па калію. Атрымаць запрашэнне ў Белы дом. Як мінімум рабіць уражанне, што адбылася легітымізацыя. У іх вялікі пералік. Думаю, яны не хочуць браць на сябе жорсткія абавязкі. Выпускаць людзей яны гатовыя, але ці гатовыя яны спыніць рэпрэсіі? А без гэтага мы будзем як вавёрка бегаць па коле. Думаю, гэтае пытанне ў перамовах прысутнічае.

Як і ў большасці папярэдніх выпадкаў палітзняволеныя дэпартаваныя ў Літву. Вільня чарговы раз адыгрывае значную ролю ў працэсе, і гэта не толькі роля краіны, якая прымае выкінутых вязняў, кажа Анатоль Лябедзька.

— Прысутнасць Турчына сведчыць аб тым, што Лукашэнка моцна напіраў на эканамічны складнік. І калі казаць пра калій, то сітуацыя вельмі неадназначная. Магчыма, мы пачуем з вуснаў прапагандыстаў, што пытанне вырашанае і калій пайшоў не праз Літву, а праз Расію. Аднак, усё будзе вызначацца памерамі гэтага экспарту калію. Калі ён толькі для галачкі, што амерыканцы зрабілі крок насустрач, але потым працэс можа быць зведзены да нуля. Тое, што Коўл туды прыязджае, робіць Літву важнай на далейшую перспектыву. Гэта робіць яе адметнай у працэсе вызвалення палітвязняў.

Анатоль Лябедзька падкрэслівае: для беларускіх уладаў палітвязні — гэта жывы тавар, якім яны гандлююць.

— Пакуль застаюцца рэпрэсіі, мы не бачым межаў гарызонту, на жаль. Лукашэнка зразумеў, што палітвязні — гэта тое, што можа змяншаць яго праблемы ў эканоміцы і легітымізацыі. І ён гэта выкарыстоўвае напоўніцу.

Прычым дадае Анатоль Лябедзька, сёння святкуюць не ўсе.

— Мы не можам не радавацца гэтаму працэсу. Мы будзем святкаваць, але мы не ўбачым роспач тых, хто чакаў, а родныя не выйшлі. Не пабачым слёзы і роспач тых, у каго заўтра пасадзяць блізкіх. Нам не хапае добрых навін, мы шчыра радыя, але мы не павінны забываць, што калі рэпрэсіі не спыненыя, то заўсёды ёсць чорная і белая паласа. Пра гэта як мінімум трэба памятаць і дамагацца, каб рэпрэсіі былі спынены.

Анатоль Лябедзька звярнуўся да тых, чые блізкія сёння не выйшлі, каб яны не ўпадалі ў роспач і працягвалі змагацца за людзей. Ён таксама прасіў аб салідарнасці ў прыняцці вызваленых вязняў.

ав

слухайце аўдыё