Беларуская Служба

Польшча гатова перацягнуць Беларусь на Захад

07.01.2020 15:55
Аднак беларускім уладам камфортней быць у блізкіх стасунках з Расіяй.
Аўдыё
  • У Варшаве з непакоем глядзяць на працэс паглыблення інтэграцыі Беларусі ды Расеі
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/SvetaZ

Беларуска-расійская «нафтавая вайна», так СМІ ў Беларусі назвалі прыпыненне паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ, прывяла да таго, што на Захадзе, у тым ліку ў суседняй Польшчы ўзгадалі пра Беларусь.

У Варшаве з непакоем глядзяць на працэс паглыблення інтэграцыі Беларусі ды Расіі. Польскія палітыкі не хацелі б, каб Беларусь страціла незалежнасць. Дзеля гэтага польскія ўлады гатовыя больш актыўна будаваць дыялог з Беларуссю, каб перацягнуць краіну на Захад. Пра гэта распавёў віцэ-міністр замежных спраў Павал Яблонскі.

- Беларусь высылае ўвесь час сігналы Захаду, але яны даволі слабыя. З аднаго боку, улады краіны паказваюць, што не гатовыя цалкам аб’яднацца, ці хутчэй пайсці цалкам пад кантроль Масквы. З другога боку, не бачна гатовасці да зменаў, якія дазволілі б Беларусі наблізіцца да Заходняй Еўропы.

У Польшчы мяркуюць, што беларускія ўлады будуць вымушаныя зблізіцца з Захадам, каб нейтралізаваць узмоцнены ціск Крамля, які змушае Беларусь да паглыбленай інтэграцыі, шантажуючы пастаўкамі танных энергарэсурсаў.

Беларускія ўлады нават заяўлялі, што разважаюць над альтэрнатыўнымі пастаўкамі энергасыравіны праз Польшчу і краіны Балтыі. Аднак, гэта пакуль застаецца на ўзроўні словаў. Рэальна Беларусь дамовілася з Масквой пра працяг паставак нафты ў Беларусь да канца месяца.

Насамрэч беларускае чынавенства не бачыць сябе ў Еўропе, ім бліжэй і больш зразумелая Расія, кажа эксперт Цэнтра Астрагорскага Ігар Губарэвіч.

- Ва ўладзе ёсць жаданне супрацоўнічаць з Захадам, атрымліваць больш эканамічных выгадаў, геапалітычнае апірышча з улікам суседа на Ўсходзе. Жаданне развіваць адносіны ёсць, але ісці туды, перайсці ў заходні лагер, жадання няма. Гэты крок хутка не зробіцца.

Беларускі прэзідэнт перакананы, што ў яго атрымаецца далей балансаваць паміж Захадам і Расіяй. У сваю чаргу беларускае грамадства падзеленае па гэтым пытанні. Афіцыйны Мінск хацеў бы большай супрацы з ЕС, але без умяшальніцтва ў палітычныя справы Беларусі.

Юры Ліхтаровіч