У суботу, 27 чэрвеня, беларусы Польшчы разам з палякамі выказалі салідарнасць з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, якія набралі новую моц разам з пачаткам прэзідэнцкай кампаніі.
«Марш салідарнасці» распачаўся ў сімвалічным месцы – ля помніка генералу Тадэвушу Касцюшку – гістарычнай постаці, якая аб’ядноўвае два народы – польскі і беларускі. На мітынгу прысутнічалі польскія палітыкі, а таксама спэцдакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын. Прадстаўніца ААН падчас свайго выступу заклікала ўлады Беларусі спыніць пераслед палітычных апанентаў:
-Мяне хвалюе, што пасля дзесяцігадовага перапынку вяртаюцца рэпрэсіі. Сваёй прысутнасцю на гэтай акцыі я хачу выказаць салідарнасць і падтрымку ахвярам палітычных рэпрэсіяў, а таксама заклікаць урад Беларусі ажыццявіць усе правы і свабоды сваіх грамадзянаў.
Зараз да мяне звяртаецца мноства ахвяраў парушэнняў правоў чалавека, праваабаронцы і міжнароднай супольнасць, дыпламаты і замежныя СМІ. Яны хочуць зразумець, што адбываецца.
Я на жаль не магу патрапіць на тэрыторыю Беларусі, але шукаю і збіраю інфармацыю. Маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі – гэта мае першачарговая мэта.
Праз тры тыдні я прадстаўлю справаздачу ў Савеце па правам чалавека ААН, ён безумоўна закране, тыя парушэнні правоў чалавека, якія напярэдадні выбараў адбываюцца ў Беларусі. (...)
.
.
.
.
.
Беларусы, прайшліся цэнтрам Варшавы, каб выказаць падтрымку і салідарнасць суайчыннікам, якія церпяць ад палітычных рэпрэсіяў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пратэстоўцы не хавалі свайго абурэння палітыкай афіцыйнага Мінска:
- Мой плакат «З%» адлюстроўвае сапраўдны ўзровень падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі сярод беларусаў. 97% яго не падтрымліваюць, але ён як заўжды выйдзе і скажа: « Што за мяне прагаласавалі 80% ». Гэта будзе поўнае трызненне, як і ўсё астатняе, што ён кажа. Прыйшоў час выйсці і сказаць: «Што ты творыш, чарцяня? Мы табе не верым!» Я спадзяюся, што бліжэйшым часам у Беларусі нешта зменіцца.
.
.
.
Арганізатарам варшаўскай акцыі салідарнасці стаў фонд «Беларускі дом». Старшыня арганізацыі Алесь Зарэмбюк падзякаваў усім удзельнікам маршу:
-Мы хочам новай Беларусі! Беларусі без Лукашэнкі. Наша краіна павінна быць незалежная з яснымі еўрапейскімі перспектывамі. Сёння ў Варшаве сотні і сотні беларусаў гэта дакладна пацвердзілі!
Паводле падлікаў варшаўскай паліцыі, 27 чэрвеня ў «Маршы салідарнасці» прыняло ўдзел каля трох тысяч чалавек.
Слухайце аўдыё!
эж