У гэтыя снежаньскія дні 1991 года ва ўрадавай рэзідэнцыі «Віскулі», што месціцца ў Белавежскай пушчы, быў канчаткова зафіксаваны факт распаду Савецкага Саюзу.
8 снежня 1991 года ў Віскулях былі падпісаныя Белавежскія пагадненні – колісь магутная імперыя знікла з палітычнай мапы свету. Беларускі гісторык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ХII склікання Алег Трусаў на нашых хвалях разважаў пра гістарычнае значэнне тых падзеяў:
-Падпісанню «Белавежскіх пагадненняў» папярэднічала апошняе пасяджэнне Вярхоўнага Савету СССР, яно адбылося ў верасні. Я дарэчы таксама на ім прысутнічаў. Тады «адпусцілі» прыбалтыйскі краіны і фактычна зацвердзілі канфедэрацыю – вяршэнства законаў саюзных рэспублік над законамі СССР. Пасля ўвядзенне канфедэрацыі канчатковае знікненне Савецкага Саюзу стала пытаннем кароткага часу.
Якую пазіцыю займаў намінальны кіраўнік СССР прэзідэнт Міхаіл Грабачоў?
-Ён ініцыяваў «Новаагароўскі працэс», намагаўся стварыць і захаваць сапраўдную канфедэрацыю і застацца яе кіраўніком. Але па-сапраўднаму адноўленай савецкай дамовы, паводле праекту Гарбачова, ужо амаль ніхто не хацеў. Вялікую ролю адыграў рэферэндум аб незалежнасці ва Украіне. Паводле вынікаў рэферэндуму, Украіна стала цалкам незалежнай. Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын таксама быў зацікаўлены ў ліквідацыі непатрэбнага яму цэнтру сілы ў Маскве ў выглядзе прэзідэнта СССР і яго структур. І зоркі ўпершыню зышліся над Беларуссю. Было шмат разнастайных фактараў. Да падпісання Белавежскіх пагадненняў ішло ўсё. Іншая справа, што ні Кебіч, ні Шушкевіч, запрашаючы Ельцына ў Белавежскую Пушчу, не збіраліся распускаць Савецкі Саюз. Яны хацелі вытаргаваць танныя энерганосьбіты, а атрымалася, што распусцілі СССР. Ініцыятарамі былі Украіна і Расія, а Беларусь што называецца «за кампанію». (...)
Алег Анатольевіч, дагэтуль шмат тых, хто моцна настальгуе па савецкім часе і абвінавачвае Гарбачова ў бяздзейнасці, маўляў, ён мог выратаваць краіну, разагнаўшы «шайку» у Белавежскай пушчы. А ці сапраўды былі ў яго магчымасці перадухіліць падпісанне гэтых пагадненняў?
-У Белавежскай пушчы ўсё было зроблена законна. У адпаведнасці з савецкімі законамі, тыя дзяржавы, якія стваралі Саюз, яго і распусцілі. Падпісаныя пагадненні адпавядалі як міжнароднаму праву, так і Канстытуцыі СССР. Гарбачоў мог бы пайсці на мяцеж, але хто бы паслухаў яго загадаў у войску? Ён стаў бы мяцежнікам і трапіў у турму. Гарбачоў разумны чалавек, ён усведамляў сваё становішча, і бачыце, амаль да ста гадоў дажыў. (...)
Сёння спаўняецца 29 гадоў Белавежскім пагадненням. Для найноўшай гісторыі – гэта даволі працяглы час, які дазваляе зірнуць на тыя падзеі з пэўнай адлегласці. Што гэта за гістарычная падзея, Белавежскія пагадненні?
- Падпісанне Белавежскіх пагадненняў можна параўнаць з падзеннем Рымскай Імперыі, з падзеннем Візантыі. Белавежскія пагадненні змянілі аблічча ўсяго свету, эпахальная палітычная падзея глабальнага маштабу – вось што такое Белавежскія пагадненні. Белавежскія пагадненні – гэта першы выпадак у гісторыі, калі імперыя рынула без вайны, памерла сваёй спакойнай смерцю. (...)
Поўную гутарку з Алегам Трусавым слухайце ў далучаным файле!
эж