Еўрасаюз будзе падтрымліваць Украіну столькі, колькі гэта будзе неабходна. Тое, што Польшча робіць для ўкраінцаў, з’яўляецца найлепшай праявай еўрапейскай салідарнасці, кажа ў інтэрв’ю выданню «Dziennik Gazeta Prawna» кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль.
Паводле палітыка, рэакцыя ЕС на дзеянні Расіі была праявай адзінства і рашучасці – як у плане падтрымкі Украіны, так і ўвядзення санкцый супраць Расіі. Паводле яго, салідарны падыход і мужнасць украінскага народа даюць вынікі – чарговыя паразы Пуціна.
Кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза з’вярнуў увагу на тое, што Пуціну не ўдалося дасягнуць ніводнай з заяўленых мэтаў вайны, ягоныя войскі, здзяйсняючы забойствы і рабуючы, адступаюць, а ў Расіі няма рэсурсаў, каб супрацьстаяць украінцам на полі бою.
«Таму ён зараз выкарыстоўвае настолькі бязлітасную тактыку, як удары па грамадзянскай інфраструктуры. Ён спрабуе выклікаць як мага больш разбурэнняў і пакут сярод мірнага насельніцтва і прымусіць людзей да саступак, выкарыстоўваючы зіму, як інструмент вайны», – сказаў Барэль.
«Аднак Еўрасаюз падтрымлівае Украіну ў яе барацьбе за свабоду і незалежнасць і будзе працягваць гэтую падтрымку – дыпламатычную, фінансавую, эканамічную, гуманітарную і ваенную – пакуль, яна будзе неабходная», – запэўніў палітык. Ён таксама адзначыў неабходнасць узаемадзеяння па гэтым пытанні з партнёрамі па фармаце Г-7.
«Польшча адыгрывае важную ролю як сусед і краіна, якая прымае ўкраінскіх бежанцаў. Мы вельмі ўдзячныя за гэтую вялікую дапамогу. Вядома, прыём бежанцаў з Украіны зʼяўляецца дадатковай фінансавай нагрузкай. У любым выпадку мы ўсе абавязаны клапаціцца пра іх таму што яны нашы суседзі і ўцякаюць ад жорсткай вайны. Тое, што Польшча робіць для ўкраінцаў, зʼяўляецца лепшай праявай еўрапейскай салідарнасці. Тое ж самае тычыцца Малдовы, Славакіі, Чэхіі і іншых краін, якія прынялі вялізную колькасць украінскіх бежанцаў», – сказаў Барэль.
Еўрасаюз – зыходзячы з прынцыпу салідарнасці – дапамагае і будзе дапамагаць тым, хто падтрымлівае іншых, запэўніў Барэль. «Я хачу таксама падкрэсліць, што гэтая вайна тычыцца нас усіх – не толькі ў ЕС, але і ўсяго свету. Хопіць паглядзець на цэны на ежу і энерганосьбітаў за межамі ЕС», – падкрэсліў кіраўнік еўразвязаўскай дыпламатыі Жазэп Барэль у інтэрв’ю выданню «Dziennik Gazeta Prawna».
аз