Беларуская Служба

Польшча плануе стаць газавым хабам у рэгіёне

17.03.2023 10:01
Польшча, якая вызвалілася ад энергетычнага шантажу Расеі, цяпер дае такую магчымасць іншым краінам рэгіёну, сказаў Матэвуш Маравецкі.
Аўдыё
  • Польшча плануе стаць газавым хабам у рэгіёне
Прэм’ер Матэвуш Маравецкі PAP/Paweł Supernak

Урад хоча, каб Польшча стала энергетычным, у прыватнасці газавым, хабам для ўсёй Цэнтральнай Еўропы. Між іншым, пра гэта гаворка ішла падчас канферэнцыі «Польска-ўкраінскае партнёрства па будаўніцтве энергетычнай бяспекі будучыні» ў Варшаве. Падчас адкрыцця мерапрыемства кіраўнік польскага ўрадa пераконваў, між іншым, што супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы з суседзямі, у тым ліку Украінай, гэта таксама элемент палітыкі бяспекі Польшчы.

Прэм’ер Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што вынікам супрацы з Украінай з’яўляецца планаванае неўзабаве адкрыццё мадэрнізаванага энергетычнага злучэння паміж Жэшавам і Хмяльніцкай АЭС:

- Гэтае злучэнне можа рэальным чынам спрыяць павышэнню энергетычнай бяспекі, як Польшчы, так і Украіны.

Кіраўнік польскага ўрада таксама паведаміў аб перамовах па справе спалучэння Польшчы з другой украінскай электрастанцыяй – Ровенскай АЭС:

- Ужо цяпер украінскі бок запрашае Польшчу да ўдзелу ў супольных праектах па пошуку і здабычы на тэрыторыі Украіны. Размовы тычацца розных галінаў, у тым ліку, пошуку газу на тэрыторыі Заходняй Украіны.

Кіраўнік урада адзначыў, што з 2022 года ўкраінскія АЭС працуюць на паліве амерыканскай кампаніі Westinghouse. Гэта тая ж кампанія, з якой польскі ўрад падпісаў дамову аб пастаўцы тэхналогіі для будаўніцтва першай АЭС у Польшчы.

Матэвуш Маравецкі дадаў, што Польшча, якая вызвалілася ад энергетычнага шантажу Расiі, цяпер дае такую магчымасць іншым краінам рэгіёну.

Польшча плануе стаць энергетычным хабам для ўсёй Цэнтральнай Еўропы. З гэтай мэтай палякі могуць пашырыць планаваны ў Гданьску тэрмінал ЗПГ, каб ён таксама абслугоўваў іншыя краіны рэгіёну, кажа генеральны дырэктар аператара газатранспартнай інфраструктуры ў Польшчы кампаніі «Gaz-System» Марцін Хлюдзіньскі(Marcin Chludziński):

- Гэта можа быць інструмент дапамогі нашым суседзям: Украіне, Чэхіі, Славакіі, Вугоршчыне. З гэтай мэтай мы гатовы рэалізаваць адпаведныя інвестыцыі.

Старшыня кампаніі «Gaz-System» паясняе, што супрацоўніцтва з Украінай можа быць большым:

- Супраца з украінскім аператарам мае станоўчы характар. Зараз мы можам пасылаць ва Украіну да 1,5 мільярда кубаметраў газу. Калі Украіна будзе мець такую патрэбу мы можам павялічыць згаданыя аб’ёмы да 3 мільярдаў кубаметраў.

Узніклі таксама прапановы пашырэння нафтапорта ў Гданьску. Палякі таксама плануюць будаваць чарговыя энергетычныя інтэрканектары з суседзямі. У сваю чаргу да 2033 года ў краіне павінен быць запушчаны першы энергаблок АЭС.

Вынікам пашырэння супрацы з Украінай з’яўляецца падпісанае ў чацвер у Варшаве пагадненне паміж аператарамі газатранспартнай інфраструктуры Польшчы і Украіны Gaz-System і Gas Transmission System Operator of Ukraine (GTSOU).

Міністр клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы Анна Москва(Anna Moskwa) кажа, што гэта наступны этап супрацы паміж сеткамі:

- Гэта дакумент, які пашырыць супрацоўніцтва паміж сеткамі. Пашырыць, паколькі гэтае супрацоўніцтва зараз ужо працягваецца. Напрыклад, апошнім часам мы арганізоўвалі сустрэчы, на якіх абмяркоўваліся спосабы аднаўлення працы пашкоджаных сеткаў электраперадачы.

Намеснік міністра энергетыкі Украіны Юлія Підкаморна дадала, што пагадненне ўмацуе таксама энергетычную незалежнасць Польшчы і Украіны:

- Я перакананая, што мы сённяшняя падзея будзе садзейнічаць умацаванню двухбаковага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і ўмацаванню нашай энергетычнай незалежнасці як Польшчы, так і Украіны.

Украіна зацікаўленая ў доступе да польскага тэрмінала ЗПГ і польскага газавага рынку, пераконваў украінскі амбасадар у Польшчы Васіль Зварыч. Паводле яго, польска-украінская супраца, гэта натуральны кірунак развіцця эканомік абедзвюх краінаў:

- Мы высока ацэньваем гэтую супрацу. Цяпер, нягледзячы на расійскую вайну ва Украіне, мы рэалізуем з Польшчай шмат сумесных праектаў. Я спадзяюся, што яны будуць працягвацца таксама пасля заканчэння вайны. Мы такім супрацоўніцтваўм зацікаўленыя.

Васіль Зварыч адзначыў, што Украіна ўжо супрацоўнічае з Польшчай у развіцці польскай атамнай энергетычнай праграмы. Украінскія спецыялісты дзеляцца вопытам адносна магчымасці выкарыстання гэтага віду энергіі.

Больш за палову газу, імпартаванага ў Польшчу ў мінулым годзе, склалі ЗПГ і пастаўкі па газаправодах з новых кірункаў, паведаміла Orlen Group. За апошні год структура паставак газу ў Польшчу істотна змянілася. Пастаўкі ЗПГ склалі 43 працэнты ад усяго імпарту гэтай сыравіны і павялічыліся ўдвая ў параўнанні з мінулым годам. Большая частка гэтых паставак паступала з ЗША.

У выпадку імпарту газу па трубаправодах дамінаваў заходні кірунак. Большая частка сыравіны паступала з Германіі – каля 25 працэнтаў усяго імпарту. 9 працэнтаў з новых кірункаў, напрыклад, Нарвегіі, Славакіі і Літвы. Пастаўкі з гэтых краін сталі магчымыя дзякуючы запуску газаправода Baltic Pipe і інтэрканэктаў Польшча-Літва і Польшча-Славакія. У 2022 годзе аб'ём імпартаванага з Расiі газу значна скараціўся. Пастаўкі з гэтай краіны ў мінулым годзе склалі крыху больш за 20 працэнтаў усяго імпарту. Годам раней – 61 працэнт. Пры гэтым Orlen нагадвае, што з красавіка мінулага года Польшча не імпартавала газ з Расіі.

IAR/аз

Маравецкі: Разам з Украінай Польшча можа дапамагчы краінам нашага рэгіёну стаць незалежнымі ад расійскай энергетыкі

15.03.2023 12:15
Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў, што пасля вайны Польшча разам з Украінай магла б дапамагчы краінам рэгіёну стаць незалежнымі ад расійскай энергетыкі.