Паводле прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, у ноч з 2 на 3 траўня Крэмль быў атакаваны беспілотнікамі.
Палітолаг Ігар Тышкевіч адзначае, што дакладна складана вызначыць што гэта было: спланаваная акцыя ўкраінцаў ці правакацыя Крамля, каб дасягнуць пэўных сваіх мэтаў. Напрыклад, Пуціну гэтая сітуацыя можа стварыць нагоду для рэпрэсій супраць ваенных топ-чыноўнікаў. Што тычыцца нейкай жорсткай атакі на Украіну, то Тышкевіч задаецца рытарычным пытаннем: «Вы ўжо запусцілі каля пяці з паловай тысяч ракет і што?»:
– Ужо паведамлена, што ў выпадку прымянення ядзернай зброі будзе знішчаны шэраг ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Расіі. Пытанне наконт партнёраў: Кітай, Індыя... ім ядзерная вайна не патрэбная. То бок варыянтаў рэзкага, моцнага адказу ў Расіі не так і шмат. Сыходзячы з гэтага можна меркаваць, што «чырвоная лінія» і злосны адказ – так, некаторая колькасць ракет паляціць на тэрыторыю Украіны. Але ў масе сваёй гэта будзе ўнутрыпалітычны праект, у якім расійскія ўлады будуць закручваць гайкі, праводзіць мабілізацыю, пераводзіць эканоміку на ваенныя мэты.
Большасць расійскіх аналітыкаў сыходзяцца ў меркаванні, што незалежна ад таго, была гэта сапраўдная атака ці правакацыя расійскіх службаў, падзея будзе мець негатыўныя наступствы для Уладзімера Пуціна. Расійскі апазіцыйны палітык Дзмітры Гудкоў у эфіры «Радыё Свабода» заявіў, што сам прылёт беспілотнікаў у цэнтр Масквы і іх выбух над Крамлём некаторыя расіяне ўспрынялі як слабасць рэжыму:
– Трэба разумець, што расійская абарона сёння не ў стане абараніць нават Маскву. І Пуцін пасля такіх падзей паступова страціць падтрымку сярод так званых патрыётаў, і калі контрнаступленне Украіны будзе паспяховым, мне здаецца, што гэта будзе не апошняе падобнае здарэнне.
Украіна адмаўляе, што вядзе баявыя дзеянні на расійскай тэрыторыі. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі неаднаразова падкрэсліваў, што яго краіна абараняе сябе і дзейнічае толькі на сваёй тэрыторыі, у тым ліку ў рэгіёнах, акупаваных Расіяй. Ёсць меркаванні, што напады на расейскую тэрыторыю здзяйсняюць антыпуцінскія партызанскія атрады.
Пасля здарэння крамлёўская прапаганда заклікае расійскія ўлады мацней ударыць па Украіне. На думку незалежных аглядальнікаў, гэта падбухторванне да генацыду. Масква выкарыстоўвае меркаваныя ўдары беспілотнікаў па Крамлі, каб прадставіць сваім грамадзянам украінцаў тэрарыстамі. Раней заходнія аналітыкі папярэджвалі, што расійскі рэжым будзе ўзмацняць антыўкраінскую прапаганду.
Гэтымі днямі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі знаходзіцца з афіцыйным візітам у Нідэрландах. Падчас візіту ў Гаагу ўкраінскі лідар сустрэўся з кіраўніцтвам Міжнароднага крымінальнага суда. Зяленскі заявіў, што хоча бачыць Уладзіміра Пуціна ў Гаазе:
– Мы ўсе хочам бачыць тут, у Гаазе, іншага Уладзіміра. Той, хто заслугоўвае санкцый за свае злачынныя дзеянні тут, у сталіцы міжнароднага права. Я ўпэўнены, што так і будзе, калі мы пераможам. І мы пераможам.
У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна за ваенныя злачынствы, у тым ліку дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію.
IAR / вх