Афіцыйны Кіеў спадзяецца, што заходнія саюзнікі ў бліжэйшай перспектыве прымуць рашэнне аб пастаўках Украіне знішчальнікаў F-16. Ужо цяпер украінскі бок вядзе перамовы з партнёрамі аб пастаўках самалётаў для барацьбы з расійскім агрэсарам.
Сёння стала вядома, што ўрад Нідэрландаў разглядае магчымасць перадачы Украіне знішчальнікаў F-16 і вядзе перамовы са сваімі саюзнікамі на гэты конт.
«Мы інтэнсіўна абмяркоўваем з Даніяй, Вялікабрытаніяй, некаторымі іншымі партнёрамі ў Еўропе, а таксама з ЗША, пытанне перадачы F-16», – сказаў прэм’ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што спачатку неабходна дасягнуць згоду паміж усімі партнёрамі, як гэта было ў мінулым у выпадку паставак гаўбіц і танкаў ва Украіну. «Перамовы працягваюцца», – дадаў Рутэ.
«Мы павінны дапамагчы Украіне ў гэтай барацьбе. Калі Пуцін атрымае поспех ва Украіне, а я не думаю, што гэта адбудзецца, ён не спыніцца на гэтым. Людзі хвалююцца за ўласную бяспеку ў Амстэрдаме, Берліне, Парыжы і ва ўсёй Еўропе», – сказаў ён, адказваючы на пытанне пра тое, чаму для ўсёй Еўропы важная падтрымка Украіны.
На мінулым тыдні падчас візіту ў Нідэрланды прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў у дадзены момант працуе з міжнароднымі партнёрамі для перадачы Узброеным сілам знішчальнікаў F-16 і разлічвае на іх станоўчы вынік.
Дарэчы, перадаць Украіне самалёты F-16 гатовая таксама Польшча – пра гэта прэм’ер-міністр краіны Матэвуш Маравецкі заяўляў яшчэ ў лютым бягучага года. Пры гэтым кіраўнік польскага ўраду зазначыў, што калі такое рашэнне і будзе прынятае, што ў каардынацыі і са згоды партнёраў па НАТА.
F16. Zdjęcie ilustracyjne
Дарэчы, некалькі месяцаў таму з’явілася інфармацыя, што ўкраінскія пілоты ўжо праходзяць перавучванне з самалётаў савецкай і расійскай вытворчасці на F-16 на адной з амерыканскіх баз.
Дык чаму атрыманне самалётаў амерыканскай вытворчасці настолькі важнае для Украіны?
Паводле спецыялістаў, пры дапамозе толькі адных сістэм СПА, у тым ліку нават сучасных, не ўдасца абараніць усёй тэрыторыі Украіны з-за яе плошчы.
Без сучасных самалётаў узровень знішчэння расійскіх ракет і дронаў застанецца на ранейшым узроўні – да 80%. І таму супрацьпаветранай абароне патрэбныя F-16, гаворыць прэс-сакратар Ваенна-паветраных сіл Украіны палкоўнік Юрый Ігнат.
- Навошта нам патрэбны гэты самалёт? Бо ён перакрые Украіну ад ракетнага тэрарызму Расіі. F-16 можа стаць той часткай СПА, якой нам сёння надзвычай не хапае. F-16 – гэта сучасны шматмэтавы самалёт, які на 100% можа выказаць задачы па знішчэнні крылатых ракет і дронаў, якімі сёння Расі тэрарызуе нашу краіну.
Авіяцыйны эксперт, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея авіяцыі Украіны Валерый Раманенка заявіў у эфіры інтэрнэт-каналу Freedom, што F-16 – гэта сучасная тэхніка, намнога больш эфектыўная, чым самалёты расійскай вытворчасці. «Нашы МіГі і Су не вельмі небяспечныя для расійскай авіяцыі», – кажа эксперт.
- Было б вельмі добра, калі б мы атрымалі гэтыя самалёты, бо ўзлёт кожнага нашага самалёта расійская СПА ўспрымала бы як узлёт F-16. І калі цяпер нашы МіГі і Су не вельмі небяспечныя для расійскай авіяцыі, бо ў нас і ракеты не тыя, і радары, асабліва калі ў паветры вісіць лятаючы радар А-50, то з F-16 намнога складаней. У іх дальнасць большая, ракеты больш дальнабойныя, бартавыя комплексы абароны больш сур’ёзныя, а збіць іх увогуле вельмі складана. Вопыт паказвае, што ў сутыкненні з расійскімі самалётамі пакуль ні адзін F-16 не быў збіты. А вось F-16 назбівалі па паўсотню і болей самалётаў расійскай вытворчасці.
Спецыялісты таксама зазначаюць, што F-16 можа быць выкарыстаны не толькі як знішчальнік, але і як франтавы бамбавік, таму што ён можа наносіць удары па наземных цэлях.
Іншай прычынай таго, чаму Кіеў гэтак стараецца атрымаць заходнія самалёты, з’яўляецца тое, што ў ВПС Украіны самалёты састарэлыя, а вораг, наадварот, мае больш сучасныя машыны, гаворыць эксперт Цэнтра абаронных стратэгій, капітан 1-га рангу ВМС Украіны Андрэй Рыжанко.
- Па-першае, у нас цяпер на ўзбраенні знаходзяцца самалёты МіГ-29, Су-27 і Су-24, якія былі вырабленыя яшчэ ў савецкі час. Яны прайшлі невялікую мадэрнізацыю, аднак іх тактыка-тэхнічныя характарыстыкі і зброя засталіся фактычна на ўзроўні таго, што было 30 гадоў таму. Яны значна ўступаюць тым самалётам, якімі па нас працуе вораг. За гэты перыяд яны змаглі развіць сямейства новых самалётаў, якія пераўзыходзяць нашы машыны і па характарыстыках, і па зброі.
Па-другое, саміх самалётаў у нас засталося няшмат, таму што ў нас былі страты і ў першыя дні вайны, і пазней. Таму іх проста трэба папаўняць.
Самалёт F-16 – лёгкі шматмэтавы знішчальнік вытворчасці ЗША чацвёртага пакалення. Нягледзячы на дастаткова немалады ўзрост, бо F-16 быў створаны яшчэ 48 гадоў таму, ён да гэтага часу застаецца асновай паветраных сіл многіх краін свету, у тым ліку і дзякуючы сваім пастаянным мадэрнізацыям.
F-16 можа выконваць практычна ўсе задачы ў паветры: ад паветраных баёў да высокадакладнай бамбардзіроўкі.
F-16 можна назваць даволі цікавым самалётам, бо на сённяшні дзень існуе ажно 10 толькі яго асноўных відаў, а яшчэ вялікая колькасць лакалізаваных версій.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл