Для змен у краіне недастаткова сыходу толькі Лукашэнкі. Неабходна, каб разам з ім сышла цэлая сістэма, якую ён збудаваў, гаворыць палітолаг Павал Усаў.
-Аднак ці так адбудзецца, гэта велізарнае пытанне. Не заўсёды натуральная смерць дыктатара прыводзіць да радыкальных змен унутры краіны, асабліва, калі сістэма загадзя падрыхтавала механізмы ўнутранай стабілізацыі і захавання ўлады. Напэўна ўнутры сістэмы такія сцэнары прапісаны, яны ёсць. Ці гэтыя інстытуты, будуць у стане ўладу ўтрымліваць, кансалідавацца – гэта іншае пытанне. Могуць узнікнуць розныя супярэчнасці, барацьба інтарэсаў і кланаў. Гэта можа прывесці да дэстабілізацыі і дэзінтэграцыі. Сам факт адсутнасці Лукашэнкі ў публічнай прасторы не паўплываў на функцыянаванне сістэмы.
Смерць Лукашэнкі можа быць раптоўнай для насельніцтва, бо грамадства нічога не ведае пра яго стан здароўя, але не раптоўнай для сістэмы. Сказаць, што сістэма не гатовая для пераняцця ўлады, мы не можам. Сам характар сістэмы на працягу некалькіх тыдняў, месяцаў не зменіцца.
Масква будзе зацікаўлена ў тым, каб улада засталася ў руках людзей, якія там ужо ёсць і звязаныя з інтарэсамі Крамля: Вальфовіча, Карпянкова, Кубракова. Масква будзе зацікаўлена, каб Беларусь перайшла пад поўнае ручной кіраванне Масквы, лічыць Павал Усаў.
Апазіцыя магла б адыграць нейкую ролю, але вялікае пытанне, ці яна магла б уплываць на ўнутраныя палітычныя працэсы.
-У 2020 годзе яна чакала, што Захад ці Крэмль прымусяць сесці рэжым за стол перамоваў. Так і цяпер яна выступае як пасіўны суб’ект. Яна будзе чакаць, калі нехта змусіць тых людзей, якія прыйдуць замест Лукашэнкі сесці за стол перамоваў. Тут пытанне, ці будуць знешнія інтарэсы, які змогуць пралабіраваць апазіцыю. І ці ў наменклатуры будзе зацікаўленасць у перамовах. З большага на сённяшні момант у апазіцыйных сіл няма рэсурсаў, якія б маглі дазволіць ёй змагацца за ўладу ў Беларусі. Адзіным інструментам, але недастатковым для пералома сітуацыі з’яўляецца Полк Каліноўскага. У тым сэнсе, што гэта адзіная ўзброеная фармацыя, якая ў пэўнай сітуацыя магла б быць важнай сілай і рэсурсам для ціску, каб прымусіць да саступак, – гаворыць Павал Усаў.
ав
Поўная размова - у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё