Беларуская Служба

Польшча ўвяла санкцыі супраць 365 грамадзянаў Беларусі з-за прысуду Пачобуту

29.05.2023 17:27
Гэта рэакцыя польскіх уладаў у Варшаве на тое, што Мінск пакінуў у сіле васьмігадовы прысуд журналісту і аднаму з лідараў польскай меншасці ў Беларусі Анджэю Пачобуту. Другая прычына – рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць апазіцыі, якія працягваюцца.
Аўдыё
  • Польшча ўвяла санкцыі супраць 365 грамадзянаў Беларусі з-за прысуду Пачобуту
Andrzej Poczobut w białoruskim więzieniu
Andrzej Poczobut w białoruskim więzieniutwitter.com/LukaszJasina

Паводле слоў кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюша Каміньскага, у рамках санкцый таксама замарожаныя сродкі і эканамічныя рэсурсы 20 арганізацый і 16 іншых асоб, звязаных пераважна з расійскім капіталам.

«Сярод абмежаванняў – 365 грамадзян Беларусі. У тым ліку 159 парламентарыяў. Іншыя парламентарыі ўжо ўнесены ў польскі санкцыйны спіс. Такім чынам, санкцыі ўжо распаўсюджваюцца на ўсіх дэпутатаў беларускага парламента», – гаворыцца ў паведамленні Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Акрамя таго, абмежаванні распаўсюджваюцца на 76 суддзяў, 7 пракурораў, 32 прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі і 28 службовых асоб і супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Паводле МУС і адміністрацыі, у чорным спісе таксама 23 прадстаўнікі беларускіх рэжымных СМІ, якія займаюцца прапагандай, 24 спартоўцы і спартовыя актывісты, а таксама 8 чалавек, якія працуюць у сферы культуры і навукі і адначасова з'яўляюцца дзяржслужачымі.

Уключэнне ў санкцыйны спіс 365 чалавек азначае непажаданасць іх знаходжання на тэрыторыі Польшчы. Гэтым асобам таксама будзе забаронены ўезд у Шэнгенскую зону. Яны таксама падпалі пад замарозку сродкаў і эканамічных рэсурсаў. Акрамя таго, у спіс трапілі прадпрымальнікі, звязаныя з расійскім капіталам. Гэта 15 грамадзян Расійскай Федэрацыі і адзін беларус.

«Гэтыя людзі прапагандавалі беларускі рэжым, а таксама ўдзельнічалі ў легітымізацыі і падтрымцы рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў у Мінску. Яны таксама нясуць адказнасць за палітычна матываваны прысуд Анджэю Пачобуту, вынесены па ілжывым абвінавачанні», – гаворыцца ў заяве Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

У міністэрстве таксама дадалі, што ў групу, на якую распаўсюджваюцца абмежаванні, таксама ўваходзяць асобы, якія займаюцца зборам матэрыялаў і вядзеннем працэсуальных спраў па фактах удзелу беларусаў у дэмакратычных акцыях пратэсту.

«Асобы санкцыйнага спісу нясуць адказнасць у тым ліку за прымяненне фізічных і псіхалагічных катаванняў, збіццё, запалохванне і дыскрымінацыю польскай меншасці», – гаворыцца ў заяве Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Акрамя таго, як дадаюць у МУС, унесеныя ў спіс асобы таксама ўдзельнічалі ў знішчэнні польскіх могілак і помнікаў у Беларусі, а таксама адказныя за арганізацыю нелегальнай міграцыі ў Польшчу і краіны Балтыі.

Акрамя таго, міністр унутраных спраў і адміністрацыі прыпыніў грузавы рух на мяжы з Беларуссю грузавых аўтамабіляў, у тым ліку паўпрычэпаў, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Пастанова ўступіць у сілу з поўначы 1 чэрвеня да далейшага паведамлення.

Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік заявіў, што пашырэнне гандлёвых санкцый супраць Беларусі і Расіі неабходнае, каб гэтыя краіны не маглі абысці абмежаванні. Ён падкрэсліў, што рашэнне прыпыніць грузавы рух на мяжы было прынятае пасля кансультацыяў з польскімі перавозчыкамі:

-Распараджэннем, узгодненым з міністрам інфраструктуры, мы пашырылі аб'ём санкцый. Дагэтуль мяжу не маглі перасякаць грузавікі, зарэгістраваныя ў Беларусі і Расіі. Цяпер мы пашырылі гэта на беларускія прычэпы. Паколькі менавіта такім чынам беларусы абыходзілі гэтыя санкцыі: польскія грузавікі бралі беларускія прычэпы, не карысталіся польскімі.

Розныя палітычныя сілы Польшчы ў пытанні стаўлення да рэжыму згодныя. Прадстаўніца левых сіл Анна Марыя Жукоўская згодная з новымі санкцыйнымі прапановамі польскага ўраду:

-Я лічу, што тут трэба мець цвёрдую пазіцыю і трэба дамагацца выканання правоў польскай нацыянальнай меншасці і апазіцыянераў, якія не зламаліся. Паколькі не ўсе былі ў стане прэзентаваць такую геройскую пазіцыю, я маю на ўвазе Рамана Пратасевіча. Ён даў сябе зламаць, не хачу ўнікаць, якім чынам, бо чалавека можна падступным чынам прымусіць да ўсяго, а Лукашэнка гэта ж дыктатар, гэта дыктатура. Ён мае ўсялякія магчымасці дайсці да сям’і, шантажаваць, здольны да найгоршых рэчаў. Гэта малады чалавек, але ўсё ж яму не ўдалося выстаяць. У сваю чаргу Анджэй Пачобут з’яўляецца сімвалам, польскім героем. Таксама беларускім і польскім героем дэмакратыі. Таму я спадзяюся, што іншыя краіны таксама далучацца да падтрымкі, праўда сімвалічным чынам, бо іншай магчымасці мы не маем.

Анна Марыя Жукоўская адзначыла, што трэба рабіць большы акцэнт на патрэбу міжнароднай салідарнасці з Анджэем Пачобутам:

-Параўноўваючы да падтрымкі, якую атрымаў Аляксей Навальны, які, паводле мяне, не з’яўляецца параўнальнай постаццю з Анджэем Пачобутам, ці то па прычыне поглядаў, якія не аж такія дэмакратычныя, і такія еўрапейскія, так, ён любіць Пуціна, але гэта чалавек, які падтрымлівае расійскі імперыялізм. З яго выказванняў таксама бачна, што ён расіст. Падтрымка, якую ён атрымаў ад Германіі, ад Еўропы непараўнальна большая, чым атрымаў Анджэй Пачобут. Лічу, што гэта несправядліва, а гэтая прапорцыя павінна быць адваротная.

Павал Латушка, каментуючы рашэнне польскіх уладаў, гаворыць, што Польшча паказвае прыклад усяму Еўрасаюзу:

-Такім чынам Польшча паказвае прыклад Еўрасаюзу, які ўжо год не можа прыняць чарговы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. А Лукашэнка працягвае рэпрэсіі супраць беларускіх грамадзян, у тым ліку прадстаўнікоў польскай меншасці, якія пражываюць у нашай краіне, і працягвае дапамагаць вайне супраць Украіны, пастаўляе зброю, навучае расійскіх вайскоўцаў, вырабляе зброю, уяўляе пагрозу, а цяпер фактычна пагадзіўся на размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі, што таксама зʼяўляецца вельмі моцным сігналам.

Былы амбасадар Беларусі ў Польшчы адзначыў, што рашэнне аб унясенні ў санкцыйны спіс мае і практычнае вымярэнне. Асобы, на якіх дзейнічаюць абмежаванні, не змогуць уехаць у Шэнгенскую зону:

-Незразумелымі былі і сітуацыі, калі, напрыклад, у віленскім супермаркеце можна было ўбачыць суддзю, які асудзіў нас са Святланай Ціханоўскай на гады зняволення. Няхай такія людзі едуць у Расію, – гаворыць Латушка.

Павал Латушка адзначыў, што яны паўторна звернуцца да кіраўніцтва Латвіі і Літвы аб увядзенні аналагічных нацыянальных санкцый, а таксама будуць дабівацца агульнага санкцыйнага пакету ЕС.

ав