Загучалі словы пра тое, што заявы аб нібыта няўдзячнасці ўкраінцаў непрымальныя, пазіцыя Украіны шкодзіць добрым дачыненням. Пасля некалькі дзён абмену з'едлівасцямі, Варшава ды Кіеў пачалі студзіць эмоцыі.
На днях амбасадар Польшчы ва Украіне Барташ Ціхоцкі быў выкліканы ва ўкраінскае Міністэрства замежных спраў у звязку з заявай кіраўніка Дэпартамента міжнароднай палітыкі прэзідэнта Польшчы Марціна Пшыдача. Чыноўнік пракаментаваў пытанне аб збожжавым эмбарга з Украіны, зазначыўшы, што польскае збожжа трэба збіраць, захоўваць і прадаваць па годнай цане, а Украіна атрымала вялікую падтрымку з боку Польшчы, варта было б Украіне пачаць цаніць, якую ролю Польшча адыграла для Украіны ў апошнія месяцы і гады.
Украінскі бок убачыў у гэтых словах абвінавачанні ў адрас бежанцаў з Украіны ў нібыта няўдзячнасці за дапамогу з боку Польшчы.
«Заявы аб нібыта няўдзячнасці ўкраінцаў за дапамогу Польшчы не адпавядаюць рэчаіснасці і непрымальныя», — напісаў прэс-сакратар украінскай дыпламатыі Алег Ніколенка пасля сустрэчы з амбасадарам Польшчы ў Кіеве.
Гэтая пазіцыя выклікала абурэнне ў Варшаве. Польскі бок зазначыў, што Барташ Ціхоцкі быў адзіным амбасадарам Еўрасаюзу, які ўвесь час прысутнічаў у Кіеве, нягледзячы на расійскае ўварванне, бамбёжкі і аблогу сталіцы. Польская амбасада дзейнічала бесперапынна, пры гэтым большасць паслоў іншых краін на пачатку вайны пакінулі Кіеў, частка з іх пакінула Украіну, а астатнія перабраліся ў Львоў.
Былая прэм'ер-міністр Беата Шыдла напісала ў Twitter, што выклік украінскім МЗС амбасадара Польшчы - гэта жэст, ад якога Кіеву варта ўстрымацца. «Гэта нешта неверагоднае. Украінскія ўлады тут не для таго, каб судзіць і крытыкаваць тое, пра што гавораць палякі», — падкрэсліла еўрадэпутат ад партыі “Права і справядлівасць”. Апроч таго палякі згадалі ўкраінцам, што тыя не выклікалі ў МЗС брытанскага амбасадара пасля слоў брытанскага міністра Бэна Уолеса аб тым, што «было б добра, каб краіны, якія даюць Украіне зброю, бачылі падзяку, а не толькі дадатковыя патрабаванні».
Польскае МЗС запрасіла часова паверанага Украіны ў сядзібу міністэрства ў сувязі з заявамі прадстаўнікоў украінскай улады. Намеснік міністра замежных спраў Павал Яблоньскі заявіў, што, на думку польскай дыпламатыі, крытыкуючая пазіцыя Украіны шкодзіць добрым адносінам паміж дзвюма краінамі.
- Непатрэбна з’явіліся дрэнныя эмоцыі, якія шкодзяць узаемным добрым стасункам. Мы баронім Польшчу, яны бароняць Украіну. Ёсць справы, дзе мы маем адрозныя погляды, мы гэтага не хаваем. Але мы працуем над гэтым.
Намеснік міністра замежных спраў Аркадыюш Мулярчык паведаміў, што ў МЗС Польшчы будзе запрошаны і амбасадар Украіны Васіль Зварыч пасля таго, як вернецца з сустрэчы амбасадараў ва Украіне.
- Адразу пасля вяртання амбасадара выклічуць, ці запросяць у МЗС дзеля кансультацыі ў справе тлумачэння нерапазуменняў. Мы не хочам канфлікту, бо гэтым скарыстаюцца іншыя. Гэтыя тыя, хто хацеў бы нас пасварыць. Мы ж маем набліжаныя мэты ды інтарэсы.
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што такой сітуацыі ніколі не павінна быць. Пасля гэтага намеснік міністра замежных спраў Павал Яблоньскі падкрэсліў, што Польшча хоча добрых стасункаў з Кіевам, але яны павінны будавацца на прынцыпе ўзаемнай павагі і разумення нацыянальных інтарэсаў.
- Польшча хацела бы захавання добрых адносін з Украінай. Але яны павінны абапірацца на прынятае правіла ў міжнародных стасунках – узаемнай павагі ды шанавання нацыянальных інтарэсаў. Польшча хоча падтрымліваць Украіну, бо мы ўспрымаем расійскую агрэсію, як пагрозу інтарэсам Польшчы.
Таксама эксперты пачалі казаць пра неабходнасць залагодзіць сітуацыю. Былы амбасадар Польшчы ва Украіне Ян Пекла ў эфіры Польскага радыё заявіў, што запрашэнне амбасадара на размову ў МЗС — стандартная працэдура.
- Здаецца мне, што размову ў МЗС прайшлі ў добрай атмасферы, а судзячы па сённяшніх заявах, бачна жаданне пазбегнуць сітуацыі, якая б правяла да канфлікту Таму я думаю, што добрыя адносіны захаваюцца. Запрашэнні ў МЗС на размову – гэта стандартная працэдура, якая выкарыстоўвацца пра з’яўленні складаных пытанняў.
З украінскага боку таксама пачалі гучаць больш стрыманыя словы. Так сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (РНБА) Аляксей Данілаў напісаў у Twitter, што «Мы памятаем, хто першы прапанаваў нам вінтоўку і хлеб. Польская дзяржава і народ стаяць плячом да пляча з Украінай з першай хвіліны вайны супраць расійскай цемры і маскоўскай жорсткасці. Дзякуй за ўсё і мы памятаем, хто першы прапанаваў Украіне вінтоўку і хлеб!».
Абодва бакі тэрмінова зладзілі сустрэчу міністраў сельскай гаспадаркі Польшчы і Украіны, каб абмеркаваць транзіт украінскіх збожжавых праз тэрыторыю Польшчы. Робэрт Тэлюс нагадаў, што за апошнія чатыры месяцы з Польшчы было экспартавана агулам 4,5 мільёна тон збожжавых — польскіх і ўкраінскіх.
- Мы размаўлялі пра тое, як можна палепшыць сітуацыю, што зрабіць, каб павялічыць экспарт. Калі мы пачнём разам супрацоўнічаць, усё атрымаецца. Цяпер мы разам працуем над стварэннем аграпорту, але пакуль яны не завершаныя.
Кіраўнік польскага ведамства дадаў, што літоўцы і латышы таксама хочуць экспартаваць украінскую сельскагаспадарчую прадукцыю праз Балтыйскае мора. Абмен з’едлівасцямі паміж Варшавай і Кіевам вырашана спісаць на «напружанасць Вялікай вайны». Бакі дэкларуюць гатоўнасць вырашаць любыя рознагалоссі.
Юры Ліхтаровіч