Агенцтва ўнутранай бяспекі ABW затрымала грамадзяніна Беларусі, які шпіёніў на карысць замежных спецслужбаў. Гэта 16-ы ўдзельнік расійскай шпіёнскай сеткі, якая дзейнічае ў Польшчы, пацвердзіў міністр-каардынатар спецслужбаў Марыюш Каміньскі.
У прэс-службе міністра-каардынатара спецслужбаў парталу tvp.info паведамілі, што грамадзянін Беларусі Міхаіл А. быў затрыманы 1 жніўня.
Падазраваны ў шпіянажы некалькі гадоў жыў у Расiі. Паводле звестак польскай контрвыведкі, у 2008–2010 гадах ён працаваў у Маскве, пасля пераехаў у Санкт-Пецярбург. У Расiі ён адбыў шасцігадовае зняволенне. «Мужчына падтрымліваў кантакты з грамадзянамі Расiйскай Федэрацыі, з якімі сустракаўся ў Санкт-Пецярбургу і ў Крыме», – адзначаюць у АBW.
Міхаіл А. прыехаў у Польшчу ў 2021 годзе, пасля чаго, паводле высноваў ABW, уступіў у кантакт з каардынатарам шпіёнскай сеткі.
«Атрыманая інфармацыя паказвае, што для выканання задач, накіраваных на ўнутраную бяспеку і супраць інтарэсам Рэспублікі Польшча, беларускі шпіён збіраў інфармацыю пра крытычную інфраструктуру, у тым ліку пра ваенныя аб'екты і базы, і пра марскія парты, займаўся прапагандысцкай дзейнасцю і атрымліваў за гэта пастаянную зарплату, – сцвярджаюць польскія следчыя.
Мужчына часта мяняў сродкі сувязі і знішчаў сляды сваёй дзейнасці. «Затрыманы ўсведамляў, што за выкананне ім разведвальных заданняў на тэрыторыі Рэспублікі Польшча можа быць пакараны пазбаўленнем волі», – падкрэсліваюць следчыя.
Мужчыну даставілі ў пракуратуру. Як паведамляе партал tvp.info, Нацыянальная пракуратура абвінаваціла яго ва ўдзеле ў дзейнасці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча.
Суд задаволіў хадайніцтва пракуратуры і пастанавіў арыштаваць падазраванага.
У прэс-службе міністра-каардынатара спецслужбаў адзначылі, што інтэнсіўная дзейнасць Агенцтва ўнутранай бяспекі дазволіла выявіць расійскую дыверсійна-шпіёнскую сетку. Пакуль у рамках расследавання арыштаваныя 16 чалавек.
яс