Беларуская Служба

Эксперт: Лукашэнка няправільна ацаніў перспектывы вайны ва Украіне

09.08.2023 10:15
Лукашэнка разлічваў на «хуткую вайну» і перамогу Расіі, лічыць Каміль Клысіньскі з Цэнтра ўсходніх даследаванняў.
Аляксандр Лукашэнкаscreen ТК-Пул першага

«Вясной 2022 года Аляксандр Лукашэнка меркаваў, што гэта будзе кароткая, хуткая вайна. Тры-чатыры дні, можа тыдзень; Украіна ў развале, армія здаецца, а насельніцтва з кветкамі – больш-менш у захапленні – вітае расійскае войска, магчыма, і беларускае, якое сціпла ідзе за ім (…) Магчыма, тады Лукашэнка думаў, што пасля такога «пераможнага дзеяння» Захад будзе гатовы пачаць з ім размаўляць, як і з Расіяй, бо выбару ў яго не будзе», – ацэньвае ў інтэрв'ю PAP Каміль Клысіньскі з Цэнтра ўсходніх даследаванняў.

«Сёння Лукашэнка хоча выжыць. Ён разгублены, стомлены, але, вядома, не так, як мы ўсе. Ён хацеў бы, каб вайна завяршылася карысным чынам для Расіі, таму што ён «трымаецца за Пуціна». Гэта можа быць нейкі гнілы, а можа частковы мір; спыненне баявых дзеянняў; сітуацыя, якая адкрые нейкую прастору для дзеянняў у адносінах з Захадам, што, магчыма, дазволіць на паступовае зняцце санкцый, а таксама здыме пагрозу, якая ўсё яшчэ вісіць над Беларуссю, што яе мяжа з Украінай можа стаць ваеннай», – лічыць аналітык.

Каміль Клысіньскі не верыць у тое, што Лукашэнка хацеў бы нейкага канфлікту на польска-беларускай мяжы, на мяжы з Літвой ці Латвіяй. Яму выгадны міграцыйны крызіс і падтрымлівае яго, але гэта ж не ўзброеныя сутыкненні.

«Ён (Лукашэнка) будзе абвінавачваць Захад, і гэта будзе рытарычна агрэсіўна, але больш маштабныя правакацыі, якія пагражаюць пачаткам узброенага канфлікту, на мой погляд, былі б нерацыянальнымі і варʼяцкімі», – кажа Клысіньскі.

Паводле эксперта, ход вайны ва Украіне «цалкам здзівіў Лукашэнку». «Ён знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Ён падтрымаў агрэсію і стаў суагрэсарам. Адзіным яго «поспехам» стала тое, што ён здолеў пазбегнуць непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях беларускага войска. На мой погляд, гэта звязана не з «гераічным» супрацівам з боку Лукашэнкі, а хутчэй з тым, што Пуцін не бачыў у гэтым большага сэнсу», – лічыць аналітык і дадае, што «расіяне выкарысталі ўсе перавагі Беларусі, акрамя яе арміі, якая не зʼяўляецца яе самым моцным бокам».

«Найвялікшай няўдачай Лукашэнкі ў гэты перыяд было тое, што ён увязаўся ў гэтую вайну, у якой, як ён, напэўна, з часам зразумеў, Расія не можа адназначна выйграць. Хаця мы яшчэ не ведаем, ці можа яе адназначна прайграць», – дадае Каміль Клысіньскі з Цэнтра ўсходніх даследаванняў.

аз