Цягам выходных кіруючыя Аб’яднаныя правыя сілы працягвалі акцыю па абвяшчэнні пытанняў рэферэндуму, які яны прапануюць правесці разам з парламенцкім выбарамі ў Польшчы, то бок 15 кастрычніка 2023 года.
У рамках апытання палякам прапануюць выказацца пра тое, ці яны падтрымліваюць продаж дзяржаўных прадпрыемстваў, ці выказваюцца за павышэнне пенсійнага ўзросту, ці падтрымліваюць прыняцце тысячаў нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі ў адпаведнасці з механізмам прымусовага перасялення ЕС і ці падтрымліваюць яны ліквідацыю агароджы на польска-беларускай мяжы, нагадвае старонка i.pl.
Прэм'ер Матэвуш Маравецкі паведаміў, што пра канчатковы кшталт пытанняў у панядзелак вырашыць Савет міністраў. Нагадваем, 16 і 17 жніўня адбудзецца двухдзённае паседжанне ніжэйшай палаты польскага парламента, падчас якога павінна быць разгледжаная прапанова аб прызначэнні ўсенароднага рэферэндуму.
Між тым, паводле публіцыста старонкі wPolityce.pl Якуба Мацяеўскага, чатыры простыя пытанні – гэта для апазіцыі праблема. У выпадку перамогі на парламенцкіх выбарах правыя сілы атрымаюць дадатковую моцную легітымнасць супрацьстаяць ЕС па згаданых справах. У сваю чаргу, калі апазіцыя возьме ўладу ў Польшчы, правыя сілы атрымаюць інструмент, каб блакаваць змены прапанаваныя новым урадам.
Чарговую небяспеку для апазіцыі публіцыст бачыць у перманентнай крытыцы рэферэндума і закліках байкатаваць апытанне, што можа адбіць ахвоту ў часткі выбаршчыкаў ісці на выбары.
аз