Заснавальнік і дырэктар Інстытуту глабалізацыі Томаш Тэлюк у выданні Gazeta Polska Codziennie аналізуе, якія матывы пераважаюць у палітыцы заходніх суседзяў Беларусі адносна руху праз мяжу з гэтай краінай.
Літоўцы хочуць ізаляцыі Беларусі
Найбольш гучна пра поўную ізаляцыю рэжыму ў Мінску кажуць літоўцы. Усё больш складаная сітуацыя і невядомасць яе развіцця падштурхнулі Вільню да радыкальных крокаў. Гэта, да прыкладу, закрыццё двух памежных пераходаў з Беларуссю ў Шумску і Цверачы.
Пра такую магчымасць заявіла ў пачатку жніўня міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ пасля размовы са сваім калегам у Польшчы Марыюшам Каміньскім.
Магчыма, іх закрыццё дапаможа ўстановам вырашыць нейкія арганізацыйныя пытанні, бо на гэтых пунктах не хапае абсталявання, якое дазваляе эфектыўна кантраляваць кантрабанду, піша Тэлюк.
«Калі б гэтыя пункты зачыніць, мы маглі б накіраваць адпаведныя сродкі на іншыя КПП, умацаваўшы такім чынам нашу знешнюю мяжу», — сказаў дарадца прэзідэнта Дарыус Урбонас.
Гаворка ідзе толькі пра два памежныя пункты з шасці, якія Літва мае з Беларуссю.
Кіраўнік літоўскай памежнай службы занепакоены вялікім памежным рухам з Беларуссю. Аказваецца, за першае паўгоддзе гэтага года ў Беларусь паехала ажно 230 тысяч літоўцаў. Прычыны розныя: ад сямейных сувязяў да пакупак і ўладкавання на працу.
Выклікаюць трывогу шматлікія спробы беларускіх службаў завербаваць літоўцаў. Грамадзяне Літвы падвяргаюцца ціску з патрабаваннем рабіць фотаздымкі стратэгічных аб'ектаў або ваенных перамяшчэнняў. Ахова дзяржаўнай мяжы VSAT перасцерагае ад беларускіх службаў. На памежных пераходах з Беларуссю літоўскія службы ўсталявалі чырвоныя шыльды з надпісам: «Не рызыкуйце сваёй бяспекай, не едзьце ў Беларусь, можаце ніколі не вярнуцца».
Некаторыя грамадзяне Літвы выказваюць незадаволенасць планамі закрыцця памежных пераходаў з Беларуссю. Літоўцы купляюць у Беларусі таннейшы бензін, лекі або робяць пакупкі ў крамах бяспошліннага гандлю.
Латвія вагаецца
Часцей за ўсё супраць поўнага закрыцця выносяцца эканамічныя аргументы. Латышы таксама маюць выгады ад памежнага руху. Для многіх пытанне свабоды перамяшчэння важнейшае за пытанне бяспекі. Аднак чыноўнікі прытрымліваюцца іншага меркавання.
Латвія падоўжыла надзвычайнае становішча ў сумежных з Беларуссю раёнах. Тэрмін аховы падоўжаны яшчэ на паўгода і будзе дзейнічаць да 10 лютага 2024 г. Надзвычайнае становішча дзейнічае ўжо два гады. Паводле афіцыйных звестак, за гэты перыяд мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы 14 тысяч чалавек. Толькі сёлета іх было амаль 5,5 тысячы. Па гуманітарных меркаваннях у краіну пусцілі 282 чалавекі, у тым ліку 117 дзяцей.
Апошнім часам каля 100 мігрантаў кожны дзень спрабуюць нелегальна перайсці мяжу з Беларусі ў Латвію.
Польшча настроена рашуча
Урад у Вaршаве не завагаецца прыняць радыкальныя крокі, нягледзячы на эканамічныя наступствы. Экспарт у Беларусь складае 1,8 млрд еўра. Польшча ў асноўным экспартуе аўтазапчасткі, бытавую тэхніку і хімічную прадукцыю. З беларускага напрамку цякуць звадкаваны газ, угнаенні і драўніна. Аднак у выніку санкцый імпарт скараціўся з 1,5 мільярда еўра ў 2021 годзе да 0,5 мільярда еўра ў гэтым годзе.
Закрыццё мяжы з Беларуссю ўдарыць не толькі па рэжыму ў Мінску, але і па Кітаю. Тэрмінал у Малашэвічах - гэта кітайскія дзверы ў Еўропу. Менавіта праз беларуска-польскую мяжу ў ЕС увозіцца ажно 90 працэнтаў імпартных тавараў. Штомесяц гэта каля 25 тысяч вагонаў.
Ізаляцыя Беларусі можа аблегчыць праблему нелегальнай міграцыі. Нягледзячы на функцыянаванне электроннай сцяны і брандмаўэра, нелегальна праз зялёную мяжу і праз Украіну і Балканскі маршрут, шмат нелегалаў усё роўна трапляе ў Польшчу. Нямецкія крыніцы паказваюць, што прыток нелегальных мігрантаў у Нямеччыну праз мяжу з Польшчай павялічыўся амаль на 170 працэнтаў. Нямецкая паліцыя з пачатку года затрымала больш за 12 тысяч такіх людзей.
Аб планах Літвы, Латвіі і Польшчы наконт закрыцця памежных пераходаў з Беларуссю піша Томаш Тэлюк у выданні Gazeta Polska Codziennie.
яс