Смерць Прыгожына не зменіць стратэгіі Расіі ў дачыненні да Польшчы і Украіны. Стратэгія дэстабілізацыі бяспекі на мяжы Польшчы і Беларусі, а таксама Беларусі і іншых краін Балтыі была падрыхтавана некалькі гадоў таму і рэалізуецца паслядоўна, заявіў у размове з агенцтвам PAP генерал Багуслаў Самаль(Bogusław Samol).
У сераду ўвечары Расавіяцыя паведаміла, што на борце самалёта, які разбіўся ў Цвярской вобласці на захадзе Расіі, знаходзіўся кіраўнік «Групы Вагнера» Яўген Прыгожын, яго «правая рука» Дзмітрый Уткін пазыўны «Вагнер» і восем іншых чалавек. Узніклі здагадкі пра тое, што самалёт быў збіты расійскімі СПА або пра выбух на борце.
«Гібель кіраўніка расійскай групы наймітаў Яўгена Прыгожына – гэта не больш, як вынік унутраных гульняў у Расіі», – лічыць генерал Самаль. Паводле яго, «цяпер улада ў Крамлі паспрабуе разбіць «Групу Вагнера» і ўтаймаваць наймітаў, а таксама ўціхамірыць адданых Прыгожыну камандзіраў тымі ж метадамі, якія яна выкарыстоўвала супраць іх кіраўніка».
«Замест «Групы Вагнера», верагодна, будуць створаныя іншыя групы падобнага кшталту, таму што гэта неабходна для рэалізацыі доўгатэрміновай стратэгіі Пуціна, асабліва ў Афрыцы, і ў адносінах да краін, якія прыхільна ставяцца да Расіі і таму не крытыкуюць вайны ва Украіне. Аднак гэтыя групоўкі будуць значна больш кантраляваныя Крамлём», – пераконвае генерал Самаль.
Паводле яго, «гібель Прыгожына таксама не зменіць стратэгіі Расіі ў дачыненні да Украіны». «Асабліва ў першыя месяцы расійскага ўварвання ва Украіну «Група Вагнера» была ў пэўным сэнсе зручным інструментам для Пуціна для дасягнення ягоных мэтаў. Напрыклад, яна выконвала заданне ў раёне Бахмута або дэстабілізавала сітуацыю на ўсходзе Украіны, прымусіўшы ўкраінцаў да жорсткай абароны, што дало арміі магчымасць аддыхнуць пасля паразы пад Кіевам і Харкавам», – адзначыў генерал.
Прычына катастрофы ў Цвярской вобласці на захадзе Расіі пакуль невядомая. Паводле экспертаў амерыканскага Інстытута ваенных даследаванняў, вельмі верагодна, што гэта была помста Уладзіміра Пуціна за чэрвеньскі мяцеж «Групы Вагнера».
У чэрвені Прыгожын паўстаў супраць уладаў у Маскве. Спачатку найміты з «Групы Вагнера» занялі штаб расійскай арміі ў Растове, а затым пачалі прасоўвацца ў бок Масквы. Лідар наймітаў Яўген Прыгожын, які доўгі час канфліктаваў з той часткай расейскага ваеннага ведамства, якая камандавала ўварваннем ва Украіну, запатрабаваў «аднавіць справядлівасць» у арміі і адхіліць ад улады міністра абароны Сяргея Шайгу. У той жа вечар Прыгожын нечакана спыніўся і абвясціў аб вывадзе наймітаў у палявыя лагеры на тэрыторыі Беларусі.
аз