Урад талібаў у Афганістане забараніў жанчынам наведваць папулярны нацыянальны парк Банды-Амір, таму што многія там не мелі на сабе хіджабу. Да таго часу, пакуль не знойдзена вырашэнне праблемы, забарона застанецца ў сіле – піша Niezalezna.pl са спасылкай на BBC.
Банды-Амір – адзін з галоўных турыстычных напрамкаў краіны, яго наведвае мноства сем'яў. Забарона на наведванне гэтага месца жанчынамі азначае, што многія з іх не змогуць палюбавацца прыгажосцю прыроды.
Прадстаўнікі ЮНЕСКА называюць парк «прыродным комплексам азёр з незвычайнымі геалагічнымі ўтварэннямі, якія вылучаюцца сваёй унікальнай прыгажосцю».
Махамад Халед Ханафі, міністр па прасоўванні дабрадзейнасці і прадухіленні заганаў, заявіў афганскаму інфармацыйнаму агенцтву Tolo News, што наведваць парк «неабавязкова».
Рэакцыя была адназначнай. Былы дэпутат парламента Афганістана Марыям Салейманхіл выказалася на платформе X (раней вядомай як Twitter): «Мы вернемся, я ў гэтым упэўненая». Ферэшта Абасі з Human Rights Watch адзначыла, што забарона была ўведзена ў Дзень роўнасці жанчын, яна назвала гэта «поўнай непавагай да афганскіх жанчын».
Гэта не першы выпадак, калі талібы ўводзяць абмежаванні для жанчын. Са снежня 2022 года ім забаранілі хадзіць у школу. Нядаўна закрылі цырульні і салоны прыгажосці, таксама жанчыны не могуць здаваць уступныя экзамены ў ВНУ.
нг