ЗША абвясцілі ў аўторак, 29 жніўня аб наступным пакеце ваеннай дапамогі Украіне. Яго змест паведаміла паведаміла прэсавая сакратарка Белага дому Карын Жан-П’ер:
-Сёння адміністрацыя Джо Байдэна абвяшчае чарговы пакет вайсковай дапамогі Украіне. Пакет уключае ў сябе ракеты AIM-9M для СПА, боепрыпасы для высока мабільных артылерыйскіх ракетных сістэм HIMARS, 155-мм і 105-мм артылерыйскія боепрыпасы, абсталяванне для размініравання, Javelin і іншыя супрацьтанкавыя ракеты, больш за 3 млн. патронаў для стралковай зброі, машыны хуткай дапамогі, боепрыпасы для размініравання перашкод, а таксама запчасткі.
Гэты пакет дапаможа Украіне ў яе барацьбе з агрэсіяй, а таксама ў абароне паветранай прасторы, бо расійскія ракетныя абстрэлы, у выніку якіх гіне вялікая колькасць грамадзянскіх, працягваюцца.
Расія пачала гэтую вайну і можа спыніць яе ў любы момант, вывеўшы свае войскі з Украіны і спыніўшы свае жорсткія напады. Пакуль яна гэтага не зробіць, Злучаныя Штаты, нашыя саюзнікі і партнёры будуць адзіныя з Украінай, і так доўга, як гэта спатрэбіцца.
Усяго, паводле інафармацыі сусветных СМІ, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ЗША ўжо вылучылі Украіне больш за 66 мільярдаў долараў дапамогі, большую частку якой складае менавіта вайсковая падтрымка. Гэта больш, чым Вашынгтон вылучае на дапамогу любой іншай краіне.
Стары Кантынент намагаецца не адставаць ад Новага Свету і таксама працягвае аказаць усялякую падтрымку Украіне. У сераду, 30 жніўня стала вядома, што Германія перадала Украіне новую партыю ваеннай дапамогі. У яе склад увайшлі дзесяць танкаў Leopard 1A5, радыёлакацыйная сістэма паветранага агляду TRML-4D, 16 беспілотнікаў-разведчыкаў «Вектар», чатыры цягачы HX81 8x8 і чатыры паўпрычэпы, больш а таксама больш за 13 мільёнаў боепрыпасаў і палявы шпіталь.
У пачатку жніўня нямецкі абаронны канцэрн Rheinmetall пацвердзіў набыццё ў Бельгіі 50 танкаў Leopard 1 для рамонту і далейшай адпраўкі ва Украіну ад імя нямецкага ўрада. Аднак у канцэрне не ўдакладнілі, якім будзе графік паставак узбраення. Плануецца, што толькі каля 30 з гэтых 50 «Леапардаў» будуць пастаўленыя ва Украіну, бо некаторыя машыны былі ў такім дрэнным стане, што іх можна было выкарыстоўваць толькі ў якасці «донараў» камплектуючы для рамонту іншых машын.
Добрыя для Украіны навіны таксама паступілі з Бухарэсту і Амстэрдаму. Нідэрланды і Румынія дамовіліся стварыць на тэрыторыі апошняя навучальны цэнтр для падрыхтоўкі пілотаў шматмэтавых амерыканскіх знішчальнікаў F-16, паведаміла, міністр абароны Галандыі Кайса Олангрэн пасля размовы з румынскім калегам Ангелам Тылварам:
-Для Нідэрландаў вельмі важна працягваць дэманстраваць наша адзінства і падтрымку Украіны ў яе барацьбе з расійскай агрэсіяй. Нідэрланды і Румынія падпісалі ліст аб намерах аб падрыхтоўцы і абслугоўванні F-16 у навучальным цэнтры ў Румыніі. Гэта канкрэтны крок да ўзмацнення супрацьпаветранай абароны Украіны з боку дзвюх еўрапейскіх краінаў і, безумоўна, з боку ўсіх еўрапейскіх краінаў, якія ўваходзяць у кааліцыю F-16.
Нагадаем, раней стала вядома, што Нідэрланды і Данія перададуць Украіне дзясяткі знішчальнікаў F-16.
Аднак у ваенным забеспячэнні Украіны яе заходнімі партнёрамі назіраюцца і пэўныя «прабуксоўкі». Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕЗ Жазэп Барэль у сераду заклікаў краіны блока заказваць больш боепрыпасаў для Украіны, бо, як Еўрасаюз яшчэ далёкі ад пастаўленай у сакавіку агульнай мэты – перадачы Украіне мільён артылерыйскіх снарадаў на працягу года. На сустрэчы міністраў замежных спраў ЕЗ, Украіны ды іншых саюзнікаў у іспанскім Таледа, Барэль паведаміў, што са зброевымі фірмамі былі падпісаныя кантракты, якія дазваляюць краінам-сябрам ЕЗ размяшчаць сумесныя замовы на 155-міліметровыя снарады, якія тэрмінова неабходныя Украіне:
-Цяпер справа за дзяржавамі-членамі, якія павінны размясціць канкрэтныя заказы ў рамках гэтых рамачных пагадненняў з вытворцамі.
Сёлета ў сакавіку ЕЗ узгадніў план на суму каля 2 млрд еўра па пастаўцы Украіне 1 млн артылерыйскіх снарадаў і ракет на працягу 12 месяцаў.
Таксама дыпламат прапанаваў пашырыць план па падрыхтоўцы ўкраінскіх салдат у ЕЗ з 30 да 40 тысяч вайскоўцаў. Паводле яго слоў, трэніровачная місія Еўрасаюза падрыхтоўкі ўкраінскіх салдат мае рэальны ўплыў і практычна ажыццяўляецца з беспрэцэдэнтнай хуткасцю:
-Гэтая місія ўжо падрыхтавала 25 тысяч украінскіх салдат, і некаторых з іх у тут, у Таледа, дзякуючы іспанскай арміі. У рамках еўрапейскай місіі 30 тысяч украінскіх салдат будзе падрыхтавана да канца кастрычніка. Я прапаную міністрам павялічыць колькасць украінскіх салдат, якіх трэба падрыхтаваць да канца года, да 40 тысяч чалавек.
Інтэнсіфікацыя заходняй падтрымкі мае ключавое значэння для контрнаступлення УСУ, якое ў апошнія дні істотна набрала моцы. Пасля вызвалнення вёскі Алешкі Херсонскай вобласці, украінцы таксама адкрылі шлях да стратэгічна важнага чыгуначнага вузла – гораду Такмак Запарожскай вобласці. Такма з’яўляецца ключавым чыгуначным вузлом па забеспячэнні Крыму.
Колішні кіраўнікі Службы знешняй разведкі Украіны генерал Мікалай Маламуж заявіў, што ўкраінская армія у бліжэйшы час зможа акружыць горад і прымусіць расіянаў пакінуць Такмак:
-У нас ёсць магчымасць акружыць горад, і яны гэта адчуваюць. Мы бачым, што ў Такмаку былі падрыхтаваныя шляхі адыходу не толькі для салдат, але і для акупацыйнай адміністрацыі ды іх сем’яў, а гэта перадумова, якая прадугледжвае капітуляцыю гораду. І для нас гэта ключ да поўнага закрыцця паўднёвага калідора.
Вызваленне Такмака дасць магчымасць украінцам наступаць далей на Мелітопаль або Бярдзянск.
iar/pr/эж