Калі Польшчы ўдасца рэалізаваць планы па мадэрнізацыі арміі, то Войска Польскае будзе мець больш танкаў, чым Германія, Францыя, Італія і Вялікабрытанія, разам узятыя, піша выданне Dziennik Gazeta Prawna. Шматгадовы высокапастаўлены супрацоўнік штаб-кватэры НАТА Джэймі Шэй сказаў, што Польшча разумее небяспеку і пагрозы, якія сыходзяць з боку Расіі і Беларусі. Варшава таксама разумее, што, нягледзячы на членства ў НАТА, павінна разлічваць на свае сілы.
«Польшча – адносна раўнінная краіна, якая ў выпадку патэнцыйнага ўзброенага канфлікту можа быць хутка занятая ворагам. У Варшаве гэта разумеюць і, у сувязі з гэтым, развіваюць сухапутныя і паветраныя сілы», – сказаў Джэймі Шэй Польскаму агенцтву друку.
У апошні час Польшча падпісала шматмільярдныя кантракты на пакупку ў Паўднёвай Карэі тысяч танкаў К2, самаходных артылерыйскіх установак К9, РСЗА К239, а таксама амерыканскіх танкаў Abrams і знішчальнікаў F-35.