Беларуская Служба

Павал Латушка: Беларусам нельга здавацца і проста сядзець

04.09.2023 18:15
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета ды старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, едзе на XXXII Эканамічны форум у Карпач, якія лічыцца найбуйнейшай палітычнай і эканамічнай канферэнцыяй у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Аўдыё
  • Беларуская праблематыка павінна гучаць на міжнародным узроўні
K
Kіраўнік НАУ Павел Латушкаскрыншот/ ютуб-канал Паўла Латушкі

Галоўная мэта – нагадаць Еўропе пра Беларусь, пра беларусаў, якія падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці, але штучна аўтарытарным рэжымам ізалюцца ад аб’яднанай Еўропы.

5-7 верасня ў польскім мястэчку Карпач праходзіць Эканамічны форум. Гэта важная падзея для свету палітыкі ды бізнесу ў Цэнтральнай Еўропе, таму што штогод тут абмяркоўваюцца пытанні бяспекі, перспектывы эканамічнага развіцця, новыя выклікі ды пагрозы, а таксама вядзецца пошук стратэгіі па выхадзе з крызісаў, прадстаўляюцца канкрэтныя рашэнні ды наватарскія ідэі.

Удзел у сёлетнім форуме задэкларавала больш за 5 тысяч палітыкаў, бізнесоўцаў, грамадскіх дзеячаў з Еўропы ды свету. Сярод удзельнікаў адзін з лідараў беларускіх дэмакратычных сіл - прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета ды старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка. Напярэдадні Форума мы запыталіся ў палітыка чаму важна там быць і з чым ён туды ёдзе?

- На Эканамічным форуме ў Польшчы збіраюцца прадстаўнікі палітычных эліт, дыпламаты, эксперты з краін Еўропы. Гэта вельмі важная пляцоўка, каб правесці двухбаковыя сустрэчы. У нас ужо запланаваныя размовы з прадстаўнікамі Украіны ды Чэхіі. Яшчэ гэта магчымасць давесці тыя праблемы, якія сёння стаяць перад беларускім грамадствам, перад беларускай дзяржавай і дэмакратычнымі сіламі.   

Арганізатары заяўляюць, што Эканамічны форум дае магчымасць замяніць стэрэатыпы фактамі, сфарміраваць меркаванні на аснове прадметнага абмену думкамі. Якая, на Вашу думку, галоўная праблема Беларусі ў Еўропе, якую трэба змяняць?

- Я бяру ўдзел у панэлі на тэму: Што не атрымалася з боку Захаду для таго, каб падтрымаць беларускі дэмакратычны рух? Важна зразумець, якія былі памылкі, і што можна зрабіць цяпер. Мне важна данесці, што памылкі палягалі на адсутнасці стратэгіі з боку Еўрапейскага Саюза, дэмакратычных краін наконт таго, як дапамагчы Беларусі выйсці з крытычнага пункту нашай дзяржаўнасці ды пытання нашых перспектыў быцця ў еўрапейскай сям’і. Апроч таго для мяне важна гаварыць публічна і знаходзіць партнёраў у справе выкарыстання міжнародных механізмаў прыцягнення да крымінальнай міжнароднай адказнасці Лукашэнкі ды яго памагатых. Размова ідзе пра стварэнне спецыяльнага Міжнароднага трыбунала за злачынствы  супраць чалавечнасці ў Беларусі за злачынствы пасля 2020-га года, і пра выкарыстанне інструментаў Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе ў звязку з удзелам Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Мы цяпер лабіруем накіраванне адпаведных дакументаў у Міжнародны крымінальны суд з боку нашых суседзяў: Польшчы, Літвы, Латвіі.

Тэмай сёлетняга форуму заяўленыя «Новыя каштоўнасці Старога кантынента – Еўропа на парозе пераменаў». Ці можна сказаць, што таксама Беларусь на парозе перамен. Ці Вы верыце ў гэта?

- Калі б не верыў, я не паехаў бы ў Карпач, а працаваў бы выкладчыкам ці юрыстам. Я ўпэўнены ў пераменах, нам нельга здавацца, нельга сядзець на беразе ракі і проста чакаць. Мы павінны мець свой човен і веславаць у важным для нас напрамку. Гэта Еўропа і Еўрапейскі Саюз, гэта дэмакратыя, правы чалавека, цывілізаваны свет, адкуль нас спрабуюць адштурхнуць. Я перакананы, што перамога Украіны стварае для нас магчымасці. Свет цяпер у турбулентным стане, што дае мне падставы верыць у тое, што мы зможам змяніць сітуацыю ў Беларусі.       

Эканамічны форум у Карпач сёлета абяцае вельмі насычаную ды змястоўную праграма з больш чым 470 мерапрыемстваў. На тры дні ў Карпач прыедуць найважнейшыя людзі краіны і рэгіёна: кіраўнікі палітыкі, эканомікі, мясцовага самакіравання, выдатныя прадстаўнікі свету культуры і навукі. На гэтай сустрэчы прагучыць голас з Беларусі.

Юры Ліхтаровіч