Беларуская Служба

Канфлікт паміж Польшчаю і Украінай з-за сельгаспрадукцыі. Украіна раптоўна перадумала ўводзіць эмбарга на польскія яблыкі і гародніну

20.09.2023 13:35
Канфлікт паміж Польшчаю і Украінай з-за збожжа выйшаў на міжнародны ўзровень. Але Украіна, верагодна, ідзе на саступкі, пасля гучных заяў пра ўвядзенне эмбарга на пастаўку садавіны і гародніны з Польшчы.
Premier: przestrzegam ukraińskie władze przed eskalacją konfliktu o zboże
Premier: przestrzegam ukraińskie władze przed eskalacją konfliktu o zbożemuratart/shutterstock & PAP/Tomasz Gzell

Перадгісторыя канфлікту: 15 верасня Еўрапейская камісія зняла забарону на ўвоз украінскага збожжа і іншых прадуктаў харчавання ў пяць краін ЕС. Польшча, Славакія і Венгрыя вырашылі падоўжыць забарону ў аднабаковым парадку, каб абараніць сваіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Раней Украіна экспартавала большую частку сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі праз Чорнае мора. Пасля таго, як Расія заблакавала г.зв збожжавы калідор, прадукцыя экспартуецца наземным шляхам, сярод іншага праз Польшчу. А гэта выклікае праблемы для польскіх фермераў, і з боку лагістыкі, і з прычыны, што больш танная ўкраінская прадукцыя трапляе на польскі рынак.

Падчас выступу на 78-й сесіі Генасамблеі ААН 19 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што некаторыя сябры Украіны дэкларуюць салідарнасць з гэтай краінай і насамрэч дапамагаюць Расіі. «Аднак трывожна, што некаторыя ў Еўропе, некаторыя нашы сябры ў Еўропе, выступаючы салідарна ў палітычным тэатры, але яны робяць трылер з хлебнай тэмы. Яны могуць думаць, што гуляюць сваю ролю, але насамрэч яны дапамагаюць падрыхтаваць глебу для маскоўскага актора», – сказаў Зяленскі, не называючы ніводнай краіны.

На гэта прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда нагадаў, што Польшча не закрыла свае межы для ўкраінскага збожжа, але ўстанавіла транспартныя калідоры, пра што было ўзгоднена з Украінай. «Дзякуючы гэтым калідорам цяпер праз Польшчу перавозіцца ў два разы больш збожжа, чым у лютым-сакавіку гэтага года», – растлумачыў ён.

– Украіна церпіць ад нападу Расіі, без сумненняў, яна ў вельмі цяжкай сітуацыі. І хапаецца за ўсё, што атрымліваецца. Ці можна мець да яе прэтэнзіі? Ну, вядома, можна скардзіцца. Ці варта дзейнічаць, каб засцерагчы сябе ад пашкоджання тапельцам? Безумоўна, мы павінны дзейнічаць, каб той, хто тоне, не прычыніў нам шкоды, бо калі ён патопіць і нас, то ў выніку сам не атрымае дапамогі, – пракаментаваў Дуда рэакцыі ўкраінскага боку.

Дарадца прэзідэнта Павел Салэк заявіў, што словы Зяленскага на 78-й сесіі Генасамблеі ААН наконт еўрапейскай салідарнасці былі непатрэбнымі. Павал Салек нагадаў, што ў дыпламатыі пануе прынцып узаемнасці:

– Калі Украіна будзе прымяняць падобныя метады, то, натуральна, у сферы дыпламатыі будзем рабіць сіметрычныя захады. І варта было б больш разважліва падыходзіць да таго, як Польшча дапамагала Украіне, і як Польшча можа перайсці да сіметрычнага адказу.

Таксама намеснік кіраўніка Міністэрства эканомікі т гандлю Украіны Тарас Качка паведаміў у інтэрв'ю выданню Rzeczpospolita, што бліжэйшымі днямі ягоная краіна ўвядзе эмбарга на цыбулю, памідоры, капусту і яблыкі. Раней прэмʼер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў аб магчымасці ўвядзення эмбарга на некаторыя польскія, венгерскія і славацкія тавары. Гэта павінна стаць адказам на падаўжэнне гэтымі краінамі забароны на імпарт украінскай пшаніцы, рапсу, кукурузы і сланечніка.

Аднак ужо праз дзень намеснік міністра эканомікі і гандлю Украіны Тарас Качка выказаў здагадку, што яго краіна, верагодна, не будзе ўводзіць эмбарга на прадукцыю з Польшчы, і што гандлёвыя абмежаванні «гэта апошні пункт у плане дзеянняў» украінскага ўрада.

Перад гэтым гучным заявам афіцыйнага Кіева абурыўся польскі бок.

«Я папярэджваю ўкраінскія ўлады, таму што калі яны абвастрыць гэты канфлікт, мы дадамо больш прадуктаў пад забарону на ўвоз у Польшчу», – заявіў прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі ў эфіры Polsat News.

Кіраўнік урада заклікаў украінцаў зразумець інтарэсы Польшчы:

– Мы будзем бараніць нашыя інтарэсы. Гэта азначае, што мы паважаем усе праблемы ўкраінскага боку, але для нас найважнейшыя інтарэсы нашага фермера, інтарэсы польскага сельскагаспадарчага сектару. Гэта значыць, што мы не згаджаемся з працэдурамі, скаргамі супраць нас, бо гэта будзе азначаць, што нехта не разумее, як быў дэстабілізаваны сельскагаспадарчы рынак у Польшчы.

Украіна накіравала ў Сусветную гандлёвую арганізацыю скаргу на дзеянні Польшчы, Венгрыі і Славакіі ў сувязі з захаваннем эмбарга.

Варта адзначыць, што дзве сумежныя дзяржавы, Польшча і Украіна, якія на фоне агрэсіі Расіі моцна зблізіліся, маюць дастаткова інструментаў, каб папсаваць адна адной дасягнутыя дамоўленасці. Напрыклад, пасля  выступу Зяленскага ў ААН 19 верасня, прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюллер заявіў, што Польшча можа спыніць выплату сацыяльных дапамог украінцам, якія прыехалі ў Польшчу пасля пачатку абвешчанай Расіяй вайны. «Нішто не высечана ў камені. Папросту дзеянне рэгламенту скончыцца ў пачатку наступнага года», – заявіў палітык.

IAR / вх