Беларуская Служба

Праграмная прамова Туска ў ценю скандалу: дэпутат Гжэгаж Браўн патушыў ханукальныя свечкі. Хто гэты дэпутат?

13.12.2023 10:46
Гжэгаж Браўн загасіў парашковым вогнетушыцелем ханукальныя свечкі, якія стаялі ў калідоры Сейму. Дэпутата выключылі з працэсу, наклалі на яго найвышэйшы штраф, а Канцылярыя Сейму накіруе запыт у пракуратуру.
Grzegorz Braun
Grzegorz Braun Marcin Obara/PAP

Ужо некалькі гадоў у Сейме ладзяцца ўрачыстасці, прысвечаныя габрэйскаму святу Ханука. Учора позна ўвечары, калі ў залі паседжанняў адбываўся раунд пытанняў да прэм’ер-міністра Дональда Туска, дэпутат Канфэдэрацыі патушыў свечкі на меноры. Гжэгажа Браўна, які распыляў парашок з вогнетушыцеля ў парламенцкай залі, спрабавалі спыніць адна з удзельніц цырымоніі Магдалена Гудзіньска-Адамчык.

Маршалак Сейма абвясціў, што, акрамя выключэння Браўна з разгляду справы, дэпутат будзе максімальна пакараны, паводле рэгламенту сейма, г.зн. пазбаўлены паловы парламенцкага заробку на працягу трох месяцаў і ўсю дэпутацкую дапамогу тэрмінам на паўгода. Будзе пададзена заява ў пракуратуру.

– Я спадзяюся, што генпракурор дасць гэтаму ход і мы зможам прыняць рашэнне ў Сейме аб зняцці імунітэту са спадара Браўна, – сказаў маршалак Сейма Шымон Галаўня.

Інцыдэнт быў асуджаны ўсімі групамі, а адзін з лідараў Канфедэрацыі Славамір Менцэн заявіў, што ў бліжэйшы час прыме меры па гэтай справе. У сваю чаргу кіраўнік парламенцкага камітэта ЕС Міхал Кабоска заявіў аб выключэнні Браўна з гэтага органа. Браўн – рэжысёр, сцэнарыст, журналіст і рэпарцёр, працаваў пераважна ў дакументальных, біяграфічных, гістарычных і палітычных жанрах.

Гжэгаж Браўн яшчэ напрыканцы 1980-х быў удзельнікам і адным з арганізатараў студэнцкіх страйкаў ва Вроцлаўскім універсітэце. З-за сваёй апазіцыйнай дзейнасці ён таксама трапляў пад следства Службы бяспекі. Як правы палітык Браўн у папярэднія гады спрабаваў сябе на выбарах у Сенат, балатаваўся ў прэзідэнты Гданьска і ў дэпутаты Еўрапарламента, але без поспеху.

Паводле Dziennik Gazeta Prawna/вх