Беларуская Служба

Сітуацыя палітзняволеных у Беларусі пагаршаецца, якія могуць быць рычагі ўплыву на беларускі рэжым?

08.01.2024 19:12
Пагутарылі пра гэта з праваабаронцам.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакvero_vig_050/Pixabay

Расія ўсё больш уцягвае Беларусь у свае імперскія амбіцыі, спрабуючы ўзнавіць Савецкі Саюз, але ў яшчэ горшым выданні, чым ён быў у 70-ыя ці 80-ыя гады. Гэта ўжо нагадвае тую дзяржаву, якую на захадзе называлі «воссю зла». І цяпер гэтая вось вярнулася і ўсмоктвае Беларусь. Дзяржава пераўтвараецца ў чорную дзірку, дзе ўлады могуць зрабіць усё з жыхарамі, дзе ў турмах паміраюць палітычныя вязні.

Актывіст ПЦ «Вясна» Зміцер Салаўёў нагадвае, што сітуацыя палітвязняў у беларускіх калоніях пагаршаецца, летась памерлі як мінімум двое вязняў, таму неабходна на ўвесь свет як мага часцей казаць пра гэта.

- Сітуацыя пагаршаецца. Мы ўсе ведаем пра смерць двух палітзняволеных – спадара Клімовіча, у якога была хвароба сэрца, і вядомага мастака Алеся Пушкіна. Ён памёр ад язвы, мог бы жыць, калі б яму была аказаная медычная дапамога. Так што палітзняволеныя знаходзяцца ў жахлівых умовах, якія можна назваць катаваннем. Пра гэта трэба казаць на ўвесь свет, грукацца ў дзверы палітыкаў, грамадскіх арганізацый, СМІ. Казаць пра бяду Беларусі, дзе спрабуюць зрабіць Савецкі Саюз 2.0.

На думку праваабаронцы, самы дзейсны рычаг уплыву на беларускі рэжым – гэта ўвядзенне сапраўды жорсткіх міжнародных санкцыяў.

- Спыненне гандлю, спыненне чыгуначнага злучэння, каб не ішлі тавары, каб такія краіны, як Кітай, не маглі атрымліваць прыбытку. Калі санкцыі будуць балючыя, тады выйдуць на волю і Андрэй Пачобут, і іншыя палітзняволеныя. Ніколі нельга займацца «рэальнай палітыкай», трэба прытрымлівацца каштоўнасцяў, якія зараз топчуцца нагамі ў Беларусі.

Страх сесці ў турму за супраціў уладам – гэта адзін з самых магутных метадаў запужвання беларускага грамадства. Аднак ёсць таксама іншыя. Напрыклад, кантрактная сістэма, якая дае магчымасць звольніць чалавека з працы, калі яго погляды не падабаюцца працадаўцы.

Слухайце ўсю гутарку ў далучаным гукавым файле

нг