Сцяна на мяжы з Беларуссю стала адной з тэмаў выбарчай кампаніі ў Польшчы. Згаданай справы тычылася нават адно з пытанняў рэферэндуму, які адбыўся разам з парламенцкімі выбарамі 15 кастрычніка. Кіроўныя правыя сілы перасцерагалі, што прыход да ўлады Дональда Туска будзе азначаць знос плота і адсутнасць кантролю за мігрантамі, якія нелегальна перасякаюць польскую мяжу.
Будаўніцтва сцяны на мяжы з Беларуссю эмоцыі выклікала з самага пачатку, нагадвае старонка businessinsider.com.pl, якая пацікавілася ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі, што далей са сцяной на польска-беларускай мяжы.
Падчас кампаніі Дональд Туск, як мінімум, некалькі разоў закранаў пытанне сцяны. «Сцяну на мяжы з Беларуссю мы толькі пабудаваць павінны. На самой справе яна не існуе. Тая, якая ёсць – гэта фікцыя», – заявіў тады лідар «Грамадзянскай кааліцыі».
Аднак усё гэта адбывалася перад выбарамі. Зараз адказ МУС на запыт выдання наконт плота не пацвярджае ранейшых боязяў палітыкаў «Права і справядлівасці».
«У 2024 годзе на бягучае ўтрыманне механічных і электронных загарод на мяжы з Беларуссю будзе выдзелена прыкладна 2,5 мільёна злотых. На загароды распаўсюджваецца 5-гадовая гарантыя. Рамонтныя работы праводзяцца падрадчыкамі ў рамках гарантыйных праверак або сэрвісных заяваў», – чытаем у адказе міністэрства.
Урад Дональда Туска таксама мае намер далей пашыраць інвестыцыю. «Памежная служба пачала рэалізацыю інвестыцыі па будаўніцтве радыёэлектроннай сістэмы на водным участку мяжы з Беларуссю. Працягласць – 219 кіламетраў (на рацэ Буг – 172 кіламетры, на рацэ Істачанка – 47 кіламетраў). Праект фінансуецца з фондаў ЕС», – паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.
аз