Беларуская Служба

Атака Пакістана. Свет з трывогай назірае за тым, што зробіць Іран у адказ

19.01.2024 12:23
Пасля нападаў Пакістана ў адказ на тэрыторыю Ірана свет з усё большай трывогай глядзіць на нарастаючы канфлікт паміж дзвюма краінамі. Растуць асцярогі з-за ядзернага арсенала, які знаходзіцца ў распараджэнні ўладаў Пакістана.
Ochrona katolickiego kościoła pod wezwaniem świętego Jana w pakistańskim Peszawarze
Ochrona katolickiego kościoła pod wezwaniem świętego Jana w pakistańskim Peszawarze PAP/EPA/BILAWAL ARBAB

У чацвер пакістанская армія нанесла ўдары ў адказ па тэрыторыі Ірана. Ісламабад матываваў сваю атаку ўдарамі па сепаратысцкіх і тэрарыстычных групоўках белуджаў, якія дзейнічаюць па абодва бакі іранска-пакістанскай мяжы.

Міністэрства замежных спраў Пакістана заявіла, што цэлі былі дакладна ідэнтыфікаваныя дзякуючы інфармацыі разведкі і што абстрэл іранскай тэрыторыі быў «праявай непахіснай рашучасці Пакістана абараняць нацыянальную бяспеку». Улады Ісламабада падкрэслілі, што паважаюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Ірана.

Нагадаем, 16 студзеня Іран атакаваў аб'екты ў Пакістане. Інфармацыйнае агенцтва Tasnim, звязанае з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірана, паведаміла, што два важныя штабы Джаіш аль-Адль (Арміі справядлівасці) былі знішчаны. Па дадзеных агенцтва, атакі былі засяроджаныя на раёне ў паўднёва-заходняй пакістанскай правінцыі Белуджыстан, дзе павінен быў знаходзіцца «адзін з найбуйнейшых штабоў» Арміі справядлівасці. Гэтую групоўку абвінавачваюць у сувязях з тэрарыстычнай арганізацыяй «Ісламская дзяржава». Джаіш аль-Адль таксама абвінавачваецца ў нападах у Іране.

Напружанасць паміж Іранам і Пакістанам выклікае непакой у дыпламатычных колах свету па дзвюх прычынах.

Па-першае, з-за цяперашняй актыўнасці Ірана, які падтрымлівае т.зв восі супраціву (уключаючы баевікоў ХАМАС у Палестыне, Хізбала ў Ліване і Хусі ў Емене). Актыўнасць еменскіх хусітаў і адказ амерыкана-брытанскай кааліцыі, а таксама напады з Лівана на Ізраіль узмацнілі асцярогі, што канфлікт на Блізкім Усходзе распаўсюдзіцца на іншыя краіны. У той жа час Іран атакуе абʼекты ў Іраку ў яго курдскай частцы. Цяпер ён вырашыў сілай развязаць праблему сепаратысцкіх груповак, якія дзейнічаюць на мяжы з Пакістанам, якія, магчыма, часткова адказныя за нядаўнія тэракты ў Іране.

Па-другое, Пакістан – ядзерная дзяржава. Перспектыва адкрытага канфлікту з краінай, якая валодае ядзерным арсеналам, можа прывесці да непрадказальных наступстваў.

Тым не менш шанцы на эскалацыю канфлікту выглядаюць невялікімі. Па словах шматлікіх аналітыкаў, іранскія вайскоўцы ўжо даўно пасылаюць сігналы аб тым, што яны не выступаюць за пашырэнне вайны за межы Сектара Газа. Агенцтва Reuters са спасылкай на трох іранскіх чыноўнікаў піша, што Іран клапоціцца не пра рэалізацыю нейкіх амбіцыйных планаў на Блізкім Усходзе, а пра ўласную ўнутраную бяспеку. Краіна змагаецца з серыяй крывавых нападаў, а ўлады ў Тэгеране знаходзяцца пад усё большым сацыяльным ціскам.

Як піша Reuters, абмен ударамі паміж Пакістанам і Іранам адбыўся «ў аддаленых прымежных раёнах, дзе сепаратысцкія групоўкі і ісламісцкія баевікі даўно здзяйсняюць напады на ўрадавыя абʼекты, а афіцыйныя асобы Пакістана і Ірана часта абвінавачваюць адзін аднаго ў саўдзеле ў кровапраліцці. « Агенцтва адзначае, што ў сваіх заявах ні адзін з урадаў не спрабаваў звязаць атакі з вайной у сектары Газа або з атакамі, учыненымі ад імя палестынцаў сеткай арабскіх узброеных груповак (вось супраціву), якія знаходзяцца ў саюзе з Іранам.

Тэгеран даўно заклікае ўлады Пакістана больш актыўна разбірацца ў сітуацыі з баевікамі Белуджыстана на мяжы з Іранам. Цяпер ён аднавіў гэтыя звароты. «У публічных заявах абедзве краіны заявілі, што іх напады не былі накіраваны супраць грамадзян адна адной, і далі сігнал, што не жадаюць эскалацыі», – нагадвае Reuters.

Тэгеран нават назваў Пакістан «братэрскай і сяброўскай» краінай.

Некаторыя аналітыкі кажуць пра патэнцыйную пасярэдніцкую ролю Кітая ў стабілізацыі сітуацыі паміж Пакістанам і Іранам. Хізбала і Іран не жадаюць эскалацыі. Але рызыка, што Блізкі Усход можа выбухнуць застаецца.

dziennik.pl, Reuters/вх