Forsal.pl друкуе гутарку з экспертам Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) Барташам Хмялеўскім (Bartosz Chmielewski) пра тое, як Літва, Латвія ды Эстонія ставяцца да пагрозаў з боку Расіі.
На ягоную думку, СМІ, між іншым, нямецкі Bild, без патрэбы раскручваюць спіраль панікі. Сухапутнае ўварвання ў краіны Балтыі ў бліжэйшай будучыні вельмі малаверагоднае. Праўда, гэтыя дзяржавы даўно рыхтуюцца да эскалацыі. Палітыкі, вайскоўцы і эксперты разглядалі такі сцэнар з 2014 года. Сусветныя СМІ часам паведамляюць, што падобная квазівайсковая аперацыя, як на Крыме, можа адбыцца ў Нарве або Даўгаўпілсе – гарадах, дзе пражываюць шматлікія прадстаўнікі расійскамоўнай меншасці. Аднак, на думку эксперта, гэта міт, бо ў краінах Балтыі няма сепаратысцкіх настрояў з боку расійскамоўных жыхароў.
З 2022 года Эстонія і Латвія рэалізуюць чарговы этап дэсаветызацыі публічнай прасторы – адмяняюць навучанне па-расійску, уносяць папраўкі ў міграцыйнае заканадаўства, абмяжоўваюць расійскую мову, дэпартуюць падазраваных, зносяць савецкія помнікі. І ні адна з гэтых акцый не выклікае сур'ёзных пратэстаў у рускамоўнага насельніцтва. У сваю чаргу, у Літве расійская меншасць з’яўляецца найменшай з усіх трох балтыйскіх краінаў, таму яе палітычны ўплыў маргінальны.
«Я не думаю, што сёлета будзе нешта грандыёзнае з пункту гледжання ўзаемаадносін Расіі і рэгіёна. Латвія і Літва яшчэ будуць адчуваць пэўны міграцыйны ціск з боку Беларусі, але гэта адбываецца даўно, хоць і з рознай інтэнсіўнасцю. У мінулым годзе Расія таксама ўзмацніла ціск на Фінляндыю, і, магчыма, тое ж адбудзецца з Эстоніяй. Таксама будуць абвінавачванні ў русафобіі, у прыгнёце рускай меншасці, у фашызме, у тым, што яны «сабакі Захаду». Тыповыя слоўныя выпады з Крамля, нічога новага», – падсумоўвае свае разважанні эксперт Цэнтра ўсходніх даследаванняў Барташ Хмялеўскі.
нг