1 верасня 2022 года ў Польшчы была прадстаўлена справаздача аб стратах, якія краіна панесла ў выніку нямецкай агрэсіі і акупацыі падчас Другой сусветнай вайны. 3-га кастрычніка 2022 года польскі міністр замежных спраў Збігнеў Раў накіраваў дыпламатычную ноту нямецкаму боку аб кампенсацыі ваенных шкод. Польшча патрабуе ад Берліна кампенсацыі матэрыяльных і нематэрыяльных страт у памеры 6 трыльёнаў 220 мільярдаў 609 мільёнаў злотых.
У студзені мінулага года нямецкае Міністэрства замежных спраў адрэагавала на гэтую ноту. Паводле ўрада ФРГ, пытанне аб рэпарацыях і кампенсацыі страт у вайне застаецца закрытым, і нямецкі ўрад не мае намеру ўступаць у перамовы па дадзденым пытанні.
30 студзеня ў Берліне адбылася сустрэча міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага з кіраўніком нямецкай дыпламатыі Анналенай Бэрбок, падчас якой уздымаліся пытанні кампенсацыі за ваенныя страты. Польская-нямецкія стасункі і пазіцыю польскага ўраду пракаментаваў у размове з Польскім радыё намеснік міністра замежных спраў Анджэй Шэйна.
- У першую чаргу нашы адносіны будуць мець партнёрскі характар. Пакуль рана казаць пра вынікі візіту, але вядомыя тэмы размоў. На сённяшні дзень Германія ведае, што мае партнёрам моцную дзяржаву, дэмакратычную, але і рашучую ў шматлікіх пытаннях. Ёсць справы, у якіх мы не пагаджаемся з немцамі, займаем культурную, але рашучую пазіцыю.
Пра якія справы ідзецца ў першую чаргу?
- Напрыклад, мы ніякім чынам не збіраемся адмаўляцца ад выканання — у чым ПіС ілжыва абвінавачвае цяперашні ўрад — рэзалюцыі Сейма, якая абавязвае нас патрабаваць ад Германіі маральнай, фінансавай і гістарычнай кампенсацыі за наступствы Другой сусветнай вайны. Ідзецца пра апошнюю рэзалюцыю Сейма, за якую амаль увесь парламент прагаласаваў. Пры гэтым мы павінны памятаць пра шэраг важных аспектаў. Самае галоўнае, Германія наш самы важны эканамічны партнёр.
Дыпламат дадаў, што ў польска-нямецкіх размовах будзе ўздымацца пытанне рэпарацый.
- Вядома, яно ўзнікне, гэта натуральна. У гэтай справе польскі ўрад паслядоўна вядзе палітыку згодна з дзвюма пастановамі польскага Сейму. Пры гэтым мы хочам размаўляць пра іншыя справы. Напрыклад, пра фонд падтрымкі Украіны, і 50 мільярдаў, якія блакуе Венгрыя. Мы імкнёмся ў гэтай справе стварыць кааліцыю, гэтым адрозніваемся ад папярэдняга ўрада «Права і справядлівасць». Для нас важна адбудаваць кааліцыю з Германіяй, у рамках Веймарскага трохкутніка. У нашым інтарэсе, каб Украіна атрымала 50 мільярдаў на дзейнасць дзяржаўных устаноў, на ўзбраенне, на абарону ад расійскіх атак. Польшча сталася прыфрантавой дзяржавай. Вакол гэтага мы будуем кааліцыю для нас і для Украіны.
Што Польшча збіраецца рабіць у рамках Веймарскага трохкутніка, то бок адносін з Францыяй ды Германіяй?
- Для мяне - рэалістычна ўмацаваць гэтую ініцыятыву. Новы міністр замежных спраў Францыі ў першыя дні на пасадзе заявіў, што Веймарскі трохкутнік павінен стаць інструментам фармавання Еўрапейскай палітыкі. Для нас гэта важна, бо доўгі час ініцыятыва была мёртвай. Цяпер яе актывізацыя можа даць канкрэтныя вынікі ў выглядзе больш эфектыўнай польскай дыпламатыі.
Дыпламат зазначыў, што для Польшчы важна, каб нямецкія жаўнеры ўзмацнілі кантынгент НАТА на ўсходнім флангу.
- Мы хочам умацавання ўсходняга флангу НАТА, таму для нас не мае значэння, ці гэта будуць нямецкія альбо амерыканскія жаўнеры. Дарэчы, каля Замосця была размешчаная батарэя СПА «Патрыёт», якую абслугоўвалі нямецкія жаўнеры. Мы вітаем удзел нашых партнёраў. Гэта слушная пазіцыя, што і пацвярджае крайне негатыўная заява расійскага МЗС.
Нямецкі бок заяўляе пра магчымасць вайны з Расіяй, каб прыспешыць узбраенне Альянсу. Польшча гэта падтрымлівае, кажа чыноўнік.
- У Еўропе шырыцца перакананне, што трэба ўмацоўваць усходні фланг НАТА, а таксама абшар супольнай абароннай палітыкі ў рамках ЕС. У бліжэйшыя гады павялічыцца кантынгент нямецкіх войск у Літве да 5 тысяч жаўнераў. Вядзецца праца па ўсведамленню еўрапейскіх грамадзян аб важнасці абаронных патрэб. Мы заахвочваем да гэтага нямецкі ды французскі бок, іншыя краіны ЕС.
Дыпламат зазначыў, што ў польска-нямецкіх размовах цяпер будзе рабіцца націск на партнёрства. Маўляў неразумна спрачацца з кімсьці, з кім вы ведзяце добры бізнес, і з кім трэба вырашаць мноства важных пытанняў, як падтрымка Украіны, Веймарскі трохкутнік, або пытанні міграцыі.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч