Беларуская Служба

Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам да расіян: «Наша краіна перажывае цяжкія часы»

14.03.2024 12:35
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расіі Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам да грамадзян сваёй краіны.
Уладзімір ПуцінFrederic Legrand - COMEO/Shutterstock

Прэзідэнцкія выбары ў Расеі пройдуць з 15 па 17 сакавіка. Уладзімір Пуцін прэтэндуе на пяты тэрмін на пасадзе прэзідэнта краіны, якой бесперапынна кіруе з 2000 года (Пуцін быў прэм'ерам у 2008-2012 гадах, тады прэзідэнтам быў Дзмітрый Мядзведзеў).

Пасля змены канстытуцыі Уладзімір Пуцін можа легальна кіраваць Расіяй да 2036 года.

Улічваючы адсутнасць сурʼёзных супернікаў на прэзідэнцкіх выбарах, Пуцін можа быць упэўнены ў перамозе – аднак, паводле неафіцыйных звестак, Крэмль хоча, каб Пуцін атрымаў рэкордную падтрымку на выбарах, якія адбываюцца ў час, калі ва Украіне ідзе вайна.

У выпадку перамогі 71-гадовы Пуцін будзе кіраваць Расіяй як мінімум да 2030 года. Дзякуючы папраўцы ў Канстытуцыю РФ у 2020 годзе, ён зможа балатавацца на чарговы шасцігадовы тэрмін у 2030 годзе.

У звароце да расіян, які трансляваўся па тэлебачанні, Уладзімір Пуцін папрасіў іх «рашуча выказаць сваю волю і імкненне» і прадэманстраваць «прыхільнасць да далейшага развіцця Расіі».

– Перакананы, што вы разумееце, які няпросты час перажывае наша краіна, якія складаныя задачы стаяць перад намі практычна ва ўсіх сферах. І каб і надалей адказваць на іх, каб паспяхова пераадольваць нягоды, мы павінны і ў далейшым быць згуртаванымі і ўпэўненымі, – сказаў расійскі прэзідэнт.

Пуцін заклікаў расіян «прыйсці на выбары і выказаць сваю грамадзянска-патрыятычную пазіцыю, прагаласаваць за выбранага імі кандыдата, за паспяховую будучыню любімай Расіі».

– Выбары – гэта крок у будучыню, – заявіў Пуцін.

У сваім звароце да расіян Пуцін заявіў, што ўсе выбарцы жадаюць «моцнай, квітнеючай і свабоднай Расіі», у якой «паляпшаецца ўзровень і якасць жыцця».

У сваёй прамове Пуцін таксама казаў пра жыхароў акупаваных Расіяй частак Украіны, якія былі незаконна анексаваныя Расіяй пасля пачатку вайны (у 2022 годзе на падставе псеўдарэферэндумаў Расія анексавала акупаваныя часткі Украіны – Данецкую, Луганскую, Херсонскую і Запарожскую вобласці).

– Яны прагаласавалі на рэферэндуме ў самых складаных умовах за абʼяднанне з Расіяй і ў бліжэйшыя дні зноў зробяць свой выбар, – сказаў Пуцін, маючы на ​​ўвазе тое, што Расія арганізоўвае прэзідэнцкія выбары на акупаваных тэрыторыях. – Тыя, хто ўдзельнічае ў спецаперацыі, таксама будуць галасаваць. Яны зʼяўляюцца прыкладам для ўсіх расіян.

rp.pl/вх