Беларуская Служба

Мы будзем купляць больш зброі для Украіны, абяцалі лідары Польшчы, Францыі і Германіі

15.03.2024 16:01
Веймарскі трохкутнік мае шанец нанава стаць сур’ёзным інструментам знешняй палітыкі.
Аўдыё
  • Сёння ў Берліне адбылася сустрэча лідараў краінаў Веймарскага трохкутніка
 -
Лідары краінаў-членаў Веймарскага трохкутнікаPAP/EPA/HANNIBAL HANSCHKE

Сёння ў Берліне адбылася сустрэча лідараў краінаў Веймарскага трохкутніка – Германіі, Францыі і Польшчы, з ініцыятывай якой выступіў нямецкі канцлер Олаф Шольц. Пасля заканчэння сустрэчы прэм'ер Дональд Туск запэўніў, што сёння ўсе тры краіны гаварылі ў адзін голас аб бяспецы еўрапейскага кантынента ў кантэксце вайны ва Украіне. Лідары таксама абяцалі пастаўляць ва Украіну больш зброі.

Паводле каментатараў, мэтай сённяшняй сустрэчы была не толькі выпрацоўка супольнай пазіцыі наконт ваеннай падтрымкі Украіны, але таксама ліквідаванне разыходжанняў у поглядах, якія цягам апошняга часу нарастаюць паміж Германіяй і Францыяй.

Нагадваем, пра незапланаваны саміт Веймарскага трохкутніка ў аўторак пасля сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам паведаміў кіраўнік польскага ўрада Дональд Туск. Паводле часткі каментатараў, польскі прэм’ер павінен дапамагчы вырашыць нямецка-французскую спрэчку:

- У Берліне я разам з прэзідэнтам Макронам і канцлерам Шольцам абмяркую гэтую сітуацыю. Яны таксама чакаюць маёй інфармацыі з перамоў у Вашынгтоне. Сітуацыя складаная, мы ўсе гэта ведаем і адмаўляць гэтага няма сэнсу. Аднак пацвярджэнне амерыканскага боку, што ён сапраўды сур'ёзна ставіцца да НАТА і сваіх абавязацельстваў, гэта нешта важнае.

Каментатары нагадваюць, што спрэчка паміж Германіяй і Францыяй нарастала паступова. Прэзідэнт Эманюэль Макрон лічыць, што еўрапейскія краіны павінны аказваць украінцам максімальную падтрымку. Ён таксама не выключыў накіравання ва Украіну еўрапейскіх вайскоўцаў:

- Сёння няма адзінага меркавання адносна афіцыйнай і арганізаванай адпраўкі сухапутных войскаў, але ў гэтай дынамічнай сітуацыі нічога выключаць не варта. Мы зробім усё неабходнае, каб Расія не выйграла гэтую вайну.

Французскія ўлады ўжо раней крытыкавалі Германію за стрыманасць у перадачы Украіне дапамогі. Прэзідэнт Макрон сказаў нават, што зараз нельга быць «баязліўцамі».

У чацвер у тэлевізійным інтэрвʼю прэзідэнт Францыі патлумачыць свае словы аб тым, што ён не выключае ўвод войскаў ва Украіну. Паводле яго, загадзя паведаміць агрэсару, што» мы не пяройдзем пэўную мяжу – гэта ўжо параза».

Эманюэль Макрон падкрэсліў, што з пачатку агрэсіі Расіі ў 2014 годзе Захад спрабаваў усяго, каб дасягнуць мірнага рашэння, але гэтыя спробы не прынеслі вынікаў. Цяпер сітуацыя нашмат больш складаная. Калі б перамог Уладзімір Пуцін, то ён не затрымаўся б на Украіне, дадаў кіраўнік французскай дзяржавы.

«Сёння мы не ў такой сітуацыі (...), але такія варыянты магчымыя», – паўтарыў прэзідэнт Францыі, вярнуўшыся да тэмы магчымага ўводу войскаў ва Украіну.

На думку Олафа Шольца, такія словы «не дапамагаюць вырашыць крызіс». Ён таксама нагадвае, што Германія аказвае Украіне падтрымку, у тым ліку ваенную. Тым не менш, немцы выключаюць магчымасць адпраўкі вайскоўцаў ва Украіну і паслядоўна не згаджаюцца на пастаўку ўкраінцам ракет далёкага радыусу дзеяння «Таурус». Олаф Шольц таксама тлумачыць, што «розум – гэта не прыкмета слабасці»:

- Добра цяпер сабрацца і пагаварыць. Гэта само па сабе мае вялікае значэнне. І задача, якая тут стаіць у цэнтры ўвагі, вызначана: калі гаворка ідзе пра Украіну, мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб арганізаваць максімальную падтрымку ўкраінцаў.

Прэзідэнт Францыі ў апошнія месяцы значна абвастрыў сваю рыторыку ў дачыненні да Расіі. На думку журналіста газеты Rzeczpospolita Енджэя Бялецкага (Jędrzej Bielecki), шляхам крытыкі Расіі Эманюэль Макрон, з аднаго боку, хоча сцерці ўражанне пасля таго, як два гады таму быў апошнім дэмакратычным лідарам, які кантактаваў з Уладзімірам Пуціным, з другога боку, ён хоча адвярнуць увагу ад праблемы ва ўнутранай палітыцы:

- Прэзідэнт, які зараз не мае большасці ў Нацыянальным сходзе і не ў устане ажыццявіць ніякіх важных рэформаў, а гэта бачна на прыкладзе міграцыйнай рэформы, можа менавіта паказаць сябе са станоўчага боку на міжнароднай арэне.

Акрамя ўкраінскага пытання, штуршком да больш цеснага супрацоўніцтва ў рамках Веймарскага трохкутніка сталі пагрозы Дональда Трампа, які абвясціў, што ў выпадку яго вяртання ў Белы дом ЗША не будуць абараняць ад магчымай расійскай агрэсіі тых хаўруснікаў па НАТА, якія не выконваюць сваіх фінансавых абавязацельстваў перад альянсам.

Польшча з’яўляецца еўразвязаўскім лідарам сярод членаў НАТА па долі ВУП, прызначанай на ўзбраенне, у сваю чаргу Германія сёлета з цяжкасцю дасягае 2 працэнтаў. У сваю чаргу днямі польскі прэзідэнт заклікаў у ЗША да павышэння рэкамендаванага ўзроўню выдаткаў на ўзбраенне да 3 працэнтаў ВУП. У падобным тоне выказваецца таксама генсакратар альянсу.

Каментатары падкрэсліваюць, што Веймарскі трохкутнік – гэта форма супрацоўніцтва паміж трыма краінамі, якія прадстаўляюць значны геаграфічны і дэмаграфічны патэнцыял – амаль палову насельніцтва Еўрасаюза.

Платформа, першапачаткова накіраваная на падтрымку палітычнай трансфармацыі Польшчы і яе інтэграцыі ў ЕС, зараз мяняецца ў адказ на змены палітычнай рэчаіснасці.

Нагадваем, Камітэт падтрымкі францызска-нямецка-польскага супрацоўніцтва – гэта поўная назва Веймарскага трохкутніка – быў створаны ў 1991 годзе ў Веймары ў Германіі, падчас сустрэчы міністраў замежных спраў краін Польшчы, Германіі і Францыі.

Трохкутнік першапачаткова быў ключавым форумам падтрымкі нямецка-польскага прымірэння, а таксама шанцам для Польшчы на адкрыццё на Захад і ўмацаванне пазіцыі лідара сярод краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Дарэчы зараз Польшча таксама спадзяецца, што ажыўленне працы Веймарскага трохкутніка, гэта для яе шанец атрымаць рэальны ўплыў на рашэнні, якія прымаюцца ў Еўропе.

IAR/аз

Дональд Туск: Парыж, Берлін і Варшава маюць задачу мабілізаваць Еўропу на дапамогу Украіне

13.03.2024 12:01
Кіраўнік польскага ўрада мае надзею на «рэанімацыю» Веймарскага трохкутніка, што дасць Польшчы ўплыў на рашэнні, якія прымаюцца ў Еўропе.

Дональд Туск на саміце Веймарскага трохкутніка з рашучым заклікам адносна Украіны: «Менш слоў»

15.03.2024 15:19
Паводле Дональда Туска, «на гэты трохкутнік будуць глядзець усё часьцей. – Гэтыя тры сталіцы цяпер маюць такую задачу і такую моц, каб мабілізаваць усю Еўропу», – дадаў ён.