Gazeta Polska публікуе артыкул прафесара Акадэміі ваеннага мастацтва Пятра Грахмальскага. У матэрыяле аўтар стараецца адказаць на пытанне, чаму Германія не хоча пастаўляць Кіеву дальнабойных ракет Taurus? Бо Берлін баіцца, што Украіна знішчыць Крымскі мост.
Разбурэнне Крымскага моста стане вялізным ударам па іміджы Пуціна, яго прыніжэннем і рэзкім аслабленнем яго ўнутраных пазіцый у Крамлі. І таксама поспехам для Украіны, дэманстрацыяй яе абаронных здольнасцей, пераваротам расійскага наратыву.
У ментальнай вайне, якую Крэмль разглядае як адзін з ключавых элементаў сваёй інфармацыйнай стратэгіі, накіраванай на запалохванне і дамінаванне над заходняй грамадскай думкай, гэта было б вырашальным вяртаннем Украіны ў загалоўкі газет і паспяховай спробай вярнуць сабе ініцыятыву ў інфармацыйнай вайне, піша прафесар Грахмальскі.
Аўтар адзначае, што гэта таксама падкрэсліла б уражлівыя перамогі Украіны, дасягнутыя ў барацьбе за акваторыю Чорнага мора. Бо Кіеў ужо прымусіў расійскія караблі хавацца ў порце Наварасійска.
Ужо ў маі 2023 года генерал Філіп Брыдлаў, які быў Вярхоўным галоўнакамандуючым саюзнымі войскамі ў Еўропе ў перыяд з 2013 па 2016 год, заявіў, што неабходна тэрмінова перадаць ракеты Taurus украінскай арміі, бо іх выкарыстанне радыкальна змяніла б ваенную сітуацыю. У той жа час Кіеў звярнуўся з гэтым пытаннем да Берліна. Але канцлер Шольц прыклаў усе намаганні, каб не даць Украіне зброю, якая б дазволіла ёй знішчыць Крымскі мост, апасаючыся «расійскай контрэскалацыі».
Калі эскалацыя каму і пагражае, дык гэта насельніцтву краіны, атакаванай Расеяй. Украінскі ўрад і грамадзяне цудоўна ведаюць, што Пуцін будзе помсціць, калі яго мост будзе знішчаны, і менавіта яны панясуць страты за яго помсту. Калі гэта цана, якую яны гатовыя заплаціць за вызваленне Крыма ад расійскай акупацыі, ім павінныя быць прадастаўленыя сродкі для гэтага, чытаем на старонках выдання Gazeta Polska.
вс