Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: Мы лабіруем міжнародныя стыпендыі для беларусаў, але з гэтым ёсць праблемы

04.10.2024 17:14
Беларуская служба паразмаўляла з палітыкам пра беларускіх маладзёнаў, магчымасці развіцця і адукацыі ва ўмовах вайны ў рэгіёне і дыктатуры на бацькаўшчыне.
Аўдыё
  • Святлана Ціханоўская: Моладзь ведае, як дагрукацца да абыякавых. Як некалі мы, яны жывуць сваім жыццём, не дбаючы пра Радзіму
Святлана Ціханоўская Беларуская служба Польскага радыё для замежжа/https://www.polskieradio.pl/396

Працягваецца візіт лідаркі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Польшчу. У пятніцу, 4 кастрычніка, палітык, у якасці ганаровага госця, прыняла ўдзел ва ўрачыстасці, прымеркаванай 30-годдзя ўплывовага польскага фонду «Школа лідараў»

Слухайце размову ў далучаным гукавым файле! 

Беларуская служба паразмаўляла са Святланай Ціханоўскай пра беларускіх маладзёнаў, магчымасці  развіцця і адукацыі ва ўмовах вайны ў рэгіёне і дыктатуры на бацькаўшчыне.

— Ці вакол Святланы Ціханоўскай за мінулыя чатыры гады сфармавалася новае маладое пакаленне беларускіх лідараў?

— Да нас далучаецца нямала моладзі, дзейнічае адмысловая валанцёрская праграма, праз якую шмат моладзі далучаецца да дэмакратычных структур. Працуе «Школа кадравага рэзерву», якой кіруе Юрась Губарэвіч, туды прыходзіць шмат здольнай і амбіцыйнай моладзі. Апошнім часам у Каардынацыйнай радзе з’явілася многа новых і маладых імёнаў, напрыклад, Анжаліка Мельнікава, Елізавета Пракопчык ды іншыя. Для мяне была сапраўдным адкрыццём Маргарыта Ворыхава, дарадца па моладзевай палітыцы, яна прадстаўляе нашу моладзь у Радзе Еўропы. (...)

Нам у камандзе не хапае прафесіяналаў, а моладзь адкрытая на новы вопыт, з радасцю вучыцца, таму мы вітаем усіх актыўных і адказных.

На маю думку, задача кожнага лідара — гэта натхняць і быць прыкладам працавітасці. Добры прыклад ужо згаданая мая дарадца Маргарыта Ворыхава. Яе цяжка недзе злавіць,  яна пастаянна працуе на розных мерапрыемствах, удзельнічае ў пасяджэннях. Такая адданасць уражвае. 

— Каго яшчэ можаце прыгадаць? Магчыма нейкая асабістая гісторыя вас моцна ўразіла? Каго можаце назваць, апроч тых, чые імёны ўжо гучалі? Магчыма кагосьці з Беларусі?

— Я магла б распавесці шмат асабістых гісторый, у тым ліку і тых людзей, якія ў Беларусі і не за кратамі. Але з меркаванняў бяспекі лепей гэтага не рабіць. Калі казаць агульна, то я сачу за сацсеткамі, якія вядуцца з Беларусі. І, да прыкладу, усё часцей трапляю на цудоўны беларускамоўны змест, які робіцца ў Беларусі і робіцца ўласна моладдзю. Гэта ўражвае і натхняе.

Калі вы хочаце, каб я назвала вам імёны, калі ласка. У мяне ёсць персанальны асістэнт Стася Гліннік. Яна вельмі актыўная, здольная, перакананая — у яе вялікая будучыня. 

Наша моладзь няспынная, яны працуюць ад рана да вечара, не скардзяцца на адсутнасць рэсурсаў і асабістага жыцця. Яны гатовыя ахвяраваць радасцямі жыцця маладога чалавека дзеля сваё краіны.

Мне здаецца, важна, што моладзь ведае, як да грукацца да тых прадстаўнікоў свайго пакалення, якім абыякавыя патрыятычныя пачуцці. На жаль такіх людзей шмат, яны, як некалі мы, жывуць сваім жыццём і не дбаюць пра сваю Радзіму. Дык вось, моладзь, якая з намі супрацоўнічае, ведае як прамаўляць да іх. (...)

— Аднак, на жаль, многія эксперты, падмацоўваючы свае сцвярджэнні сацыялагічнымі дадзенымі, кажуць, што адбываецца разрыў паміж беларусамі ў эміграцыі і беларусамі ўнутры Беларусі. Моладзь ідэалагічна дрэйфуе ў бок Расіі. Як вы і вашыя структуры могуць гэтаму супрацьстаяць, асабліва ва ўмовах, калі жалезная заслона вакол Беларусі робіцца ўсё больш шчыльнай?

— Я з вамі не пагаджуся на конт жалезнай заслоны. Мы робім усё магчымае, каб межы заставаліся адкрытымі. Мы лабіруем міжнародныя стыпендыі для беларусаў. Безумоўна з гэтым ёсць праблемы.

Лукашэнка ўцягнуў краіну ў вайну, Беларусь лічыцца суагрэсарам. Мы вядзём цяжкую працу ва ўніверсітэтах, каб яны перагарнулі сваё ўспрыняццё беларусаў і пашыралі стыпендыяльныя праграмы менавіта для іх. Мы пастаянна гаворым, што закрываючыся ад беларускай моладзі, вы штурхаеце яе ў бок Расіі.

Моладзь мы павіны выратаваць, даць разуменне таго, што такое дэмакратыя, свабода. Мы павіны дапамагчы ім адчуць яе, пажадаць свабоды, ва ўмовах, калі не ведаюць, што гэта такое.

Што тычыцца адарванасці, гэта, сапраўды можа стаць вялікай праблемай. Мы намагаемся пераадолець гэтую праблему і ў гэтым вялікую ролю адыгрываюць альтэрнатыўныя медыя. У іх тут ключавая задача. На шчасце, моладзь прасцей сягае па альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі за пакаленне нашых бацькоў.

Рэжым Лукашэнкі ўласна і робіць усё магчымае, каб ізаляваць краіну, каб нашыя прыродныя хаўруснікі будавалі на мяжы з намі муры. Разлічваю, што адкрытасць, адукаванасць і крэатыўнасць нашай моладзі не дазволіць закрыць краіну цалкам. (...)

— Вы цяпер знаходзіцеся ў Польшчы, сустракаецеся тут з прадстаўнікамі ўлады. На гэтым фоне прагучала трывожная заява, аб рэзкімі скарачэнні колькасці віз, якія будуць выдавацца замежным студэнтам, у тым ліку, беларусам. Ці падымаеце вы гэта пытанне падчас перамоў з польскім бокам? Ці вас чуюць? 

— Гэта праблема вельмі баліць. Беларуская моладзь, асабліва зараз, павінна вучыцца ў  міжнародных ВНУ, каб разумець, што такое свабода і дэмакратыя. За беларускімі студэнтамі будучыня краіны.

Падчас кожнай сустрэчы ў Варшаве я падымаю гэтае пытанне. Наша прадстаўніца па нацадраджэнні Аліна Коўшык знаходзіцца на пастаяннай сувязі з Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам адукацыі Польшчы. Ведаю, што трошкі быў падоўжаны перыяд падачы адпаведных дакументаў, але гэта не сістэмнае вырашэнне праблемы. Мы будзем працаваць каб гэта выправіць. (...)

Эдуард Жолуд