Беларуская Служба

Польская публіцыстка і перакладчыца Стася Будзіш: Пасля 26 кастрычніка ў Грузіі можа адбыцца ўсё што заўгодна

25.10.2024 18:15
Ужо ў гэтую суботу, 26 кастрычніка, у Грузіі адбудуцца парламенцкія выбары. Грузіны павінны зрабіць выбар паміж еўрапейскім, заходнім курсам ці прарасійскім, увасабленнем якога зараз стала кіроўная партыя «Грузінская мара». 
Аўдыё
  • Польская публіцыстка і перакладчыца Стася Будзіш: Пасля 26 кастрычніка ў Грузіі можа адбыцца ўсё што заўгодна
   , , 23  2024 .
Міьтынг прыхільнікаў «Грузінскай мары», Тбілісі, 23 кастрычніка 2024 г.PAP/EPA/DAVID MDZINARISHVILI

26 кастрычніка ў Грузіі адбудуцца парламенцкія выбары, і яны на гады вызначаць будучыню закаўказскай дзяржавы. Эдуард Жоулд паразмаўляў з польскай рэпарцёркай і перакладчыцай Стасяй Будзіш пра тое, як цяперашняя грузінская ўлада выявіла сваю прарасійскую сутнасць, пра ролю алігарха Бідзіні Іванішвілі ў грузінскай палітыцы, а таксама пра сітуацыю ў краіне на пярэдадні лёсавызначальнага выбару.

Сёлета па ўсёй Грузіі праходзілі пратэсты супраць грузінскага аналага расійскага закона пра замежных агентаў, які, на думку каментатараў, павінен быў выкарыстоўвацца супраць апазіцыі і незалежных ЗМІ. Зараз пратэсты сціхлі, аднак гэта зусім не азначае, што настроі ў краіне заспакоіліся. Беларуская служба паразмаўляла з польскай рэпарцёркай, перакладчыцай Стасяй Будзіш, якая супрацоўніцтва з вядомым выданнем OKO.press і  зараз знаходзіцца ў Грузіі.

Спачатку Беларуская служба папрасіла журналістку патлумачыць, у якім гістарычным моманце зараз знаходзіцца Грузія, і  грузінскае грамадства напярэдадні выбараў.

— Грузія знаходзіцца ў вельмі цікавым моманце, і ўвогуле і апазіцыя, і кіроўная «Грузінская мара» лічаць, што гэтыя выбары, якія адбудуцца 26 кастрычніка, сапраўды крытычныя, жыццёва важныя. Гэта сапраўды той момант, калі Грузія вырашыць, у якім напрамку яна будзе рухацца.

Пытанне толькі ў тым, ці гэта будзе такі выбар, як падкрэслівае апазіцыя, выбар паміж Захадам і так званым «рускім мірам». Ці гэта будзе выбар, як навязвае грамадству «Грузінская мара» —выбар паміж вайною і мірам. І, вядома, у гэтым наратыве мір мае запэўніць кіроўная  «Грузінская мара».

Абапіраючыся на сацыялагічныя апытанні, ці ўжо сцвердзіць, што ў суботу, 26-га кастрычніка, выберуць грузіны?  

— Цяжка верыць перадвыбарчым апытанням. Бо як адна партыя, то бок партыя ўлады, мае свае вынікі апытанняў, так і апазіцыя мае свае. Вядома, яны вельмі адрозніваюцца адзін ад аднаго. Таму я б не разглядала іх сур'ёзна менавіта зараз.

У Грузіі зараз такі момант, што пасля 26 кастрычніка тут можа адбыцца ўсё што заўгодна. І гэта даволі страшна, бо змяніцца можа ўсё, а можа не стацца нічога. Я не ведаю, што горш у гэтай сітуацыі. «Грузінская мара» правіць Грузіяй ужо 12 гадоў, хутка ўжо міне 13. Гэтая партыя прыйшла да ўлады ў 2012 годзе, калі Міхал Саакашвілі ды яго «Адзіны нацыянальны рух» прайгралі выбары. Яны перайшлі ў апазіцыю.

Сапраўды, вы можаце ўспрымаць гэта як той момант, калі ў Грузіі перамагла дэмакратыя, бо Саакашвілі фактычна прайграў парламенцкія выбары. І ён сапраўды сказаў, я нават памятаю гэтыя словы: «Добра, цяпер я пераходжу ў апазіцыю». «Грузінская мара» пачала кіраваць краінаю.

Але «Грузінская мара» доўгі час называла сябе праеўрапейскай партыя, больш за тое, рабіліся канкрэтныя крокі ў кірунку еўрапейскай інтэграцыі. 

— На пачатку сапраўды здавалася, што яны ўсё робяць як яўна праеўрапейская партыя. Менавіта дзякуючы «Грузінскай мары» ў 2014 годзе была падпісаная Дамова пра асацыяцыю з ЕЗ. Потым быў уведзены бязвіз з Еўропай. Грузіны пачалі прыязджаць на робату ў краіны Шэнгенскай зоны. Было ўвядзенне так званага антыдыскрымінацыйнага закону, які ўлічваў патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, жанчын, этнічных менўасцяў, рэлігійных меншасцяў і сексуальных меншасцяў, якія атрымлівалі больш правоў.

Я ведаю, што гэтыя рашэнні, вядома, былі праціснуты структурамі ЕЗ. Аднак калі  краіна, якая хоча быць кандыдатам на ўступленне ў Еўразвяз, у якім пануюць пэўныя каштоўнасці, то як бы гэтыя краіна да іх не ставілася — ці як да каштоўнасцяў, што толькі запісаныя на паперы, ці як да каштоўнасцяў, што сапраўды маюць значэнне — краіна мае іх паважаць.

Адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў Украіне Грузія разам з Украінай і Малдовай вырашылі падаць заяўку на здабыццё статусу кандыдата. І, як вы добра ведаеце, і Украіна, і Малдова тады атрымалі гэты статус, а Грузія — не. Грузія тады атрымала перспектыву і спіс з 12 пунктаў рэформаў, якія яна мусіць рэалізаваць. 

Магчыма гэта была рэакцыя на неадназначную пазіцыю Тбілісі па вайне Расіі супраць Украіны. У адрозненні ад Малдовы, Грузіі была вельмі асцярожная ў ацэнках дзеянняў Расіі, і наадварот узмацніла супрацоўніцтва з Масквой. 

— Сапраўды, гэта быў такі ўдар па Грузіі ад Еўропы, таму што адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны «Грузінская мара» пачала вельмі неадназначна ставіцца да Расіі. Ніхто да канца не разумеў, чаму Грузія афіцыйна не называе вайну вайною, чаму ў яе былі праблемы з адпраўкай грузінскіх добраахвотнікаў да Грузінскага легіёну Мамукі Малашвілі, які ваюе з 2014 года; чаму яна так адкрыта, ледзь не чырвонаю дарожкай, сустракае расіян на сваіх межах. Толькі ў 2022 годзе паўтара мільёна расіян перайшлі расійска-грузінскую мяжу. Гэта каласальная лічба, але, вядома, не ўсе яны засталіся ў Грузіі. Сёння каля 70 тыс. расіян адчынілі тут бізнес і зарабляюць на жыццё.

Аднак Грузія насамрэч вяла дзіўную палітыку. Акрамя таго, ёсць падазрэнні, якія не цалкам даведзеныя, але некаторыя рэчы не трэба даводзіць, калі вы проста лагічнага разважаеце. Мова ідзе пра дапамогу Расіі ў абходзе заходніх санкцый. Напрыклад, Грузія прадае Расіі аўтамабілі і запчасткі, якія можна выкарыстоўваць у падвойных мэтах. З 2022 года расійска-грузінскія адносіны становяцца цяплейшымі.

Напрыклад, Пуцін аднавіў скасаваныя ў 2019 годзе авіязлучэнні. Такіх рэйсаў вельмі шмат. Самалёты лётаюць з самых розных гарадоў Расіі да ўсіх аэрапортаў Грузіі — гэта Батумі, Тбілісі і Кутаісі. Найбольш мяне хвалюе тое, што пад час апошняга саміту СНД Лукашэнка сказаў, што яму не хапае на саміце Грузіі. «Мы б з задавальненнем прынялі яе назад на Радзіму», — сказаў Лукашэнка. Гэта гучыць страшна. Тым больш, што міністр замежных спраў РФ Лаўроў таксама казаў, што, вядома, Расія ніколі не мала прывычкі ўмешвацца ў выбары і ўнутраную палітыку іншых краін. Маецца на ўвазе, што Расія не плануе ўмешвацца ў выбары, якія адбудуцца 26 кастрычніка ў Грузіі. Аднак ён таксама адзначыў, што іншыя краіны, то ёсць іншыя сілы, вядома, Заход, умешваецца ва ўнутраную палітыку Грузіі, і Масква можа дапамагчы. Гэта жахлівы сцэнарый, які таксама разглядаюць у Грузіі.

Пэўна кіроўная партыя ў Грузіі выкарыстоўвае гэта, як запужванне электарату? Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў выбарчай кампаніі? Ставіць пытанне, «або мір, або вайна»? 

—Цяпер вернемся да пытання выбару паміж Захадам і «Рускім мірам», паміж вайною і мірам. Што ж, «Грузінская мара» замовіла білборды, што былі вельмі крытычна ўспрынятыя апазіцыйным электаратам, негатыўна настроеным да «Грузінскай мары. На гэтых перадвыбарчых білбордах фотаздымкі зруйнаваных вайною ўкраінскіх гарадоў з аднаго боку і іх непашкоджаныя, шыкоўныя грузінскія аналагі з другога. Перадвыбарчы лозунг, што надрукаваны на гэтых білбордах, гучыць так: «Не— вайне, абяры мір».

Гэтай маляўнічай ілюстрацыяй брудных выбарчых тэхналогій завяршаем размову з польскай перакладчыцай і публіцысткай Стасяй Будзіш, якая зараз знаходзіцца ў Грузіі. А размаўлялі мы пра палітычны ландшафт краіны напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца 26 кастрычніка. Што ж абяруць грузіны даведаемся ўжо неўзабаве.

Слухайце аўдыё!

эж