Беларуская Служба

Бізнесмен Ілан Маск стаў «самым уплывовым прыватным чалавекам у Амерыцы»

15.11.2024 16:02
Ён займаецца вельмі шырокім спектрам пытанняў, якія датычаць перадачы ўлады, складу новай адміністрацыі, метадаў дысцыплінавання федэральных чыноўнікаў і планаў па ліквідацыі Міністэрства адукацыі.
    .
Дональд Трамп і Ілан Маск.Фота: lev radin/ Shutterstock/ Alessia Pierdomenico/ Shutterstock

Мільярдэр Ілан Маск, які суправаджае Дональда Трампа падчас сустрэч, удзельнічае ў перамовах з кандыдатамі на пасады ў новай адміністрацыі ЗША і ўплывае на працэс перадачы ўлады, стаў «самым уплывовым прыватным чалавекам у Амерыцы», піша Forsal.pl са спасылкай на New York Times.

Маск, які амаль увесь мінулы тыдзень правёў у рэзідэнцыі Трампа, атрымаў асаблівы статус у бліжэйшым атачэнні будучага прэзідэнта. Калі ён нядаўна з’явіўся на вячэры праз паўгадзіны пасля Трампа, яго сустрэлі такімі ж авацыямі, як і гаспадара.

Самы багаты чалавек свету, які падтрымліваў Трампа падчас выбарчай кампаніі, займаецца вельмі шырокім спектрам пытанняў, якія датычаць перадачы ўлады, складу новай адміністрацыі, метадаў дысцыплінавання федэральных чыноўнікаў і планаў па ліквідацыі Міністэрства адукацыі.

Уплывы Маска значна большыя, чым меркавалі нават прыхільнікі Трампа. Яго памочнікі кажуць, што мільярдэру можна знача больш, чым Говарду Лутніку (Howard Lutnick) і Ліндзе МакМахон (Linda Mcmahon), якія фармальна ўзначальваюць каманду, адказную за ўступленне Трампа на пасаду.

Маск слухаў тэлефонныя размовы Трампа з лідарамі іншых краін, у тым ліку з прэзідэнтамі Украіны і Турцыі Уладзімірам Зяленскім і Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. У яго таксама запланавана асабістая сустрэча з прэзідэнтам Аргенціны. Ён таксама прысутнічаў на сустрэчах па пытаннях нацыянальнай бяспекі з Трампам.

Апошнімі днямі абраны прэзідэнт абвясціў, што створыць «дэпартамент эфектыўнасці ўрада» пад кіраўніцтвам Маска і бізнесмена Вівека Рамасвамі (Vivek Ramaswamy), а задачай новай установы будзе «дэмантаж бюракратыі» і скарачэнне дзяржаўных выдаткаў.

У траўні партал Axios адзначаў, што Маск ужо тады кантраляваў ключавыя сегменты глабальнай інфраструктуры, а яго кампаніі не падлягалі ніякаму кантролю. Сайт папярэджваў, што самы багаты чалавек у свеце «нестабільны і зменлівы», і ў той жа час «валодае каласальнай уладай і не баіцца яе выкарыстоўваць».

нг