Беларуская Служба

Украінцы амаль тры гады бароняць сваю незалежнасць ад расійскіх акупантаў

19.11.2024 14:28
Сёння спаўняецца тысяча дзён з пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Ілюстрацыйны здымакEPA/Press service of the 24th Mechanized Brigade Dostawca: PAP/EPA.

Украінцы амаль тры гады змагаюцца з акупантамі па ўсім фронце і змагаюцца з варварскімі налётамі і бамбаваннямі з Масквы, якія часта накіраваныя непасрэдна супраць мірнага насельніцтва.

На пачатку ўварвання шмат хто прадказваў Украіне хуткую паразу, за тысячу дзён баёў яе салдаты адстаялі сваю сталіцу і выгналі расіян са шматлікіх сваіх тэрыторый, а такія гарады, як Марыупаль і Бахмут, сталі сімваламі гераізму і цвёрдага супраціўлення нават у безвыходнай сітуацыі.

 Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск нагадаў на платформе X пра тысячу дзён расійскай агрэсіі супраць Украіны.

 «1000 дзён расійскай агрэсіі, 1000 дзён украінскага гераізму і пакут, 1000 дзён польскай дапамогі і салідарнасці. Падтрымліваючы Украіну, мы аддаляем вайну ад нашых межаў. Памятайма пра гэта кожны дзень», — напісаў прэм'ер-міністр.

Ад самага пачатку расійскага ўварвання ва Ўкраіне прысутнічалі журналісты Польскага радыё, якія размаўлялі з жаўнерамі і мірнымі жыхарамі. Былі яны і ў месцах, дзе варожы агонь стаў ужо штодзённасцю.

Агнешка — полька, жыве і працуе ў адным з гарадоў Данбаса, яна распавяла Польскаму радыё, што шмат людзей, якія раней вырашылі ўцячы на Захад, пазней вярнуліся ў свае дамы каля фронту. Ва ўкраінцаў, нягледзячы на ўсё горшую сітуацыю на фронце, застаецца велізарная воля змагацца.

- Што тычыцца атак, сітуацыя кепская але стабільная. Людзі абіраюць вядомае ім зло, чым невядомасць. Я прызвычаілася. Гэта штодзённыя сітуацыі, гукі штодзённасці. Нават уначы ад гэтага не прасыпаюся. Я баюся пашырэнне канфлікту. Што тычыцца гатоўнасці ўкраінцаў змагацца да канца, я гэта бачу. Жаўнеры кажуць, што калі трэба – будуць змагацца ў падполлі.

Дзякуючы ахвярнасці многіх простых людзей, якія часта пакідалі свае жыцці, змагаючыся на фронце, Украіне ўдалося тысячу дзён стрымаць расійскае ўварванне. Адзін са шматлікіх прыкладаў — гісторыя Віктара, які, як толькі даведаўся пра напад на сваю краіну, адразу вырашыў вярнуцца ва Ўкраіну з Польшчы, дзе жыў і працаваў доўгія гады. Віктар ваяваў у тым ліку пад Херсонам і Бахмутам. Летась ён знік на фронце, але раней даў інтэрв'ю, у якім распавёў пра жыццё на перадавой і пра праблемы, з якімі сутыкаецца Украіна, баронячыся ад Расіі.

- Цяпер я маю аўтамат Калашнікава з 1985 года, перад тым быў з 1967-га. Змагаемся тым, што ёсць. Сітуацыя такая, што стаім пакуль можам і б'ём з усяго, што ёсць. Працягваем змагацца, як будзе далей – толькі ўперад, адступаць не хочам.

Як і Віктар, мужчына па мянушцы «Батон» таксама вярнуўся ва Украіну з Польшчы. Ён раней працаваў мясніком, але на фронце асвоіў новую прафесію — вырабляць бомбы і гранаты для ўкраінскага войска. «Батон» працаваў каля лініі фронту. У інтэрв'ю Польскаму радыё ён распавёў пра тое, чаму зноў вырашыў пайсці ў войска і апісаў сваю працу і будні ў адным з закінутых дамоў на Данбасе, які ператварыў у сваю майстэрню.

-   Гэта падарункі, вось што я раблю. Бомбы не раблю. Падарункі для таго народу, што на танках прыйшоў да нас з мірам. Да іх ёсць толькі нянавісць. Гэтая самая моцная выбуховая сумесь. У маскалёў няма шанцаў. У нас унутры стрыжань. Я не ведаю, калі гэтая вайна скончыцца, але хачу быць тут, калі будзе наша перамога. Я гатовы сядзець тут і 10 год.

На жаль, «Батон» не дажыў да перамогі Украіны. Ён загінуў у адной з расійскіх бамбёжак некалькі месяцаў пасля размовы з Польскім радыё. Усе гісторыі, сабраныя нашымі журналістамі за тысячу дзён расійскай інвазіі, паказваюць, што ўкраінцы, нягледзячы на ​​шматлікія праблемы і нястачы, па-ранейшаму гатовыя змагацца за кожны кавалак сваёй зямлі.

На жаль, ужо некалькі месяцаў сітуацыя на фронце для абаронцаў няўхільна пагаршаецца. Расіяне працягваюць наступ на Данбасе, дзе яны ўжо за некалькі кіламетраў ад Пакроўска, важнага вузла сувязі і забеспячэння. Страта гэтага горада можа азначаць крах украінскай абароны на ўсім Данбасе, баі за які вядуцца не тысячу дзён, а з 2014 года. Расія прасоўваецца дзякуючы таму, што выкарыстоўвае тактыку «мясных штурмаў» ды агнявога валу, кажа аглядальнік украінскай рэдакцыі Польскага радыё Аляксанд Патыха.

-    Яны пачалі як каток ісці і знішчаць усё, з чым сутыкаюцца. Мы гэта пабачылі ў Марыупалі, дзе атачыўшы горад, яны проста знішчалі квартал за кварталам. На 8 тысяч украінскіх абаронцаў, яны кінулі 80 тысяч расійскіх жаўнераў. Усе цяжкое ўзбраенне, што мае РФ, было выкарыстана ў Марыупалі. Горад быў знішчаны, пасля чаго яны выпрацавалі найбольш зручны для сябе стыль вядзення баёў. Пасля быў Севераданецк, Бахмут, дзе яны паўтаралі тое самае. Да гэтага яны яшчэ дадалі «мясныя штурмы» з выкарыстаннем вязняў замест падрыхтаваных войск.

Украінцы трымаюцца дзякуючы лепшай каардынацыі ды абмежаваным расійскім рэсурсам. Яны маглі б больш эфектыўна бараніцца, каб у іх было больш амуніцыі, асабліва дронаў, зазначае эксперт.

-    Украіна трымаецца таму, што расіяне не ў стане выкарыстоўваць такую тактыку вядзення баявых дзеянняў на ўсёй ліні фронту. Але іх рэсурсы абмежаваныя, таму цяпер з’явіліся карэйцы. Калі б ва Украіны было больш дронаў, гэтыя «мясныя штурмы» спыняліся б яшчэ да падыходу да пазіцый.

Эксперт пакуль не бачыць сведчанняў завяршэння вайны. Расіяне, наадварот, нарошчваюць абароты сваёй вайсковай прамысловасці, яны пастаянна бамбяць украінскія гарады і аб'екты крытычнай інфраструктуры, спадзеючыся, што тэрор і адсутнасць ацяплення зімой прымусяць Кіеў здацца. Многія ўкраінцы з трывогай глядзяць на палітычную сітуацыю ў свеце і баяцца, што Кіеў будзе вымушаны падпісаць нявыгаднае перамір'е, якое, на іх думку, не будзе працяглым і стане толькі перапынкам у жорсткай вайне.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч