Беларуская Служба

Польскі ўрад: Украіна можа працягваць разлічваць на падтрымку ў абароне ад расійскай агрэсіі

15.01.2025 14:12
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сёння прыбыў у Варшаву з неабвешчаным афіцыйным візітам.
Аўдыё
  • Зяленскі з візітам у Варшаве
-   ()      ()  -   -
Прэм'ер-міністр Дональд Туск (справа) і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (злева) на прэс-канферэнцыі ў Канцылярыі прэм'ер-міністра ў ВаршавеPAP/Paweł Supernak

Прыезд Зяленскага звязаны са справай далейшай падтрымкі Украіны, далучэння да ЕС, а таксама са згодай Украіны на правядзенне першыя эксгумацыі польскіх ахвяр украінскіх нацыяналістаў падчас ІІ Сусветнай вайны.

Гэта чарговы візіт украінскага лідара ў Польшчу. Прэзідэнт Зяленскі шэсць разоў афіцыйна наведваў Польшчу, у тым ліку двойчы пасля ўварвання Расіі ва Украіну: у красавіку 2023 года і ў ліпені мінулага года. Гэтым разам афіцыйнае пацвярджэнне візіту было апублікаванае толькі сёння раніцай, раней — у мэтах бяспекі — інфармацыю пра прыезд украінскага палітыка трымалі ў сакрэце.

Перамовы ўкраінскага лідара з прэзідэнтам Анджэем Дудам і прэм'ерам Дональдам Тускам тычыліся далейшай падтрымкі Кіева ў барацьбе з Расіяй, распавядае карэспандэнт Польскага радыё Сыльвія Бялэк.

- Польскі прэм’ер Дональд Туск казаў яшчэ ў снежні, што прэзідэнт Украіны прыедзе ў Польшчу ў звязку са старшынствам Польшчы ў Еўрасаюзе. Адным з прыярытэтаў польскага лідарства з’яўляюцца прыспешаныя перамовы аб уступленні Украіны ў ЕС у бліжэйшыя месяцы. Пра гэта ў Варшаве ўжо вядуцца размовы. Палітыкі яшчэ абмяркоўваюць далейшую падтрымку для Украіны, а таксама пытанне Валынскай разні. Кіеў пагадзіўся на эксгумацыю ахвяр у Пузьніках, дзе паўтары гады таму былі знойдзеныя рэшткі закатаваных палякаў. Спачатку Зяленскі размаўляў з Тускам сам на сам, а потым адбыліся перамовы дэлегацый.

«Суверэнная і незалежная Украіна — гэта не толькі відавочная гістарычная справядлівасць, гэта таксама ўмова бяспекі Польшчы і ўсёй Еўропы», — сказаў кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск на сумеснай прэсавай канферэнцыі.

-  Украіна можа разлічваць на польскую падтрымку і дапамогу, і думаю, што на падтрымку ўсяго Еўрапейскага Саюзу ў абароне ад брутальнай агрэсіі з боку Расіі.

«Для Украіны і для Польшчы гэта важны момант. Гэта пацвярджэнне шляху Украіны да супольнасці каштоўнасцяў і інтарэсаў. Наша супрацоўніцтва павінна грунтавацца на агульным вопыце, сяброўстве і агульных ворагах», дадаў польскі прэм’ер.

У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі дзякаваў Польшчы за падтрымку — як вайсковую, так і дыпламатычную, і казаў, што дзякуючы Польшчы Расіі не ўдалося зламаць Украіну. 

- У адзіночку нам было б вельмі цяжка змагацца з гэтым злом. Я ўдзячны, што вы з намі на гэтым шляху. Дзякуй вам не толькі за падтрымку нашых узброеных сіл. Я таксама хачу падзякаваць Польшчы за тое, што яна выступае за нашу кандыдатуру пры далучэнні да ЕС. 

Варшаве можа прыспешыць перамовы аб уступленні Украіны ў ЕС падчас старшынства Польшчы ў Радзе Еўрасаюза. Аднак, апошнія падзеі ў Балтыйскім моры могуць гэтаму перашкодзіць, зазначыў палітолаг прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Дан’ель Бацькоўскі.

- На мой погляд, справа была ў двух рэчах. Па-першае, яны чакалі, калі будзе афіцыйна абвешчаная згода на першую эксгумацыю, каб прэм'ер-міністр мог гэта спакойна агучыць. Другое, на мой погляд, тычылася  сітуацыі ў Балтыйскім моры, што важна для Польшчы. Яшчэ было наша актыўнасць у размовах з Францыяй. Вельмі магчыма, што мы проста хацелі завершыць гэтыя перамовы па еўрапейскіх пытаннях з нашымі заходнімі саюзнікамі, каб ясна і празрыста выкласці гэтую пазіцыю Украіне і думаць, што рабіць далей. Польскае старшынства ў ЕС сапраўды надзвычай важнае з пункту гледжання Украіны. Магчыма, падчас польскага старшынства пачнуцца нейкія размовы пра будучыню, што некаторыя абшары гатоўнасці Украіны будуць адкрытыя да абмеркавання. Гэта вельмі складана, але мы можам ініцыяваць дадзены працэс. Тым больш, што пакуль незразумела якой будзе пазіцыя новага амерыканскага прэзідэнта. Трамп даў сабе паўгода, каб вырашыць справу вайны Расіі з Украінай, то бок пакуль ён не ведае, як гэта зрабіць. Расійская інфармацыя, якая паступае, паказвае, што Крэмль хацеў бы атрымаць усё. У гэтых умовах паўстае пытанне, ці сама Еўропа зможа справіцца з падтрымкай Украіны ў бліжэйшыя паўгады. Асабліва цяпер, калі ёсць яшчэ і пытанне Балтыйскага мора, таму што гэта таксама абцяжарвае НАТО і Еўрапейскі саюз.

Дэпутат партыі «Права і справядлівасці» Марцін Пшыдач адзначыў, што Уладзімір Зяленскі наведвае Польшчу ў той час, калі сітуацыя ва Украіне абвастраецца і прэзідэнт гэтай краіны шукае большай падтрымкі на міжнароднай арэне.

- На маю думку, украінцы заўважаюць, што некаторыя рэчы змяняюцца, на жале, не з карысцю для іх. Яны пачынаюць шукаць падтрымкі. Натуральны адрасат – гэта Польшча. Пытанне, як далей будуць складвацца двухбаковыя адносіны.

 У двухбаковых адносінах важнай справай з'яўляецца тэма «Валынскай разні», эксгумацыі ды перапахавання ахвяр. Падчас Другой сусветнай вайны на Валыні, усходняй Малапольшчы і Любліншчыне ўкраінскія нацыяналісты забілі каля 120 тысяч палякаў. З прыкладна 2500 мястэчак, у якіх пражывалі палякі ў Валынскім ваяводстве ў 1939 г., прыкладна 1500 перасталі існаваць — яны былі спаленыя або знішчаныя, нагадвае гісторык прафесар Тадэвуш Вольша.

- Тая акцыя прычынілася да смерці дзясяткаў тысяч нашых суайчыннікаў. Украінцы выкарысталі свята – нядзелю, калі польскія сем'і пайшлі ў касцёлы. Яны сталі лёгкай здабычай для аддзелаў украінскіх нацыяналістаў. Можна назваць тую акцыю вельмі жорсткай, ахвярамі яе былі дарослыя і дзеці.

З 2017 года Інстытут нацыянальнай памяці падаў дзевяць падрабязных заявак украінскаму боку на згоду на правядзенне пошукава-эксгумацыйных работ на Валыні. Украінскі бок не даваў згоду да нядаўняга часу, а цяпер становішча змянілася. Гэта прыўрочана да візіту, але не з’яўляецца найважнейшым пытаннем да размоў, перакананы прафесар Дан’ель Бацькоўскі.

- Я б не залічваў эксгумацыю да найважнейшых спраў. Гэта было важна з-за ўнутранай сітуацыі ў Польшчы, і не выключана, што дзеянні адносна, скажам так, дадзенай згоды - гэта таксама такі жэст як мінімум некаторых украінскіх палітыкаў. У нас няма ўпэўненасці, што будзе далей. Тым больш, што тут дзейнічае прынцып узаемнасці, і што Украіна таксама чакае эксгумацыі з польскага боку. Зразумела, што дадзеная тэма будзе адным з элемэнтаў выбарчай кампаніі, у якую будуць спрабаваць умешвацца спецслужбы Расіі ды Беларусі. Так што гэта тое, што можа перашкодзіць нам размаўляць адзін з адным. І пра гэта варта памятаць.

Украінскі прэзідэнт без афіцыйнага абвяшчэння прыехаў з дзяржаўным візітам у Польшчу. Украінскі кіраўнік сустрэўся з прэзідэнтам і прэм’ерам Польшчы. Бакі размаўлялі пра гістарычныя справы (эксгумацыі ды пахаванні ахвяр Валынскай разні), уступленне Украіны ў ЕС. Самым галоўным было пытанне здольнасці Еўропы працягваць падтрымліваць Украіну ваенна і фінансава ў абароне ад расійскай агрэсіі.

 Юры Ліхтаровіч