Беларуская Служба

Лукашэнка гуляе чалавечымі жыццямі як косткамі - Святлана Ціханоўская

27.01.2025 17:43
У нядзелю 26-а студзеня, калі ў Беларусі ўлады праводзілі перавыбары Аляксандра Лукашэнкі, у польскай сталіцы беларусы, выгнаныя з краіны рэпрэсіямі, выказалі свой пратэст супраць выбарчага фарса, зладжанага ў Беларусі.
Аўдыё
  • Прэс-канферэнцыя АПКБ у Варшаве 26.01.2025
-      ()   (C),      (L)       (2R)      , 26.01.2025
Прэс-канферэнцыя лідаркі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі (АПКБ) Святланы Ціханоўскай (C), намесніка кіраўніка АПКБ Паўла Латушкі (L) і спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай (2R) у Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі, 26.01.2025Беларуская служба Польскага радыё/Я. Смялоўская

У нядзелю 26-а студзеня, калі ў Беларусі ўлады праводзілі перавыбары Аляксандра Лукашэнкі, у польскай сталіцы беларусы, выгнаныя з краіны рэпрэсіямі, выказалі свой пратэст супраць выбарчага фарса, зладжанага ў Беларусі.

У Варшаве лідарка дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская на сустрэчы са СМІ паведаміла, што многія краіны, назіраючы за тым, як у Беларусі праходзіць выбарчая кампанія, загадзя зявілі, што не прызнаюць вынікаў гэтых «бязвыбараў».

— На дадзены момант і Злучаныя Штаты Амерыкі і 37 краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) ужо зрабілі заявы аб непрызнанні гэтых выбараў. Канешне, будуць краіны, дзе пануе дыктатура, якія будуць трактаваць гэтыя недавывары як выбары, але мы з імі і зараз не працуем. Дыктатары ў свеце аб'ядноўваюцца і сябруюць адзін з адным, а незалежныя дэмакратычныя краіны на баку беларусаў, якія змагаюцца з гэтай дыктатурай.

Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве падкрэсліла таксама, што саюзнікі мусяць быць рашучымі і паслядоўнымі ў сваёй палітыцы ў дачыненні да Лукашэнкі. Яна зазначыла, што падтрымку з боку Захаду нельга расцэньваць як дабрачыннасць.

— Лукашэнка нелегітымны, ён не прадстаўляе беларускага народа. Ён з’яўляецца пагрозай не толькі для нас, ён прадстаўляе пагрозу і нашым суседзям. Трэба разумець, што дапамога беларусам — гэта не дабрачыннасць, гэта інвестыцыя Еўрапейскага Саюза, ЗША і г. д. таксама і ў іх бяспеку, таму што мы змагаемся не толькі супраць Лукашэнкі, а супраць дыктатарскіх сістэм, якія імкнуцца навязаць нам і ўкраінцам.

Мы запыталі ў Святланы Ціханоўскай пра лёс яе мужа і шанцы на вызваленне яго з турмы, улічыўшы, што Лукашэнка стаў выпускаць палітвязняў.

— Калі выпусцілі 20 чалавек, за той жа прамежак часу пасадзілі ў турмы 600 чалавек. Гэта не змена палітыкі Лукашэнкі. Ён гуляе чалавечымі жыццямі як косткамі, маўляў, «вось я выпусціў 20. Вам дастаткова, каб вы павярнуліся да мяне? Не, не дастаткова? То я вам яшчэ 20 выпушчу». Гэта такая ягоная гульня. Я не хачу, каб нашыя дэмакратычныя партнёры павяліся на гэтую гульню, бо гэта мы бачылі ўжо шмат разоў. Чалавечыя жыцці для яго нічога не значаць.

Наконт майго мужа - ён ужо 2 гады ў рэжыме інкамуніката. Я не ведаю дзе ён, як ён, жывы ці не. Мае дзеці пытаюцца: «Мама, чаму тата нам больш не піша? Ці ён нас больш не любіць? Ці ён ужо нежывы?». Я не ведаю, што ім адказаць. Перш за ўсё хочацца пабачыць, што ён жывы і здаровы. Сяргей Ціханоўскі з-за сваёй смеласці - асабісты вораг Лукашэнкі. Я думаю, што калі мы вызвалімся ў Беларусі ад дыктатуры, тады мы зможам пабачыцца. Для Лукашэнкі выпусціць, ці паказаць Сяргея - гэта параза.

Што яшчэ можна зрабіць дзеля вызвалення Беларусі ад дыктатара Лукашэнкі? Намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка сказаў нашай рэдакцыі, што «патрэбна, каб беларускае грамадства было палітызавана».

— На сённяшні дзень, як сказала Святлана Ціхаоўская, важна захаваць сябе. Гэта перадумова. Але адначасова важна, каб была палітызацыя беларускага грамадства, бо апалітычнае грамадства ніколі не будзе змагацца за незалежнасць і свабоду. Па-другое, мы не можам уявіць сабе свабодны беларускі народ, калі не наступіць адказнасць, калі будзе стаяць на версе ўзурпатар, які здзейсніў злачынствы. Калі ён і ягоныя злачынствы не будуць разлічаны, значыць не будзе беларускі народ свабодным. Трэба змяніць рэжым у Беларусі.

Як патлумачыце тое, што паводле апошніх незалежных беларускіх апытанняў нават дэмакратычна настроеныя беларусы лічаць Лукашэнку гарантам бяспекі?

— Гэта і ёсць праблема, што з 2014 года Лукашэнку ўдаецца прадаваць наратыў, што ён гарант міру ў Беларусі. Гэта хлуслівы тэзіс, бо ён з'яўляецца ініцыятарам вайны супраць Украіны. Сёння адным з асноўных прыярытэтаў для нас з'яўляецца інфармацыйная праца ў Беларусі. Таму мы звяртаемся да партнёраў: купіце нам F-35, а калі не можаце купіць, тады дайце нам гэтыя 150 млн, дзеля таго, каб незалежныя СМІ, аналітыкі маглі даносіць праўду ў Беларусь. Вядома, што звонку, з унутры гэта немагчыма, але мы мусім уплываць на меркаванні людзей, бо мы можам страціць розумы людзей. Таму лепш адмоўцеся ад аднаго F-35 а дайце гэтыя сродкі незалежным СМІ і блогерам.

Святлана Ціханоўская на просьбу нашай Рэдакцыі таксама пракаментавала вынікі апошняга незалежнага беларускага сацапытання, якмя паказваюць, што ў Беларусі расце давер да Лукашэнкі.

— Перш за ўсё немагчыма правесці паўнавартасныя апытанні ў Беларусі. Вы можа не разумееце людзей, якія жывуць у пастаянным страху. Нават, калі гэтае апытанне праз тэлефоны, ці праз інтэрнэт. Ведаючы магчымасці КДБ у Беларусі, пасля гэтага апытання, калі ты адкажаш «няправільна», табе праз 5 хвілін пагрукаюцца, надзенуць мяшок на галаву і кінуць у турму. То бок, людзі баяцца адказаць шчыра, як яны думаюць.

Па-другое, што значыць «гарант стабільнасці»? У Лукашэнкі пастаянна быў вось гэты наратыў: «я - гарант бяспекі, бачыце - у нас няма вайны». Лукашэнка прывёў, прынёс вайну ў нашу краіну. Ён стаў суагрэсарам ва Украіне. Ён мілітарызаваў нашую эканоміку і зараз на тэрыторыі нашай краіны вырабляюцца ўсялякія ваенныя прылады для арміі Расіі, якая забівае ўкраінцаў. Над Беларуссю амаль кожную ноч лятаюць «шахеды». Людзі баяцца, яны ведаюць, што Лукашэнка ўцягнуў нашую краіну ў гэтую вайну і ён будзе ахвяраваць людзьмі і нашай незалежнасцю, каб толькі ўтрымацца ва ўладзе. Ён зараз прывозіць ядзерную зброю ў Беларусь. Ці гэта стабільнасць, ці гэта бяспека? Канешне - не!

Сенат Польшчы прызнаў Каарднацыйную раду як беларускі парламент у выгнанні, аб гэтым прыгадала на прэс-канферэнцыі ў Варшаве спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава.

— Не толькі нацыянальныя парламенты працуюць з намі, але і вялікія, высокія міжнародныя пляцоўкі такія як Парламенцкая асамблея Рады Еўропы. Колькі гадоў рэжым хацеў праціснуцца на гэтую пляцоўку, а заўтра (27.01.2025) упершыню ў гісторыі Дэлегацыя Каардынацыйнай рады Беларусі будзе прадстаўлена ў ПАРЭ.

26 студзедня ў дзень прэзідэнцкіх бязвыбараў у Беларусі ў Варшаве беларусы ў выгнанні выказалі свой супраціў лукашэнкаўскаму рэжыму на вуліцах у цэнтры Варшавы. У маршы прынялі ўдзел сотні чалавек, а ўзначалілі яго Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі.

Падрыхтавала Яланта Смялоўская