Беларуская Служба

Польская экспертка: Лукашэнка намаляваў вынік мінімальна меншы, чым у Пуціна

28.01.2025 13:06
На думку Анны Марыі Дынэр, гэта пэўныя гульні, якія вядуцца паміж аўтарытарнымі рэжымамі.
Аўдыё
  • Польская экспертка: Лукашэнка намаляў вынік мінімальна меншы, чым у Пуціна
У Польскім інстытуце міжнародных спраў адбылася дыскусія на тэму гэтак званых выбараў у БеларусіФота: Беларуская служба Польскага радыё

У Польскім інстытуце міжнародных спраў адбылася дыскусія на тэму гэтак званых выбараў у Беларусі. Яна была спалучаная з прэзентацыяй кнігі былога польскага дыпламата ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага “Еўрапейскі выбар Беларусі. Страчаны шанец?”

Усе ацэнкі, сфармуляваныя ў каментарах апазіцыі, ці ў каментарах еўрапейскіх устаноў, у тым ліку польскіх, слушныя, а менавіта што гэта не былі выбары ў класічным сэнсе. Гэта была імітацыя выбараў, пэўная фармальнасць, пэўнае зацвярджэнне асобы на чарговы тэрмін паўнамоцтваў, гаворыць Марцін Вайцяхоўскі, chargé d’affaires Польшчы ў Беларусі ў гадах 2020–2024.

- Без сапраўднай выбарчай кампаніі, без сапраўдных канкурэнтных кандыдатаў, без свабодных СМІ, без электаральнай канкурэнцыі, іншымі словамі, без усяго таго, што ў нас асацыюецца з выбарамі. Гэта спроба крыху закрыць этап апошніх пяці гадоў, калі пасля выбараў быў грамадскі выбух, дзе апазіцыя значна ўзмацнілася і спачатку ў краіне, а потым у эміграцыі спрабавала рэалізаваць свае пастулаты. Такім чынам, рэжым паказвае, што мы працягваем існаванне, мы кантралюем сітуацыю, мы здольныя правесці такую ​​аперацыю, каб фармальна застацца ва ўладзе, але не больш за тое.

Марцін Вайцяхоўскі кажа, што Лукашэнка напэўна будзе прадпрымаць спробы гандлю з Захадам. Вызваленне часткі палітвязняў, у тым ліку грамадзян ЗША, маюць нібыта паказаць, што Лукашэнка можа быць іншым.

- Аднак мне здаецца, што двойчы ў тую ж раку ўвайсці будзе складана. Гэта немагчыма ў жыцці і, думаю, што ў палітыцы будзе цяжка. Таму што пэўныя абяцанні, пэўныя гарантыі столькі разоў парушаліся і не выконваліся, што цяжка ўявіць, каб зноў зрабіць гэтую памылку. На жаль, многае ў сітуацыі ў Беларусі залежыць ад знешніх фактараў. То бок ад таго, чым скончыцца вайна ва Украіне, як будзе сябе паводзіць Расія, ці зможа Расія заключыць нейкую дамову з Захадам ці не. Таму мне здаецца, што Беларусь не зможа вырашаць гэта суб'ектыўна, гэта будзе залежаць ад многіх фактараў.

Канферэнцыя адбылася на наступны дзень пасля гэтак званых выбараў у Беларусі. Анна Марыя Дынэр з Polityka Insight прагназавала вынік Аляксандра Лукашэнкі на ўзроўні 82%. Улады паведамляюць пра 86,82%. Экспертка па пытаннях Усходняй Еўропы кажа, што гэта была цяжкая гульня лічбамі, паколькі гэтая лічба мінімальна меншая, чым Пуцін атрымаў у мінулым годзе. І гэтыя лічбы, і лічбы выбарчай яўкі – намаляваныя, гэта ўсім зразумела, кажа Анна Марыя Дынэр:

- Бо насамрэч трэба выразна падкрэсліць, што мы тут кажам пра нешта, што створана абсалютна штучна. І яўка была гэтак жа штучна створаная. Тэарэтычна яўка была вышэйшая, чым у 2020 годзе. Гэта, здавалася б, зусім дзіўна. На мой погляд, гэта зноў была спроба Лукашэнкі легітымізаваць сваю ўладу, але таксама ў дачыненні да Расіі.

У гэтай гульні ў Беларусі крыху большая яўка, чым у Расіі, і ўсё ж вынік крыху ніжэйшы. Яшчэ вельмі цікава, што тэарэтычна на гэтым датэрміновым галасаванні прагаласавала выключна вялікая колькасць людзей, бо больш за 44%. Звычайна гэта была траціна тых, хто меў права голасу. Але цяпер значна больш. І гэта, на мой погляд, пэўныя гульні, якія вядуцца паміж аўтарытарнымі рэжымамі. Аднак яны не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю. І з выбарчай рэчаіснасцю. Паколькі ЦВК так хутка паведаміла вынікі, гэта, верагодна, ужо было вельмі старанна запісана раней. Гэта па-першае. Другое, гэтыя выбары адбываліся ў абсалютна недэмакратычных умовах, калі няма свабодных СМІ, няма няўрадавых арганізацыяў, апазіцыі, якія знаходзяцца альбо ў турме, альбо ў эміграцыі. Няма рэальных супернікаў, няма сапраўднай, дэмакратычнай палітычнай барацьбы. І адсюль такі, а не іншы вынік.

Намеснік кіраўніка па транзіце ўлады АПК Арцём Брухан гаварыў на канферэнцыі, што падзеі ў нядзелю – гэта ніякія не выбары. Гэта была імітацыя, фальш, бязвыбары.

- Выбары – гэта не толькі дзень галасавання, гэта значна даўжэйшы палітычны працэс. Калі знішчаны грамадскія арганізацыя, СМІ, калі апанентаў няма, то пра якія выбары можна казаць. Вынік – гэта цалкам спланаваная гісторыя. Тэорыя, што ён намаляваў сабе крыху менш, чым Пуцін, выглядае цалкам лагічна. Але з рэчаіснасцю гэта не мае ніякага суаднясення. Грамадства не падтрымлівае Лукашэнку, але ён стварыў гэтую карцінку. Упершыню за шмат гадоў ён праводзіў вялікую піяркампанію з вялікай колькасцю канцэртаў, івентаў. Гэта сведчыць аб тым, што ён спрабаваў зрабіць для сябе не толькі падмурак сярод чынавенства і сілавікоў, але стварыць гэтую карцінку, каб атрымаць легітымізацыю на Захадзе, каб паўдзельнічаць у перамовах па Украіне.

 Канферэнцыя была спалучаная з прэзентацыяй кнігі Марціна Вайцяхоўскага “Еўрапейскі выбар Беларусі. Страчаны шанец?”. Але пра яе ў наступных перадачах.

ав

слухайце аўдыё

 

Марцін Вайцяхоўскі Марцін Вайцяхоўскі