Беларуская Служба

Добра падумайце, перш чым купіць прыладу, якая можа вас адсочваць і перадаваць звесткі кітайскім уладам

01.02.2025 07:00
Спецыялісты папярэджваюць, што кітайскі AI масава збірае дадзеныя карыстальнікаў – ад асабістай інфармацыі да тэхнічных характарыстык прылад.
aplikacja DeepSeek
aplikacja DeepSeek Andy Wong/Associated Press/East News

Forsal піша пра небяспеку, якую прадстаўляе кітайскі штучны інтэлект (DeepSeek). Ці гэта чарговы элемент кітайскай выведкі, які дазваляе масава збіраць дадзеныя жыхароў Захаду? Летась палова насельніцтва ЕС і ЗША набыла кітайскія прылады, што могуць сачыць за карыстальнікамі.

Амерыканская армія ўжо забараніла выкарыстанне гэтай тэхналогіі, а спецыялісты папярэджваюць, што кітайскі AI масава збірае дадзеныя карыстальнікаў – ад асабістай інфармацыі да тэхнічных характарыстык прылад. Уся гэтая інфармацыя захоўваецца на серверах у Кітаі і можа быць перададзена мясцовым уладам.

Эксперты папярэджваюць, што DeepSeek таксама прапануе змест паводле патрабаванняў кітайскага ўрада. Выпадак TikTok паказвае, што кітайскія алгарытмы могуць маніпуляваць кантэнтам у прапагандысцкіх мэтах. «Чым больш я карыстаюся DeepSeek, тым больш небяспек заўважаю», – піша Лукаш Галамбёўскі (Łukasz Gołąbiowski), падкрэсліваючы, што «той, хто кантралюе інфармацыйныя патокі, мае ўладу».

Большасць сучасных прылад абсталяваны рознымі датчыкамі, камунікатарамі і мікрачыпамі для апрацоўкі даных. «Разумныя» пральныя машыны, сушылкі і прас, пліта і духоўка, кухонны робат (які загружае рэцэпты), міксер і г.д. Усе гэтыя прылады могуць «размаўляць» паміж сабой, а таксама з сістэмай асвятлення дома (гаража), механізмам апускання ралет, прывадам варот і г.д. Цэнтрам кіравання становіцца наш смартфон, на які мы ўсталёўваем адпаведныя дадаткі.

Агулам у свеце было прададзена 1,24 млрд смартфонаў, прычым больш за 60% з іх – гэта кітайскія прылады. На гэтыя смартфоны мы загружаем дадаткі для кіравання прыладамі ў «разумным» доме. Усё больш еўрапейцаў, у тым ліку палякаў, выкарыстоўваюць кітайскія прылады з кітайскімі дадаткамі. Гэта таксама тычыцца прылад, якія могуць значна спрасціць працэс сачэння за карыстальнікам, такіх як бесправадныя камеры для маніторынгу дома і яго ваколіц, а таксама «разумныя» званкі. Толькі летась палякі набылі на кітайскіх AliExpress і Temu дзясяткі тысяч такіх званкоў.

Званок з відэакамерай каштуе толькі 8,27 злотых. Вы ўсталёўваеце такі званок на варотах, спалучаеце яго са сваім смартфонам праз кітайскае прыкладанне і атрымліваеце відэасувязь з тым, хто націснуў кнопку – у любы час сутак, у любым месце. Скажам, кур’ер прывёз вам пасылку, а вы на адпачынку ў Егіпце – вы можаце сказаць яму, што рабіць. Зручна. Адзіная праблема ў тым, што кітайскі дадатак працуе па такім жа прынцыпе, як апісаны вышэй DeepSeek. То бок, усе дадзеныя карыстальніка, а таксама інфармацыя пра падзеі захоўваюцца на серверах у Кітаі, і згодна з законам КНР, аператар абавязаны даваць да іх доступ па запыце кітайскіх уладаў і спецслужбаў.

Пра гэта мала хто задумваецца. Большасць людзей у захапленні ад таго, што яны атрымліваюць нешта з такімі магчымасцямі амаль бясплатна. Хаця насамрэч – цаной уласнага жыцця. Беручы пад увагу напружанасць у свеце, гэтую заяву трэба ўспрымаць сур'ёзна і літаральна.

нг