- Сапраўднае лідарства азначае павагу да партнёраў і саюзнікаў, у тым ліку меншых і слабейшых; і ніколі грубасць. Паважаныя сябры, задумайцеся над гэтым, - падкрэсліў у панядзелак прэм'ер-міністр Дональд Туск.
У нядзелю на партале X, які належыць мільярдэру і члену кабінета прэзідэнта ЗША Ілона Маска, адбыўся абмен думкамі паміж міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, дзяржсакратаром ЗША Маркам Рубіё і самім Маскам.
Абмен тычыўся пытання сістэмы Starlink, вырабленай кампаніяй Маска і якая выкарыстоўваецца для забеспячэння сувязі ўкраінскіх войскаў на вайне з Расіяй. У адным з пастоў Маск заявіў, што калі ён вырашыць адключыць Украіну ад Starlink, фронт абваліцца і Украіна прайграе вайну.
Польскі міністр у адказ на яго заяву падкрэсліў, што Starlink для ўкраінцаў аплачвае Польшча ў рамках двухбаковага гандлёвага пагаднення.
- Starlink для Украіны аплачвае Міністэрства лічбавых справаў Польшчы коштам каля 50 мільёнаў долараў у год. Пакідаючы ў баку этыку пагрозы ахвяры агрэсіі, калі SpaceX апынецца ненадзейным пастаўшчыком, мы будзем вымушаныя шукаць іншых пастаўшчыкоў, - — напісаў Сікорскі.
Гэтае паведамленне выклікала адказ дзяржсакратара ЗША. Ён абвінаваціў Сікорскага ў «выдумках».
- Ніхто не пагражаў адрэзаць Украіну ад Starlink. І скажыце дзякуй, без Starlink Украіна даўно прайграла б гэтую вайну, а расіяне цяпер былі б на мяжы з Польшчай, — дадаў Рубіё.
Неўзабаве пасля на допіс Сікорскага адрэагаваў і сам Маск.
- Маўчы, маленькі чалавек. Вы плаціце невялікую долю кошту. І Starlink нічым не заменіш, — напісаў ён.
Раніцай у панядзелак прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск апублікаваў уласны англамоўны запіс на X. «Сапраўднае лідарства азначае павагу да партнёраў і саюзнікаў, у тым ліку меншых і слабейшых; ніколі — грубасць. Дарагія сябры, падумайце над гэтым», — падкрэсліў кіраўнік польскага ўраду.
Нядзельны абмен пастамі паміж Сікорскім і членамі адміністрацыі ЗША шырока абмяркоўваецца на кожным баку палітычнай сцэны ў Польшчы.
Палітыкі апазіцыйнай «Права і справядлівасці» ў сацыяльных сетках абвінавацілі кіраўніка польскай дыпламатыі ў тым, што ён «пачынае твітэрскія аванцюры» з ключавымі саюзнікамі. У сваю чаргу палітыкі, звязаныя з кіруючай кааліцыяй, выказалі сваю падтрымку Радаславу Сікорскаму. Дональд Туск пісаў на X, што «Права і справядлівасць», нападаючы на міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага, які спакойна тлумачыць польскую пазіцыю палітыкам з іншай краіны, губляе рэшткі нацыянальнай годнасці.
Нармальная заява дзяржаўнага дзеяча, адказнага міністра замежных справаў – так Гжэгаж Наперальскі выказаўся пра пост Радаслава Сікорскага на партале Х. Палітык «Грамадзянскай кааліцыі» пракаментаваў абмен твітамі паміж Радаславам Сікорскім і Іланам Маскам, які пагражаў, што можа адключыць украінскае войска ад сістэмы сувязі Starlink.
- Нашым дзяржаўным інтарэсам з'яўляецца тое, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне. Гэта для нас самае важнае, каб адчуваць сябе ў бяспецы, а вайна ідзе за нашай усходняй мяжой. Таму, калі сістэма мільярдэра, сёння набліжанага да Трампа, не будзе для нас даступнай, ці нехта будзе нас ёй шантажаваць, то мы вымушаныя пашукаць іншае рашэнне. Таму гэта нармальнае выказванне дзяржаўнага дзеяча, міністра замежных спраў.
Гжэгаж Наперальскі ахарактарызаваў заяву Ілана Маска, у якой ён назваў Радаслава Сікорскага «маленькім чалавекам», скандальнай:
- Калі б нехта з мільярдэраў абразіў бы нашага прэзідэнта Анджэя Дуду, то я б быў на яго баку, бо гэта наш прэзідэнт, абраны полькамі і палякамі. Калі нехта нападае на міністра замежных спраў брутальна і падступна, то яго трэба бараніць. Тым больш, што Радаслаў Сікорскі не перайшоў ніякай мяжы. Гаварыў толькі пра факты, і пра тое, што мы павінны змагацца за свой нацыянальны інтарэс.
Апазіцыя інакш ацэньвае пост Радаслава Сікорскага. «Гэта ставіць Польшчу ў небяспеку», - так абмен думкамі паміж Радаславам Сікорскім і Іланам Маскам ацэньвае еўрадэпутат «Права і справядлівасці» Патрык Які. Палітык нагадаў у эфіры Польскага радыё, што цяпер Ілан Маск з'яўляецца адным з найбліжэйшых паплечнікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа:
- Тое, што робіць «Грамадзянская платформа», абражаючы рэгулярна Дональда Трампа і яго самых блізкіх супрацоўнікаў, якім з’яўляецца Ілан Маск, а Марка Рубіё адказвае за дыпламатыю, гэта значыць ставіць Польшчу ў вялікай небяспецы ў сітуацыі, калі невядома, як будуць развівацца падзеі на фронце.
Спасылаючыся на словы Ілана Маска, еўрадэпутатка ад левых Яанна Шэрынг-Вельгус, гаворыць, што стаўленне да людзей з пазіцыі лепшага, не толькі ў палітыцы, вартае асуджэння:
- Не можна паказываць, што ты лепшы, чым нехта іншы. У сваю чаргу палітыка адміністрацыі Трампа настолькі непрадказальная, што цяжка каментаваць іх словы, сказаныя а 12 гадзіне, бо а 15-й яны будуць гучаць цалкам інакш. Усё змяняецца як у калейдаскопе. Таму я лічу, што трэба быць рашучым, дыскутаваць па сутнасці, і не дазволіць уцягнуць сябе ў рыторыку, якую выкарыстоўваюць Маск ці Рубіё.
Ужо пазней Ілан Маск напісаў: «Як бы я ні быў нязгодны з палітыкай Украіны, Starlink ніколі не адключыць свае тэрміналы. Каб было ясна, я проста заявіў, што без Starlink лініі Украіны абваліліся б, таму што расіяне могуць заглушыць усе іншыя лініі сувязі! Мы ніколі не зробім нешта падобнае і не выкарыстаем гэта як разменную манету», — напісаў мільярдэр і дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Кампанія Маска SpaceX паставіла ва Украіну дзясяткі тысяч тэрміналаў, падлучаных да спадарожнікавай сеткі Starlink з пачатку расійскага ўварвання. Гэтыя прылады дазваляюць украінскім вайскоўцам падтрымліваць сувязь у складаных франтавых умовах.
ав