Пагадненне паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму плануецца падпісаць да 2 лютага 2020 года, перадае ''Еўрарадыё''. Якраз у гэты дзень павінныя набыць моц змены ў Візавы кодэкс ЕС і шэнгенская віза падаражэе да 80 еўра. Пасля падпісання пагаднення шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 еўра.
Пра перспектывы падпісання дакумента журналістам распавяла кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын. "Я не магу назваць канкрэтную дату, але фактычна ўсе дакументы ўжо падрыхтаваныя і абодва бакі праходзяць неабходныя прававыя юрыдычныя працэдуры", — прыводзіць БЕЛТА словы дыпламата.
Працай па ўзгадненні дакумента займаецца спецыяльная двухбаковая камісія. Мяркуецца, што яна завершыць сваю дзейнасць да лістапада 2019 года.
Віктарын адзначыла, што за апошнія гады ў адносінах з Беларуссю адчуваецца вялікі прагрэс. Напрыклад, амаль удвая павялічыўся аб'ём дапамогі з боку Еўрапейскага банка рэканструкцыі і і развіцця.
эж