Беларуская Служба

У Беларусі рыхтуюць новы закон аб турызме

03.08.2019 15:25
Праект новага закона «Аб турызме» з улікам прапаноў грамадзянаў будзе разглядацца пры канцы жніўня.
Ілюстрацыйны здымакImage by Gerhard Gellinger from Pixabay/CC0

Пра гэта паведаміў сёння дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Андрэй Молчан, перадае БЕЛТА. Грамадскае абмеркаванне праекту закона праходзіла з 12 па 28 ліпеня. «За гэты час мы атрымалі вялікую колькасць каментароў, заўваг, прапаноў.

Усё гэта сабралі і пачынаем працаваць, – расказаў Андрэй Молчан. Чыноўнікі збіраюцца дапрацаваць дакумент да канца жніўня, а потым унесці на разгляд у Савет Міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта.

Галоўнае новаўвядзенне законапраекта – у Беларусі можа зʼявіцца такі механізм абароны правоў турыстаў, як фінансавыя гарантыі. Размежаваная адказнасць тураператара і турагента, пашыраны функцыі туррэестра, стала больш строгай фармулёўка, якая датычыцца забароны праводзіць экскурсіі на тэрыторыі Беларусі без нацыянальнай атэстацыі.

У праекце закона вызначаны асноўныя прынцыпы, мэты і прыярытэтныя напрамкі дзяржаўнага рэгулявання сферы турызму, абазначаны адказныя службовыя асобы і органы.

Міністэрства спорту і турызму прапануецца надзяліць паўнамоцтвамі на зацвярджэнне класіфікацыі відаў турызму.

юл